Сёння саломка з’яўляецца адным з беларускіх брэндаў. Нездарма ў 2022 годзе яна папоўніла шэраг айчынных элементаў, унесеных у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Ва ўменні чараваць над гэтым матэрыялам у беларусаў няма роўных. Сёння над захаваннем саламяных практык працуе больш за дзве сотні майстроў з розных куткоў Беларусі. І кожны да саломкі шукае свае падыходы. Анастасія Зелянко — загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Слонімскага раённага цэнтра культуры — адзін з носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення». Жанчына вырашыла развіваць аплікацыю. Так, майстры не проста захоўваюць тое, што перанялі ў папярэднікаў, яны актуалізуюць саломку, робяць яе сучаснай, і менавіта такім чынам задаюць моду на традыцыю.
Залатыя карціны
З маленства Анастасія Зелянко любіла маляваць, таму і пытанняў з выбарам прафесіі ў яе не паўстала — гэта павінна была быць тая сфера, пры дапамозе якой яна зможа дзяліцца з людзьмі тым, што натхняе — прыгажосцю прыроды, народнымі традыцыямі, здабыткамі культуры. Але жыццё крыху скарэктавала яе планы. Яна працягнула ствараць малюнкі — толькі замест фарбаў цяпер выкарыстоўвае саломку — робіць залацістыя пано. Прычым аплікацыя можа быць і плоскаснай, і аб’ёмнай.
Сёння многія майстры спрабуюць фарбаваць саломку, але Анастасія Зелянко не спяшаецца спрасціць задачу — для работ старанна адбірае матэрыял, які створаны самой прыродай, а ён сапраўды мае розныя адценні. Між іншым, саломку нарыхтоўвае ўручную. Разам з калегамі выязджае ў поле.
З дапамогай «беларускага золата» можна перадаваць гісторыю: пра свой куток, раслінны і жывёльны свет, пра духоўныя і культурныя традыцыі, архітэктурныя каштоўнасці, расказваць пра сімвалы рэгіёнаў, краіны. Шматлікія конкурсы ад раённых да міжнародных дазваляюць гэтай гісторыяй дзяліцца з іншымі. Саламяныя творы гераіні не раз адзначаліся высокімі дыпломамі. Напрыклад, яна — лаўрэат прэміі імя Аляксандра Дубко «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва». Адна з яе работ — «Святы і абрады беларусаў» — на абласным конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва была вылучана як адзін з найлепшых гарадзенскіх сувеніраў, што адлюстроўвае агульнабеларускія каштоўнасці і традыцыйную нацыянальную культуру.
Анастасія Васільеўна дзеліцца, што за кожнай з актуальных тэм, узнятых у работах, стаяць творчыя пошукі, а натхненне — важны складнік поспеху. Яна сама стварае эскізы, прадумвае да дробязяў дэталі. А пасля пачынаецца карпатлівая праца, калі з саломкі выразаюцца дробныя элементы, з якіх пасля збіраецца пано.
Новая місія майстроў
Сёння, калі без майстроў і іх яскравых выставак не абыходзіцца не адно вялікае свята горада, цяжка паверыць, што работа па збіранні і адраджэнні
традыцыйных рамёстваў пачыналася фактычна з нуля. Супрацоўнікі працягваюць ездзіць у экспедыцыі, шукаць старыя прадметы побыту, збіраць калекцыю тэкстылю і на аснове сабранага матэрыялу аднаўляць старыя тэхнікі. Пры гэтым яны працуюць у тым ліку і на пазнавальнасць раёна — праз сувеніры расказваюць пра яго здабыткі, адметнасць. Вельмі важна, як адзначае Анастасія Васільеўна, што аддзел рамёстваў адчувае моцную падтрымку з боку кіраўніцтва і горада , і раёна. Гэта дазваляе развіваць цікавыя праекты і вырашаць новыя задачы.
Анастасія Зелянко ўпэўнена, што майстры з’яўляюцца звязуючым звяном паміж пакаленнямі. Тое, што сабрана, падгледжана ў бабуль, супрацоўнікі адзела рамёстваў імкнуцца перадаць дзецям. Анастасія і яе калегі не толькі вядуць гурткі (слонімскія майстры займаюцца вырабам традыцыйнай лялькі, вышыўкай, ткацтвам паясоў, дэкаратыўным роспісам па шкле, мастацкай керамікай, пляценнем карункаў), але і выязджаюць у школы. На такія сустрэчы майстры апранаюцца ў нацыянальныя строі, каб дзеткі бачылі, як прыгожа выглядалі нашы продкі, вязуць калекцыі народнай творчасці. У дзяцей ёсць магчымасць прычыніцца да традыцый — патрымаць у руках старыя рэчы, папрацаваць з рознымі матэрыяламі падчас майстар-класаў. «У нашай жаночай каманды асаблівая місія — упэўнена Анастасія Зелянко. — І гэта не проста выхаванне густу ў падрастаючага пакалення, праз рамяство перадаецца павага да свайго, любоў да зямлі, на якой жывеш».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ