Top.Mail.Ru

Адным з першых у Беларусі прафесійных званароў стала жанчына

Юлія Мінчанка ўжо больш за 20 гадоў працуе званаром у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна. Яе «кабінет» размешчаны за 30 метраў над зямлёй, а працоўны інструмент — 10 званоў, вага самага вялікага складае 1,6 тоны! Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася ў далікатнай бландзінкі, як яна прыйшла ў гэтую прафесію і як ёй удаецца так віртуозна прыводзіць у рух цяжкія званы.


Юлія нарадзілася ў Гомелі. Упершыню апынулася ў храме ў васьмігадовым узросце. Маленькую дзяўчынку вельмі ўразілі яго веліч і ўбранне, сама служба. Калі разам з сям’ёй пераехала ў Полацк, важнай часткай яе жыцця стаў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Юлія дапамагала паслушніцам у розных работах, спявала ў царкоўным хоры. А аднойчы разам з сёстрамі трапіла на званіцу. Убачанае захапіла сэрца, і з’явілася вялікая любоў да гэтага мастацтва.

— Спачатку займалася на аматарскім узроўні, але мне хацелася стаць прафесіяналам у гэтай справе. І калі педагог Аляксандр Маліноўскі, выпускнік Маскоўскай школы званароў, адкрыў школу ў Мінску, я накіравалася туды, — расказвае Юлія. — Здала экзамены, атрымала дыплом. Аднак, перш чым асесці ў Гродне, працавала ў храмах Расіі. А з горадам над Нёманам упершыню пазнаёмілася ў студэнцкія гады. У той час мой брат Станіслаў працаваў у ансамблі «Белыя росы». Ён прапанаваў мне паступаць у ГрДУ імя Янкі Купалы. І я пагадзілася — вучылася на факультэце мастацтваў і дызайну. Палюбіла Гродна і вось ужо больш чым 20 гадоў жыву і працую тут. Мне гэты горад адразу спадабаўся: духоўная зямля, шмат храмаў.

Мая суразмоўніца адзначае, што ўся яе сям’я творчая, нават калі работа не была звязана з гэтай сферай, хобі ўсё роўна мелася, а маці — харэограф. Таму Юлія і Станіслаў заўсёды былі побач са сцэнай. Падчас навучання ва ўніверсітэце дзяўчына працавала ў Гродзенскай капэле, і калегі параілі ёй звярнуцца ў сабор. Так у Юліі з’явілася яшчэ адно працоўнае месца, якое стала ў яе жыцці галоўным.
— Пасля ўніверсітэта мяне размеркавалі ў Брэсцкі манастыр, але я так палюбіла Гродна, што не магла не вярнуцца сюды.


Выпадковых людзей тут няма

Прафесія званара падыдзе далёка не кожнаму, упэўнена Юлія. Па-першае, без веры ў сэрцы ім не стаць. Бо па сутнасці звон — гэта малітва, якая дапамагае размаўляць з Богам.

Па-другое, чалавек павінен быць фізічна моцным і цягавітым. Каб кіраваць званамі, трэба выканаць некалькі дзеянняў. У правай руцэ Юлія трымае звязак тросаў, якія злучаны з зазвоннымі званамі — самымі маленькімі і звонкімі. Левая рука ляжыць на тросах-«струнах», якія вядуць да падзвонных званоў — сярэдніх па памеры. Ногі знаходзяцца на педалях, якія рухаюць языкі вялікіх званоў — басоў. Усё гэта дазваляе гарманічна і паслядоўна кіраваць гучаннем розных званоў.

Па-трэцяе, у гэтай прафесіі патрэбен музычны слых, каб складаць мелодыі. Акрамя таго, трэба ведаць, як праходзяць богаслужэнні, бо званы клічуць прыхаджан на службу і праводзяць іх пасля яе завяршэння. Падчас самога богаслужэння таксама ў пэўныя моманты патрэбен звон.

— Выпадковых людзей у гэтай прафесіі няма. Нельга проста сказаць: «А вось я паспрабую...» Не, сюды прыходзяць матываваныя людзі, якія адчуваюць сэрцам сваё пакліканне, — лічыць Юлія Мінчанка. — Я выкладаю з 2009 года і ўсім сэрцам люблю гэтую справу. Дарэчы, большасць маіх вучняў — жанчыны. Яны не баяцца ні вышыні, ні фізічных нагрузак. Ды і ў цэлым у Беларусі цудоўныя жанчыны. Калі Прэзідэнт прысвяціў нам цэлы год, было вельмі прыемна, бо ў жанчынах сапраўды тоіцца вялікая сіла!

«Трэба ўмець бачыць шчасце!»

А яшчэ Юлія праводзіць экскурсіі, бо храм і яго званіца адзначаны ў многіх турыстычных маршрутах. Часам наведвальнікі, якія прыходзяць на экскурсіі, першапачаткова настроены скептычна. Яны чакаюць убачыць нешта звычайнае, але потым шчыра здзіўляюцца. Звон, паводле слоў Юліі, валодае асаблівай сілай, якая змяняе ўспрыманне свету. Людзі сыходзяць з новымі думкамі і пачуццямі, іх меркаванне аб звоне і яго значэнні кардынальна мяняецца. Ён пакарае прыгажосцю і глыбінёй. Турысты бачаць далікатную жанчыну, якая кіруе вялізнымі званамі, і гэта выклікае захапленне.

Звон — не проста гук, гэта сапраўднае мастацтва, якое здольна змяніць успрыманне свету і падарыць людзям новыя эмоцыі і адчуванні, сцвярджае Юлія Мінчанка:

— У жыцці ўсякае здаралася, былі складаныя перыяды, калі апускаліся рукі, але прыйдзеш на званіцу — і ўвесь боль сыходзіць. Разумееш, што ўсё можаш вырашыць. Наогул, я вельмі дзейны чалавек, ніколі не сяджу на месцы. Калі пытаюцца, як у мяне на ўсё хапае часу, адказваю, што ўсё залежыць ад жадання. Так што сакрэт вельмі просты.

Калі я спытала Юлію, што яна можа пажадаць жанчынам, яна падкрэсліла важнасць цярпення. Акрамя таго, рэкамендавала не трымаць у сабе негатыўныя эмоцыі — дзяліцца імі з роднымі і блізкімі, у храме. І, на яе думку, важна ўмець радавацца. Часам мы выпускаем з-пад увагі прыемныя дробязі, якія могуць палепшыць любы дзень. Трэба ўмець бачыць шчасце!

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота «Гродзенскай праўды»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю