Top.Mail.Ru

Работа, якой ты займаешся па закліку сэрца, абавязкова прынясе карысць

02.04.2026 | 13:21
На сваім месцы

У філіяле «Жодзішкі» Смаргонскага камбіната хлебапрадуктаў ветэрынарны ўрач Кацярына РОЙША працуе толькі два гады, але ўжо паспела зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку. На прадпрыемстве яе ведаюць як адказнага спецыяліста, які здольны эфектыўна выконваць вялікі аб’ём работы. Дзякуючы ёй узровень захворванняў сярод жывёл на ферме невысокі.

— Як вядома, хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць, таму вялікую ўвагу ў сваёй рабоце я ўдзяляю прафілактыцы, — расказвае Кацярына. — Своечасова робім прышчэпкі, аглядаем жывёл і, калі заўважаем пэўныя прыкметы хваробы, тут жа прымаем неабходныя меры. У адрозненне ад чалавека, жывёла не можа сказаць, што ў яе баліць, таму ад ветэрынарнага ўрача патрабуюцца асаблівыя пільнасць і ўвага.

Энцыклапедыя жыцця

Калі назіраеш за тым, як Кацярына паводзіць сябе з жывёламі, як аператыўна і прафесійна спраўляецца з абавязкамі, пераконваешся, што яна вельмі любіць сваю работу, якая прыносіць ёй вялікае задавальненне:

— Мая прафесія — гэта энцыклапедыя жыцця. Кожны дзень спасцігаю для сябе штосьці новае, паглыбляю свае веды і пастаянна ўпэўніваюся ў тым, што работа, якую ты зрабіў па закліку сэрца, абавязкова прынясе карысць.

Дарэчы, стаць ветэрынарным урачом было яе дзіцячай марай.

— Я заўсёды любіла жывёл, адносілася да іх з асаблівай увагай, — прызнаецца Кацярына. — Таму, скончыўшы сярэднюю школу № 14 горада Ліды, не раздумваючы падала дакументы на 

факультэт ветэрынарнай медыцыны Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. І ўжо ў студэнцкія гады зразумела, што зрабіла правільны выбар. Вялікую цікавасць у мяне выклікалі профільныя прадметы: анатомія, гісталогія, фізіялогія, фармакалогія, клінічная дыягностыка і іншыя. З вялікім задавальненнем наведвала практычныя заняткі. Напэўна, на ўсё жыццё запомніла першыя аперацыі, у якіх удзельнічала ў якасці асістэнта.

Па волі лёсу

Гераіня ў свой час праходзіла шмат практычных заняткаў будучага ветэрынарнага ўрача на базе філіяла «Жодзішкі» Смаргонскага камбіната хлебапрадуктаў. 

І па шчаслівай волі лёсу менавіта сюды Кацярына прыехала працаваць па размеркаванні пасля заканчэння ўніверсітэта.

— Першы працоўны дзень, вядома, вельмі запомніўся, — расказвае яна. — На работу я прыйшла з вялікім задавальненнем, бо вельмі хацелася прымяніць на практыцы набытыя тэарэтычныя веды. 

З першых дзён адчула падтрымку сваіх вопытных калег, якія ахвотна давалі парады, дзяліліся напрацоўкамі. За справамі час заўсёды пралятаў вельмі хутка, і ніякіх цяжкасцяў я не заўважала.

Любімцы Кнопа і Банцік

У полі зроку маладога ветэрынарнага ўрача знаходзіцца каля трох тысяч галоў жывёлы — ад нованароджаных цялят да кароў, якія даюць малако.

— У вас шмат падапечных. Але ж, напэўна, ёсць і любімцы, якія, здаецца, больш сімпатычныя, не падобныя на іншых?

— Так, любімцы ў мяне ёсць. Гэта цяляты Кнопа і Банцік, — усміхаецца Кацярына. — Безумоўна, я ўсіх вельмі люблю, але гэтых цялят прыкмячаю адразу.

— У практыцы ветэрынарнага ўрача здараецца рознае. Ці прыходзілася аказваць экстранную дапамогу?

— Бываюць розныя выпадкі. Самае галоўнае ў складанай сітуацыі — не разгубіцца, хутка прыняць правільнае 

рашэнне і аказаць патрэбную дапамогу. Неяк у аднаго з цялят здарыўся адкрыты пералом. Выйсце адно — ампутацыя часткі задняй нагі. Аперацыю трэба праводзіць тэрмінова. Вядома, для мяне гэта было вельмі хвалююча, але ўсе патрэбныя маніпуляцыі атрымалася зрабіць хутка. Нагу цяляці ўдалося выратаваць. Пасля правядзення аперацыі для хворай жывёлы былі забяспечаны належныя санітарныя ўмовы, і цяля хутка пайшло па папраўку. Цяпер адчувае сябе добра, здольнае рухацца самастойна. Гэта аперацыя, напэўна, і стала галоўным экзаменам у пачатку майго працоўнага шляху.

— Даводзілася неаднойчы чуць, што, калі гучыць класічная музыка, каровы даюць больш малака. Ці праўда гэта?

— Класічную музыку мы не выкарыстоўваем, але я дакладна ведаю, што музыка станоўча ўздзейнічае на настрой жывёл.

І хоць Кацярына шмат увагі ўдзяляе любімай рабоце, вольны час таксама праводзіць з карысцю: наведвае басейн, займаецца спортам. Дзяўчына ганарыцца тым, што мінулым летам атрымала вадзіцельскія правы і кіруе матацыклам.

З цікавасцю сачу, як малады ветэрынар падыходзіць да цялят, аглядае іх і па чарзе гладзіць кожнага па галаве.

— Жывёлы, як і дзеці, тонка адчуваюць унутраны настрой чалавека, яго ўвагу, пяшчоту і душэўную цеплыню. 

А вылечыць іх можна толькі тады, калі па-сапраўднаму любіш, дорыш ім клопат і ласку, — упэўнена Кацярына Ройша. І яна добра ведае, аб чым гаворыць.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота Кацярыны САРОКА (раённая газета «Светлы шлях»)


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю