Top.Mail.Ru
0

Мама пяцярых дзяцей — аб правілах і нечаканасцях вялікай сям'і

Жыццё пад гукі дзіцячага смеху

Утульныя Смалявічы, якія сталі роднымі, пяцёра радасных галасоў у кватэры і маміна сэрца, поўнае спакою... Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з Аленай Якаўлевай — жанчынай, якая ніколі не марыла быць шматдзетнай, але сёння ўпэўнена трымае ў руках самае вялікае шчасце.

Шлях да свайго ачага

— Гледзячы на вас, разумею, што паспелі стаць шматдзетнай маці ў яшчэ даволі маладым узросце, — пачынаю размову з нашай гераіняй.

— У канцы красавіка будзе 38, — усміхаецца суразмоўніца.

Гэтае інтэрв’ю — прыклад таго, як жыццё піша сцэнарыі, якія не сніліся і ў самых смелых марах. Алена Валянцінаўна — мама пяцярых дзяцей. Але пачалося ўсё зусім не так.

— Ніколі не думала, што буду шматдзетнай. Дзве дачкі — і хопіць, тым больш розніца паміж імі вялікая. А потым — рэзкія перамены ў жыцці, развод. А пасля сустрэча з добрым чалавекам. І вось я ўжо разважаю: хацела б яшчэ адно дзіця... І заўсёды марыла пра сына, — расказвае гераіня.

Пасля трох дзяўчынак нарадзіўся Канстанцін. А потым лёс падрыхтаваў яшчэ адзін сюрпрыз — другога хлопчыка, Арсенія. Так сям’я Якаўлевых стала шматдзетнай, нават не паспеўшы гэтага заўважыць.

— Цяжка быць мамай пяцярых?

— І складана, і лёгка адначасова. Калі ў цябе першынец, перажываеш за кожны крок. А цяпер усё на аўтамаце. Дзеці маюць сваю прастору, вучацца на сваіх памылках. Панічнага страху няма, ёсць разумны кантроль, — тлумачыць Алена.

Старэйшая дачка, Караліна (ёй нядаўна споўнілася 20), ужо жыве асобна, атрымала адукацыю. Маргарыце — 13, Вікторыі — 6, Канстанціну — 4, самаму маленькаму Арсенію — 2 гадкі.

Чатыры гады таму сям’я жыла ў Мінску. Атрымалі прапанову на будаўніцтва як шматдзетныя.

— Спачатку хацелі Мінск, ужо амаль дамовіліся, а потым пачулі пра забудову ў Смалявічах. За месяц усё перайгралі! Горада мы не бачылі, кватэры таксама. І вось 1 верасня, у дзень нараджэння Вікторыі, нам паведамілі: ключы гатовыя. Мы прыехалі — і былі зачараваныя, — згадвае жанчына.

Трохпакаёвая кватэра абышлася значна танней, чым у сталіцы. Дапамаглі мацярынскі капітал і льготная субсідыя. Сёння Якаўлевы не шкадуюць: закрытыя двары, дзіцячы парк, возера побач. Цішыня і спакой, якіх так не хапала ў вялікім горадзе.

«Мы чуем адно аднаго»

Гісторыя знаёмства з мужам Віталем таксама незвычайная. Алена родам з Клічаўскага раёна з вёскі Нясята, пасля разводу жыла і працавала там. У Мінск трапіла дзякуючы каханаму.

— Мы выпадкова сустрэліся ў інтэрнэце, адначасова разглядалі фотаздымкі адно аднаго. Потым сталі сустракацца. Я гаварыла: «Толькі для душы, без адносін». Але лёс вырашыў інакш, — усміхаецца яна.

Віталь аказаўся мінчанінам, таксама выхоўваў сына. Дзеці прынялі новага тату без праблем. У 2019 годзе пара распісалася, а праз год абвянчалася. Нарадзілася Віка, пасля — яшчэ двое хлопчыкаў.

Для Алены, якая перажыла развод, цяперашні муж стаў сапраўднай апорай.

— Ёсць з чым параўнаць. Дапамога і падтрымка другой палоўкі каласальныя. Нават калі малыя капрызілі, ведала, што ён устане сярод ночы, будзе люляць. І як бацька, і як муж ідэальна падышоў.

Яны дамовіліся на пачатку адносін: не маўчаць, усё абгаворваць, не чакаць падвоху. Аднойчы нават сабралі «круглы стол» з дзецьмі — абмеркавалі правілы. Больш такая неабходнасць не ўзнікала.

— Мы не слухаем сябе — мы чуем адно аднаго. І гэта бясцэнна.

У сям’і Якаўлевых муж — не толькі здабытчык (працуе кіроўцам аўтобуса па маршруце Смалявічы — Мінск), але і галоўны кулінар.

— Піцу выдатна гатуе Віталь. Хоць ён кажа, што не ўмее, але дзеці любяць менавіта татаву. Яшчэ мяса з ананасамі, рыбу на мангале. Ён усім гэтым займаецца сам, без майго ўдзелу, — дзеліцца жонка.

Таксама Віталь — добры выхавальнік. Напрыклад, калі ідуць у краму, тлумачыць, як сябе трэба там паводзіць. Калі дзеці пачынаюць хапаць усё без разбору, менавіта ён спакойна тлумачыць правіла: спадабалася нешта — скажы, выберы адно, самае патрэбнае. Але мама Алена дадае:

— Потым, пакуль малыя не бачаць, мы ўсё роўна купляем тое, што яны хацелі (усміхаецца).

Выхадныя ў Якаўлевых падпарадкоўваюцца графіку таты. Вольны час — радасць для ўсёй сям’і.

— Калі ёсць дзень — едзем да бабуль у Магілёўскую вобласць. Мінскія бабулі прыязджаюць часцей — у іх графік лягчэйшы.

— Тры гады запар нашы бацькі ездзяць па розных гарадах і кажуць: нам за мяжу не трэба, у нас вельмі прыгожа. І мы таксама падтрымліваем іх у гэтым. Летам плануем паехаць па роднай краіне.

Каб дзеці выраслі добрымі людзьмі

Ордэн Маці Алена атрымала нядаўна, і гэты момант згадвае часта:

— Калі назвалі маё імя, я ўжо нічога не чула, так перажывала. А пасля проста сядзела і ганарылася. Ганарылася жанчынамі, якія былі побач са мной.

Многія ўпэўнены: шматдзетная сям’я — гэта амаль сінонім сацыяльнай небяспекі. Але гісторыя Алены Якаўлевай разбурае гэты стэрэатып, хоць і не адмаўляе, што такое бывае. Алена прызнаецца: успрыманне шматдзетных сем’яў у грамадстве рознае.

— Хтосьці зайздросціць, хтосьці коса глядзіць. Але мы робім каласальную працу, каб дзеці выраслі добрымі людзьмі. Прагаворваем з імі кожны дзень: што добра, што дрэнна, якія наступствы. Гэта не аднаразовая акцыя — гэта жыццё.

Алена адзначае: падтрымка дзяржавы адчувальная — бясплатнае харчаванне ў школе і садку, ільготы. Двое дзяцей ходзяць у садок побач з домам. Школа будуецца ў двары — пераходзіць дарогу не трэба. Да цэнтра Смалявіч — 20 хвілін пешшу. Маршрутка да Мінска ходзіць кожныя 10 хвілін.

Сапраўдны скарб — гэта час, які можна праводзіць з дзецьмі.

— Калі ты працуеш па няўстойлівым графіку, не бачыш, як яны растуць. А цяпер я ў дэкрэце — добра, што ў нас ён тры гады, а не некалькі месяцаў, як у некаторых краінах. Назіраю, як мяняюцца дзеці кожны дзень, гэта бясцэнна, — прызнаецца мама.

У доме Якаўлевых заўсёды шумна, весела і па-сапраўднаму жыццёва. А сям’я ўжо падумвае аб набыцці лецішча — мараць пра свой куточак на прыродзе. І, хто ведае, можа, гэта будзе яшчэ адна шчаслівая гісторыя.

Надзея ЗУЕВА

Фота з сямейнага архіва Якаўлевых

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю