Top.Mail.Ru
0

На гэтым тыдні па ўсёй краіне пройдуць кірмашы вакансій для моладзі

Маршрут кар'еры

Рэспубліканскі кірмаш вакансій для моладзі праходзіць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з 13 да 17 красавіка. Ён як садзейнічае працаўладкаванню навучэнскай моладзі ў вольны ад вучобы час, так і дапамагае выпускнікам навучальных устаноў знайсці першае месца работы.

Маладыя людзі могуць прайсці сумоўе з работадаўцамі, атрымаць кансультацыі па садзейнічанні ў працаўладкаванні, прайсці прафесійнае тэсціраванне для выбару далейшай кар’ернай траекторыі. Акрамя таго, для навучэнцаў будзе арганізавана тэматычнае мерапрыемства аб тлумачэнні заканадаўства, якое рэгулюе занятасць моладзі, — «Сем крокаў да працаўладкавання». Маладыя людзі таксама змогуць пратэсціраваць сябе з выкарыстаннем сэрвісу Мінпрацы і сацабароны «Крок у прафесію», які размяшчаецца на партале дзяржаўнай службы занятасці.

— У кожным абласным горадзе і ў буйных гарадах з колькасцю насельніцтва звыш 50 тысяч чалавек рэспубліканскі маладзёжны кірмаш вакансій будзе праходзіць не менш як 3 дні, а ў невялікіх рэгіёнах — на працягу двух дзён, — патлумачылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Першыя кірмашы прайшлі ўчора ў Салігорску, Стоўбцах, Баранавічах і іншых гарадах. У Мінску кірмашы вакансій для моладзі пройдуць 15 і 16 красавіка ў ГЦ «Сталіца», а 17 красавіка — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. У Брэсце яны будуць арганізаваны з 15 да 17 красавіка ў Дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці.

У Віцебску кірмашы адбудуцца 14 і 15 красавіка ў гарадскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а 16 красавіка ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацабароне Віцебскага гарвыканкама. У Гомелі кірмашы вакансій пройдуць 14 красавіка ў ГДУ імя Ф. Скарыны, 15 красавіка — у Палацы культуры ААТ «Гомсельмаш», 16 красавіка — у Палацы культуры «Беліцкі», а 17 красавіка — у Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П. А. Сухога.

У Гродне мерапрыемствы будуць праходзіць у трох месцах: 15 красавіка ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі, 16 красавіка ў маладзёжным цэнтры «Гродна», 17 красавіка ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацабароны Гродзенскага гарвыканкама. У Магілёве маладзёжны кірмаш вакансій пройдзе 14 красавіка ў МДУ імя А. А. Куляшова, 15 красавіка ў СШ № 4, 16 красавіка ў СШ № 37.

Адзначым, што сёлета на арганізацыю часовай працоўнай занятасці моладзі, якая навучаецца, плануецца накіраваць звыш 20 мільёнаў рублёў для працаўладкавання больш за 57 тысяч юнакоў і дзяўчат. Асноўная частка сродкаў будзе накіравана на аплату працы моладзі. Астатнія — на набыццё спецадзення, інвентара, інструмента, матэрыялаў.

Больш падрабязныя графікі кірмашоў вакансій у іншых гарадах можна знайсці на сайце Мінпрацы.

Алена КРАВЕЦ 

Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю