Top.Mail.Ru

Падрабязнасці кадравага дня ў Палацы Незалежнасці

09.04.2026 | 14:55

«Час няпросты. Трэба дзейнічаць»



9 красавіка Прэзідэнт прыняў шэраг важных кадравых рашэнняў. Змяненні адбыліся ў кіраўніцтве ўрада: у Прэм’ер-міністра — новы намеснік, які будзе курыраваць пытанні будаўніцтва, транспарту і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Прызначаны новыя міністры — інфармацыі і культуры. Кадравыя прызначэнні адбыліся ў дыпламатычным корпусе. Новыя кіраўнікі — у ЗАТ «Атлант» і РУП «Беларускае тэлеграфнае агенцтва». Кадравыя рашэнні таксама датычацца мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады: Прэзідэнтам узгоднены прызначэнні двух намеснікаў старшыні Віцебскага аблвыканкама і старшыняў чатырох райвыканкамаў.  

Кожнаму з прызначаных Прэзідэнт даў наказ, які дапаможа павысіць эфектыўнасць работы на новым месцы. Па традыцыі, пасылы, агучаныя кіраўніком дзяржавы ў адрас канкрэтных службовых асоб, датычацца ўсёй вертыкалі ўлады краіны. 

«Трэба гэту практыку знізу ўзнімаць наверх і дзейнічаць» 

Аляксандр Церахаў прызначаны намеснікам Прэм’ер-міністра. У зоне адказнасці віцэ-прэм’ера — пытанні будаўніцтва, транспарту і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Дагэтуль Аляксандр Церахаў з’яўляўся генеральным дырэктарам дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Мінскбуд». Яшчэ раней ён узначальваў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. 


«Што датычыцца будоўлі, я думаю, праблем у цябе тут няма, — звяртаючыся да новага віцэ-прэм’ера, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Ты ўжо асвоіў гэта як след. Жыллёва-камунальную гаспадарку таксама ведаеш. А там усё сканцэнтравана, пачынаючы ад скарг нашых людзей і заканчваючы тым жа будаўніцтвам. Можа быць, не ў такіх аб’ёмах, з нуля, больш капітальным рамонтам давядзецца займацца і іншым. Лічыць грошы, я ўпэўнены, таксама навучыўся, паколькі нельга працаваць кіраўніком і не ўмець лічыць грошы. Значыць, эканомікай займаўся». 

Па словах Прэзідэнта, на пасаду віцэ-прэм’ера быў шэраг прапаноў. «Я пагадзіўся на тваю кандыдатуру, таму што ты практычна многае паспрабаваў і ўвогуле нядрэннае прадпрыемства», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. 

Беларускі лідар паставіў задачу больш увагі ўдзяліць дарожнаму будаўніцтву. «У нас сёння і нафта таннейшая крышку, чым у іншых, — заўважыў Прэзідэнт. — Усплёск гэты быў у сувязі з дурасцю на Блізкім Усходзе, але, я думаю, стабілізуемся. Прытым мы ж яшчэ з Расіяй гандлюем нафтай са зніжкай пэўнай, а дарогі — гэта бітум перш за ўсё. Усё астатняе дабро ў нас ёсць. Бітум — гэта нафта. І калі нафта таннейшая, трэба выкарыстоўваць гэты момант і паправіць нашы дарогі». 

Праграма, як канстатаваў кіраўнік дзяржавы, вызначана. «Трэба ад аграгарадка да раённага цэнтра мець моцную, устойлівую дарогу, — нагадаў пра ранейшыя даручэнні беларускі лідар. — І пажадана ў жалезабетоне. Дзе толькі магчыма, патрэбны бетонныя дарогі». 

Дзе немагчыма пабудаваць дарогу з бетонным пакрыццём, па словах кіраўніка дзяржавы, варта скарыстацца момантам. «Вось гэтыя год, можа, паўтара, калі ў нас цэны будуць ніжэйшыя, чым на сусветных рынках па нафце, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Значыць, трэба выкарыстоўваць і бітум для будаўніцтва гэтых дарог».  

Прэзідэнт падкрэсліў, што дарожнае пытанне з’яўляецца вельмі важным для Беларусі. «Мы — транзітная краіна, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — І амаль у кожнага па адным, а то па два аўтамабілі ў сям’і. Ды і не толькі асабісты транспарт. Адным словам, усе на колах». 

Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на пытанні будаўніцтва жылля. «Шмат будзем будаваць жылля, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Калі мы скарачаемся ў Мінску, гэта не значыць, што мы не будзем у спадарожніках (гарадах-спадарожніках. — „Зв.“) будаваць жыллё, асабліва арэнднае жыллё, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы прамысловасцю, ды і ўсюды». 

Па словах Прэзідэнта, ён асабіста назіраў за некаторымі будаўнічымі аб’ектамі, за якія адказваў Аляксандр Церахаў, працуючы на пасадзе гендырэктара «Мінскбуд». «Усё ты ўмееш рабіць, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Таму трэба гэту практыку знізу ўзнімаць наверх і дзейнічаць».  

«Ідзе вайна. Пакуль на ідэалагічным фронце» 

Міністрам інфармацыі прызначаны Дзмітрый Жук, які дагэтуль займаў пасаду дырэктара — галоўнага рэдактара Установы Адміністрацыі Прэзідэнта «Выдавецкі дом «Беларусь сегодня». Папярэдні міністр інфармацыі Марат Маркаў цяпер будзе ўзначальваць Міністэрства культуры.  


«Што датычыцца нашага ідэалагічнага складніка, ідзе вайна, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Пакуль на ідэалагічным фронце. Можа быць, і дзякуй богу. Будзем пакуль ваяваць». Прэзідэнт звярнуў увагу на нядобрасумленныя адносіны да беларускіх СМІ, прывёўшы ў прыклад выдаленне акаўнтаў вядучых сродкаў масавай інфармацыі краіны з платформы YouTube. «Вы людзі вопытныя і часта пра гэта самі гаворыце і не толькі, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Вядомыя нашы перадачы ў Эйсманта (тэлепраграма „Клуб рэдактараў“, вядучым якой з’яўляецца кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. — „Зв.“), я назіраю за развагамі вашымі. Вы гэта добра ведаеце — ідзе вайна. І павінен сказаць, гэта тэма Адміністрацыі Прэзідэнта, у нас не ўсё добра тут». 

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў кіно, якое з’яўляецца найважнейшым з мастацтваў. «Не я гэта сказаў, але абсалютна падтрымліваю, — удакладніў ён. — Тое, што мы закінулі кіно, гэта нікуды не варта». 

Прэзідэнт заўважыў, што быў здзіўлены, калі яму далажылі аб тым, што Марат Маркаў просіць, каб яго прызначылі міністрам культуры. «Я крыху здзівіўся, але прывітаў гэта, — удакладніў беларускі лідар. — Дай бог, каб уздым кіравання культурай у нас пачаўся з цябе. Я буду толькі рады. Чалавек, які вырас на маіх вачах».  

«Дзмітрый Аляксандравіч, ну што мне табе раіць? — звярнуўся Прэзідэнт да новага міністра інфармацыі Дзмітрыя Жука. — Ты ўжо гатовы чалавек, ідэалагічна дасведчаны, які разумее, што трэба рабіць. Таму я абсалютна не супраць, што вы паспрабуеце сябе на гэтай пасадзе. Хоць я з вялікім шкадаваннем успрымаю, калі практык такога кшталту, як вы, ідзе на кіраўнічую працу. З вялікім шкадаваннем, бо прападзе, думаю, чалавек». 

«Я ж не на іншую планету», — сказаў Дзмітрый Жук. 

«Ведаю, што ты не прападзеш», — перакананы Аляксандр Лукашэнка. 


Звяртаючыся да міністраў культуры і інфармацыі, Прэзідэнт заўважыў, што і Марат Маркаў, і Дзмітрый Жук — людзі вопытныя. «Ужо паспрабавалі многае, — удакладніў ён. — А Марат з аднаго крэсла міністэрскага на больш сур’ёзнае і адказнае, скажам так, перасаджваецца. Адказнае і сур’ёзнае, бо ў нас не атрымлівалася ў папярэдніх міністраў эфектыўна працаваць. Ёсць такое перакананне, што ты, Марат, з гэтым справішся. Ды і іншага выбару ў нас няма, мужыкі». 

«У нас цудоўныя адносіны з кіраўніцтвам Манголіі» 

Міхаіл Орда прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Манголіі. Дагэтуль ён з’яўляўся членам Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў.  


«Для мяне было дзіўна, што ты пагадзіўся туды паехаць, — звяртаючыся да прызначанага пасла, адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але мне сказалі, што ты ледзь не мангол: добра ведаеш Манголію і гатовы працаваць, даваць вынік. У нас цудоўныя адносіны з кіраўніцтвам Манголіі. Прэзідэнт — зямны, добры, талковы. Але з Манголіяй трэба пачынаць працаваць. Менавіта працаваць. Усё, што мы там можам. Таму я абсалютна не супраць».  

«У Расіі прадукцыя „Атланта“ карыстаецца і будзе карыстацца добрым попытам» 

Андрэй Дзікун узгоднены на пасаду генеральнага дырэктара ЗАТ «Атлант» — дырэктара Мінскага завода халадзільнікаў. Да гэтай пасады ён узначальваў ААТ «Мінскі завод «Тэрмапаст». 

«Андрэй Васільевіч, вы ўяўляеце, куды вы ідзяце?» — удакладніў у прызначэнца Аляксандр Лукашэнка. 

«Уяўляю. Прадукт ёсць, рынак ёсць. Буду працаваць», — запэўніў Андрэй Дзікун. 


Як праінфармаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, працэс, звязаны з аднаўленнем магутнасцяў прадпрыемства на знешніх рынках, ідзе. «Зрухі пэўныя ёсць, раскручваем уласны гандлёвы дом, — удакладніў ён, дадаўшы, што перспектывы дзейнасці „Атланта“ выбудоўваюцца з улікам унутранай работы з сабекоштам і цаной. — На што і будзе ў асноўным нацэлены Андрэй Васільевіч з яго вопытам на „Тэрмапласце“. Спадзяёмся, сітуацыю да канца года выправім». 

Дзмітрый Крутой адзначыў, што па рашэнні Прэзідэнта, старшынёй назіральнага савета на прадпрыемстве вызначаны профільны віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч, які асабіста кантралюе ўсе гэтыя пытанні і працэсы. Па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, дапамога прадпрыемству будзе аказана і на ўзроўні горада Мінска. «У першую чаргу гэта датычыцца недзе падатковых прэферэнцый, падтрымкі інвестпраектаў, якія сфарміраваны і рэалізуюцца», — канкрэтызаваў ён.  

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ЗАТ «Атлант» заўсёды ў полі зроку Прэзідэнта, бо знаходзіцца прадпрыемства насупраць Палаца Незалежнасці, дзе працуе кіраўнік дзяржавы. «Я, калі выязджаю або пад’язджаю сюды, увесь час гляджу на „Атлант“ і думаю, як увогуле яны там, — падзяліўся беларускі лідар. — Тое, што пратэрміновак не дапусцілі, гэта ўжо добра». 

Па словах Прэзідэнта, рынак для прадукцыі «Атланта» сапраўды ёсць, але, як ужо не раз гаварыў кіраўнік дзяржавы, трэба добра займацца продажам. «Выйдучы за плот, вы прадукцыю не прадасце, — патлумачыў ён. — Трэба працаваць на рынках. У Расіі прадукцыя „Атланта“ карыстаецца і будзе карыстацца добрым попытам. Наогул расіяне да нашай прадукцыі добра ставяцца. Нават калі даражэй, яны купляюць. Яны ведаюць, што гэта як сваё».  

Гаворачы аб высокай канкурэнцыі на расійскім рынку, у прыватнасці, з боку вытворцаў аналагічнай прадукцыі з Кітая, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на спробу захопу рынку і цэнавы дэмпінг. «Будуць дэмпінгаваць на гэтым этапе, — адзначыў Прэзідэнт. — А потым цэны ўзляцяць неймаверна, калі манапалістамі застануцца. Класіка».  

Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба зніжаць сабекошт прадукцыі «Атланта». «Буйное прадпрыемства, і ўвесь час „на воку“ ў Прэзідэнта», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да новага кіраўніка «Атланта». — Таму, з аднаго боку, я ўдзячны, што ты рызыкнуў пайсці на гэтае прадпрыемства і стабілізаваць яго. А з другога, павінен разумець, што за гэта спытаем вельмі сур’ёзна». 

Разам з тым беларускі лідар паабяцаў прадпрыемству падтрымку. У той жа час скіраваў у доўгатэрміновай перспектыве разлічваць найперш на ўласныя сілы. «Разлічваць на тое, што сабекошт, затраты вы паправіце за кошт нейкіх падатковых ільгот гарвыканкама, — ну, можа, на першым этапе, — выказаў меркаванне Прэзідэнт. — А далей давядзецца, наадварот, гарвыканкаму дапамагаць з бюджэтам, каб мы маглі і ўрачам, і настаўнікам, і пенсіі годныя людзям плаціць. Гэта вельмі важна для нас».  


У рабочым парадку Прэзідэнт прызначыў Андрэя Мохара генеральным дырэктарам РУП «Беларускае тэлеграфнае агенцтва». Дагэтуль ён з’яўляўся дырэктарам дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал».

«Пакуль малады, трэба прайсці тое, што трэба»  

Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне двух намеснікаў старшыні Віцебскага аблвыканкама. Пытанні будаўніцтва, транспарту і ЖКГ у Віцебскім аблвыканкаме будуць знаходзіцца ў зоне адказнасці Пятра Белуся (дагэтуль старшыні Глыбоцкага райвыканкама). Пытанні сацыяльнай сферы, кадравай, ідэалагічнай работы, маладзёжнай палітыкі будзе курыраваць Аляксей Гуйда, які дагэтуль з’яўляўся начальнікам галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта. 


Звяртаючыся да апошняга, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што здзівіўся, што той едзе працаваць у Віцебск з Мінска. 

«Гэта маё асабістае жаданне, — падкрэсліў Аляксей Гуйда. — Працуючы ў Адміністрацыі (Прэзідэнта. — «Зв.») ужо 17 гадоў, пяць гадоў на пасадзе начальніка галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі, лічу гэта неабходным. У мяне недастаткова вопыту, трэба пахадзіць «па зямлі».  

«Правільна ты разважаеш, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Пакуль малады, трэба прайсці тое, што трэба. Я назіраю за Прэм’ер-міністрам. Я Турчына не першы год бачу і ведаю. Ён губернатарам быў, вярнуўся — іншы чалавек. Ён разумее людзей. Яму не трэба расказваць, пераконваць у чымсьці».  

«Вось узоры — капіруйце і дзейнічайце» 

Новыя кіраўнікі — і ў чатырох раёнах. Алена Бабінская ўзгоднена на пасаду старшыні Браслаўскага райвыканкама, Максім Бакураў — старшыні Глыбоцкага райвыканкама, Леанід Мойжык — старшыні Аршанскага райвыканкама, Аляксандр Часнойць — старшыні Воранаўскага райвыканкама. 

Новы старшыня Глыбоцкага райвыканкама Максім Бакураў да нядаўняга часу ўзначальваў Аршанскі мясакансервавы камбінат. Рашэнне аб тым, што ён будзе кіраваць гэтым прадпрыемствам, было прынята падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі на камбінат у чэрвені 2021 года.  

Натуральна, што Прэзідэнт пацікавіўся цяперашнім станам спраў на Аршанскім мясакамбінаце. Максім Бакураў праінфармаваў, што пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю новыя цэхі, старыя будынкі і памяшканні рэканструяваны, непатрэбныя памяшканні знесены. Ёсць планы па рэарганізацыі прадпрыемства: плануецца, што Аршанскі мясакансервавы камбінат будзе далучаны да агракамбіната «Дзяржынскі». 


Па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, вопыт работы Максіма Бакурава дырэктарам прадпрыемства спатрэбіцца на яго новай пасадзе — старшыні Глыбоцкага райвыканкама. У раёне працуе буйное прадпрыемства, якое патрабуе прадуманых кіраўніцкіх рашэнняў, што дазволяць павысіць эфектыўнасць яго дзейнасці. 

«Ты ведаеш раён, цудоўна ўсведамляеш, што трэба рабіць, — звяртаючыся да новага кіраўніка Глыбоцкага раёна, сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Там, у Глыбокім, — куча праблем, пытанняў. Я восенню павінен у Глыбокім пабываць. І паглядзім, што да восені будзе зроблена».  

Перш чым узгадніць на пасаду новага старшыню Аршанскага райвыканкама, Прэзідэнт пацікавіўся, чым будзе займацца папярэдні кіраўнік раёна Ігар Мароз.

«Ён без работы не застанецца, — запэўніў Дзмітрый Крутой. — Раён Аршанскі — прамысловы раён. І 60 % эканомікі — гэта прамысловыя прадпрыемствы. У раён укладзена 3 мільярды рублёў па адпаведнай праграме. Цяперашняя дынаміка прамысловых прадпрыемстваў не зусім тая, якая закладзена ў бізнес-планах і якая павінна быць. Таму прынята рашэнне ўзмацніць кіраўніцтва раёнам чалавекам, які даказаў сваю эфектыўнасць на прамысловым прадпрыемстве». 

У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не варта страчваць людзей, якія могуць працаваць. «Таму трэба ва ўрадзе гэта сур’ёзна разгледзець, каб не пакрыўдзіць чалавека, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — Тое, што прадпрыемствы прамысловыя там не вельмі працуюць, — гэта пытанні і да ўрада, і да міністэрства, і да аблвыканкама. Таму трэба прынцыпова разабрацца і паглядзець: можа чалавек працаваць або не». 


Беларускі лідар акцэнтаваў увагу на тым, што Орша — гэта такі вузел, дзе сканцэнтравана ўсё: і прамысловасць, і чыгунка, і сельская гаспадарка. «Калі ён разумны чалавек, страціць яго ні ў якім разе нельга, — маючы на ўвазе папярэдняга кіраўніка раёна, удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Каб не было ніякай чахарды, трэба вельмі глыбока вывучаць гэтыя пытанні». 

Звяртаючыся да новага старшыні Аршанскага райвыканкама Леаніда Мойжыка, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што яму давядзецца адказваць за ўсе сферы. «Аршанскі раён — гэта вядучы, можна сказаць, раён з Віцебскім раёнам у Віцебскай вобласці, — канстатаваў беларускі лідар. — І ўвага будзе яшчэ большай». 

Дзмітрый Крутой удакладніў, што, па ўказанні Прэзідэнта, Аршанскі раён даручана зрабіць узорным у краіне і па земляробстве, і па жывёлагадоўлі. 

Новаму кіраўніку Аршаншчыны Аляксандр Лукашэнка парэкамендаваў параіцца з больш вопытнымі людзьмі і пачынаць з узворвання зямель. «А то мы цяпер (гэта таксама ўсіх датычыцца, хто будзе працаваць з зямлёй, асабліва ў Віцебскай вобласці) энерганасычаную тэхніку далі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Трактар наймагутнейшы, 350 коней там. Яны зачапілі 9 гэтых карпусоў, 12 быццам не цягне. І зрабілі „акопы“, перавярнулі ўсё. А якая наступная працэдура агратэхнічная? Грэйдар трэба пасылаць, каб выраўняць поле. Перад сяўбой яно павінна быць як стол. А там — жах. Таму трэба пачынаць з гэтага». 

Неэфектыўнае выкарыстанне энерганасычанай тэхнікі, па словах Прэзідэнта, уплывае на расход паліва, а адпаведна, расце сабекошт канчатковай прадукцыі.  

«Я ўдзяляю больш увагі Шклоўскаму раёну, бо я ведаю там кожны метр, — патлумачыў беларускі лідар. — Я ведаю і Аршанскі раён нядрэнна. Адзін раён і другі — яны розныя. Дзесьці сельскагаспадарчы, як Шклоўскі раён. Дзесьці, як Аршанскі раён, прамысловы». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, на прыкладзе Аршанскага раёна трэба паказаць, як неабходна працаваць. «Вось узоры — капіруйце і дзейнічайце, — падкрэсліў ён. — У гэтым прычына ўся. Асаблівых умоў мы і не ствараем. Таму трэба разумець, што да Аршанскага раёна будзе прыкавана ўся ўвага, у тым ліку і мая». 

Парэкамендаваў Прэзідэнт паглядзець і на кадры. «Хто можа — няхай працуе, хто не можа, то няхай сыходзіць», — лічыць беларускі лідар. 

«Па-кніжнаму рабіць нічога нельга» 

Звяртаючыся да новага старшыні Воранаўскага раёна Аляксандра Часнойця, які дагэтуль займаў пасаду намесніка старшыні — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лідскага райвыканкама, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці не атрымаецца, што такі вялікі горад як Ліда будзе аголены ў кадравым пытанні.  

«Мы не агалім кадры, — запэўніў Аляксандр Часнойць. — Менавіта на маю пасаду ёсць годная замена. Я думаю, там усё застанецца так, як і было. Ёсць перспектывы для далейшага развіцця раёна, сельскай гаспадаркі».  

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта патлумачыў, што па ўзроўні паказчыкаў у сельскай гаспадарцы Лідчына некаторы час прасядала. З прыходам у райвыканкам Аляксандра Часнойця Лідскі раён стаў адным з перадавых на Гродзеншчыне ў гэтай галіне.  


Прэзідэнт удакладніў, якія праблемы ўзніклі ў Воранаўскім раёне, раз даводзіцца мяняць кіраўніка райвыканкама. Як высветлілася, адна з праблем звязана з неналежнай увагай да сельскай гаспадаркі. Па падзяжы жывёлы Воранаўскі раён «лідзіраваў» у вобласці.  

«Ты ж разумееш, што для таго, каб выключыць падзеж, трэба (памяняць. — „Зв.“) чалавечыя адносіны, асабліва да маладняку», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да новага старшыні Воранаўскага райвыканкама.  

Прэзідэнт пацікавіўся, ці пабудаваны ў Лідскім раёне новыя цялятнікі, прафілакторыі. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што запланавана пабудаваць 8 прафілакторыяў, на пяць з іх ужо гатова праектна-каштарысная дакументацыя, крыніцы фінансавання вызначаны, на наступным тыдні прыступаюць да рэалізацыі праектаў.  

«Гэта значыць, Ліда за лета пабудуе гэтыя цялятнікі ўсе?» — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. 

«Пабудуе, — запэўніў Аляксандр Часнойць. — Праблем я не бачу. Шчыльна дапамагаюць і прамысловыя прадпрыемствы, і будаўнічыя арганізацыі».  

Прэзідэнт таксама пацікавіўся станам ветэрынарнай службы Лідскага раёна, удакладніў, колькі гаспадарак на Лідчыне. Кіраўніку дзяржавы расказалі, што адну з гаспадарак, якая да нядаўняга часу была самай неперспектыўнай, выкупіў бізнесмен — мясцовы жыхар, які вярнуўся на малую радзіму. У выніку цяпер сельгаспрадпрыемства — у перадавіках.  

«Парадак навёў — і ўсё», — канстатаваў Прэзідэнт, гаворачы пра падыход да новага кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства.  

Гаворачы аб стане іншых гаспадарак раёна, Аляксандр Часнойць праінфармаваў, што адна з іх — «Мажэйкава» — знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі праекта па далучэнні да яе Скідзельскага цукровага завода.  

«Будзьце акуратнымі пры аб’яднанні, каб жабрака да жабрака не далучылі, а потым яны абое не рухнулі, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — І вам у Воранаўскім раёне, у Лідскім тое ж самае, трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі». Прэзідэнт патлумачыў, што ў Магілёўскай вобласці паспрабавалі стварыць аналаг агракамбіната «Дзяржынскі», але нічога не атрымалася. Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, калі сельгаспрадпрыемствы могуць працаваць самастойна, няхай так і працуюць. 

Акрамя таго, беларускі лідар парэкамендаваў кіраўнікам гаспадарак часцей бываць «на зямлі». «Што такое кіраўнік гаспадаркі? Калі ён не пабываў сёння на ферме, на комплексе — работы там не будзе, — патлумачыў Прэзідэнт. — Людзі хочуць бачыць свайго кіраўніка. Пажадана кожны дзень. Такія сяляне. Таму тут нам спяшацца ні ў якім разе нельга. Па-кніжнаму рабіць нічога нельга». 

Звяртаючыся да прызначаных на новыя пасады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе яны ведаюць, што трэба рабіць на новых месцах. «Не хачу нават паўтараць, — удакладніў ён. — Сельскай гаспадарцы мы ў папярэднія гады ўдзялілі шмат увагі. Пачынаючы ад гэтых няшчасных прафілакторыяў, эканомікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і заканчваючы вясенне-палявымі работамі цяпер. Аб гэтым ужо многае сказана. Паўтараць я нічога не буду. Вы ведаеце, што рабіць. Час няпросты. Трэба дзейнічаць. Не забывайце, што вы — кіраўнікі. Як я гаварыў, вы — прэзідэнты на гэтым кавалку зямлі, у раёне. Дзейнічайце, не чакайце, што да вас нехта прыйдзе і нешта зробіць. Прыйдуць, дапамогуць — дзякуй. Але ўсё будзе залежыць ад вас. Таму толькі наперад!» 

Вераніка КАНЮТА 
Фота БелТА 

Даслоўна 

«Кіраўнік дзяржавы даручыў узмацніць пытанні кантролю за павелічэннем будаўніцтва аб’ёму жылля» 

Намеснік Прэм’ер-міністра Аляксандр ЦЕРАХАЎ у размове з журналістамі адзначыў: «Кіраўнік дзяржавы даручыў узмацніць пытанні кантролю за павелічэннем будаўніцтва аб’ёму жылля, за паляпшэннем якасці гэтага жылля, за стварэннем гарадской інфраструктуры ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта, безумоўна, пытанні капітальнага рамонту, стварэнне спрыяльнага асяроддзя ў дваровых тэрыторыях — усё тое, што сёння трэба людзям, тое, чым сёння жыве краіна».  


Аляксандр Церахаў падзяліўся планамі на далейшую работу: «Трэба прарэвізаваць усе рашэнні, якія былі прыняты. Я думаю, што нейкія пэўныя ўдакладненні, безумоўна, могуць і павінны быць. Але гэта ўсё будзе накіравана на паскарэнне, на тое, каб і жыллё будавалася не толькі ў буйных гарадах, але і ў аграгарадках. Безумоўна, калі жыллё пабудавана ў рэгіёне, людзям трэба даць транспартныя сувязі для таго, каб можна было камфортна перамяшчацца па дарогах з удасканаленым пакрыццём паміж аграгарадкамі, раённымі і абласнымі цэнтрамі. Безумоўна, асаблівая ўвага — гарадам-спадарожнікам, якія сёння актыўна развіваюцца. Усе тыя пытанні, якія зараз хвалююць людзей, будуць на парадку дня».  

Намеснік Прэм’ер-міністра таксама падкрэсліў важнасць работы з грамадзянамі і наяўнасць зваротнай сувязі. «Абавязкова зваротная сувязь павінна быць. Мы павінны чуць людзей. Для гэтага сёння створаны неабходныя сродкі камунікацыі. Калі нечага будзе недастаткова, мы будзем іх развіваць», — рэзюмаваў ён.  

«Журналісты — салдаты, якія ў руках трымаюць пяро, камеру, фотаапарат...» 

Па словах міністра інфармацыі Дзмітрыя ЖУКА, пры прызначэнні Прэзідэнт гаварыў, што цяпер ідзе інфармацыйная вайна. «Яна ідзе вельмі жорстка, без правілаў, — удакладніў ён. — Прыклад таму — нядаўняе выдаленне з YouTube трох каналаў нашых вядучых СМІ».  


Адна з важных задач, якая, па словах новага кіраўніка ведамства, стаіць перад СМІ — не дапусціць, каб гэта вайна стала гарачай. «Няхай у інфармацыйнай сферы яна і застаецца, — удакладніў Дзмітрый Жук. — Змагацца прыйдзецца. Давядзецца змагацца на чужой тэрыторыі. На тым жа YouTube, Instagram і гэтак далей. Журналісты — салдаты, якія ў руках трымаюць пяро, камеру, фотаапарат... І ўжо якое асяроддзе прымянення іх намаганняў будзе — гэта пытанне тэхналогіі. Мы не ведаем, што заўтра нам падкінуць гэтыя тэхналогіі, але мы павінны дакладна разумець, што гэта ідэалагічна вывераныя, адукаваныя людзі, якія здольныя і тэхналагічна асвойваюць любыя фарматы работы. Вось гэта, напэўна, самае важнае, што трэба будзе зрабіць у інфармацыйнай сферы».  

Яшчэ адна важная задача, паводле слоў кіраўніка інфармацыйнага ведамства, — абарона беларускага медыярынку, нашай тэрыторыі ад інфармацыйнага ўварвання, ад негатыўных, ненатуральных для нашай маралі трэндаў, якія, на жаль, ляцяць праз сацыяльныя сеткі ў галовы нашых маладых людзей.  

Гаворачы аб магчымасці забароны YouTube на тэрыторыі Беларусі, Дзмітрый Жук адзначыў, што любое рашэнне, асабліва такога плану, як забарона, павінна быць дакладна прадумана, прадуманы яго наступствы. «Яно павінна быць аргументаваным, — удакладніў міністр інфармацыі. — І самае важнае, яно павінна быць мэтазгодным і эфектыўным. Калі мы прадэкларуем, але не зможам рэалізаваць, — лепш не дэклараваць. Што датычыцца сітуацыі з платформамі, якія выкарыстоўваюцца грамадзянамі Беларусі, тут вельмі акуратнае пытанне. Вы ведаеце і пазіцыю Прэзідэнта, што ён не прыхільнік забарон. Тут трэба шукаць іншыя механізмы ўзаемаадносін з гэтымі буйнымі гульцамі сусветнай медыяпрасторы». 

«Культура — гэта сур’ёзная частка ідэалагічнай работы» 

Як падзяліўся з журналістамі міністр культуры Марат МАРКАЎ, ён заўсёды прытрымліваўся аднаго прынцыпу кіравання — ніколі не перашкаджаць творчым людзям працаваць. «Увогуле, для людзей творчых трэба ствараць умовы, каб яны рэалізоўваліся, — лічыць міністр. — Гэта першае, напэўна, на што трэба звяртаць увагу. Гэта значыць, ты павінен дапамагчы ім рэалізавацца, бо іх поспех — гэта поспех сферы і поспех міністра». 


Марат Маркаў заўважыў, што людзі, якія працуюць у сферы культуры, — вельмі адчувальныя. «Творцу можа пакрыўдзіць кожны, — канстатаваў ён. — Нездарма з’яўляюцца падобнага роду прымаўкі, таму, натуральна, з людзьмі трэба ўмець размаўляць такім чынам, каб яны не трымалі крыўду. Тым больш, крыўду на дзяржаву. Для таго, каб яны паміж сабой маглі дамовіцца, для таго, каб яны сапраўды дасягалі таго поспеху, які можа дазволіць іх унутраная творчая натура, каб іх талент у канчатковым выніку выявіўся. У гэтым плане, я думаю, што мы знойдзем адзін аднаго і знойдзем пункты для судакранання».  

Па словах кіраўніка ведамства, Прэзідэнт паставіў некаторыя кропкавыя пытанні, якія сапраўды актуальныя. Адно з іх — гэта сфера кінематографа. «І як бы там ні было, сёння беларускім кіно трэба займацца цесна, шчыльна. Трэба шукаць талентаў, у першую чаргу, сярод сцэнарыстаў, рэжысёраў, — упэўнены Марат Маркаў. — У нас ёсць таленавітыя акцёры, але без добрага сцэнарыя і рэжысуры, зразумела, эфекту не будзе». 
Міністр культуры таксама паразважаў аб фінансаванні сферы культуры. «Па-першае, трэба разабрацца з тым, якія грошы ёсць, — удакладніў Марат Маркаў. — Заўсёды ўзнікаюць нюансы, звязаныя з правільным, граматным пераразмеркаваннем сродкаў. Сродкі ёсць. Пытанне толькі ў тым, каб яны былі накіраваны ў патрэбным кірунку». 

Па словах кіраўніка ведамства, трэба заўсёды разумець, што культура — гэта сур’ёзная частка ідэалагічнай работы. «Слова „ідэалогія“ ў нас не любяць, але насамрэч ёсць добрае выказванне: ідэалогія не бывае бясплатнай, а лістоўкі нельга прадаваць, — сказаў Марат Маркаў. — Таму калі мы будзем гэта разумець, мы будзем разумець, што ў культуру, як у значную частку ідэалогіі, трэба ўкладвацца для таго, каб яна працавала на незалежнасць і суверэнітэт дзяржавы, для таго, каб людзі, якія працуюць у культуры, былі патрыётамі і прыхільнікамі дзяржавы». 

«Усе чакаюць ад рэгіёна яшчэ і аддачы» 

У размове з журналістамі новы старшыня Аршанскага райвыканкама Леанід МОЙЖЫК падкрэсліў, што гэта вельмі важны і складаны рэгіён. «Рэгіён сапраўды важны, адказны, з улікам аказанай увагі за апошнія гады, з улікам Указа Прэзідэнта № 506, які дазволіў „уліць“ сюды значную колькасць рэсурсаў, — патлумачыў ён. — Адпаведна, усе чакаюць ад рэгіёна яшчэ і аддачы. Таму будзем працаваць, апраўдваць чаканні, дасягаць тых эфектаў, якія, магчыма, у тэрмін не былі дасягнуты. Па пэўных кірунках, магчыма, мы перагледзім падыходы». У якасці прыкладу кіраўнік раёна прывёў перагляд інвестпраектаў, якія ўжо страцілі актуальнасць.  


Паводле слоў Леаніда Мойжыка, у Аршанскім раёне размяшчаецца велізарны пласт прамысловых прадпрыемстваў. Акцэнт таксама будзе рабіцца на сельскую гаспадарку, камунальную і сацыяльную сферы. «Адрадзілі шэраг прадпрыемстваў, некаторыя адпавядаюць сусветнаму ўзроўню, — канстатаваў ён. — Вельмі прыемна, што сфарміраваны калектывы, настроеныя на вырашэнне любых задач. На прыкладзе прамысловых прадпрыемстваў рэгулярна аказваецца шэфская дапамога нашым сельгасарганізацыям. Шмат зроблена ў цэлым для жыхароў як горада, так і раёна. Змяніліся вуліцы, змянілася інфраструктура. Горад не проста ажыў — ён асвяжыўся. І нават візуальна ён сёння ўспрымаецца больш ярка, чым было яшчэ пяць гадоў таму».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю