Ад клубніц да бергамоту
Нават у будні дзень на адкрытых радах, дзе прадаюць расаду, пакупнікоў дастаткова, а асартымент вялікі. Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і араматычных раслін, дэкаратыўных кустоў. І вялікая разнастайнасць клубніц і суніц. Прадаўцы кажуць, што для расады агародніны — памідораў, агуркоў, баклажанаў, кабачкоў, гарбузоў — яшчэ ранавата: яна з’явіцца бліжэй да канца красавіка. Сеюць агародніну пазней, чым тыя ж клубніцы, каб расада не «перарасла», бо высаджваць яе ў грунт дачнікі будуць толькі тады, калі знікне пагроза начных замаразкаў.

Затое ў асартыменце — расада зеляніны: цыбуля, кроп, пятрушка, чабор, тархун, мята... І нават ранняя капуста — па два рублі за раслінку. «На расаду зеляніны попыт спакойны, людзі яе самі вырошчваюць, — расказвае прадавец Вікторыя. — Гэта ж не складана». Вікторыя прадае расаду са Смалявіч, яе асартымент — у асноўным ягадныя культуры: клубніцы, суніцы. Але ёсць і «дэкаратыўка» — расада кветак.
А яшчэ — араматычныя расліны з моцным пахам: сёння яны папулярныя, і сярод іх ёсць не толькі тыя, якія лёгка вырасціць. Размарын, напрыклад, капрызны (таму і каштуе 8 рублёў за саджанец). Насенне размарыну ў нявопытных агароднікаў практычна не ўзыходзіць. Дасведчаныя агароднікі размнажаюць размарын чаранкамі, а пачаткоўцы робяць некалькі спроб і прыходзяць на рынак за расадай. З араматычных раслін гэтай вясной попыт на чабор, лаванду, мяту, шалфей, бергамот, расказалі на Камароўцы. У апошнія гады многія на сваіх участках вырошчваюць лекавыя расліны: «аптэкарскі садок» — модны павеў у агароднікаў.
Набыць або вырасціць?

Парадак цэн на расаду клубніц і суніц — у сярэднім ад 3,5 да 5 рублёў за раслінку ў залежнасці ад сорту. Такім чынам, з мінулай вясны кошты калі і выраслі, то максімум на 50 капеек. Прапануецца расада клубніц і суніц цяпер у велізарным асартыменце — і ўжо маючымі рэпутацыю ў пакупнікоў вялікімі гадавальнікамі (як, напрыклад, Смалявіцкі), і проста прыватнікамі.
«У мяне ўсяго два віды ягад (клубніцы і суніцы) — „Жоўты цуд“ і „Алі-Баба“, — кажа прадавец Тамара. — Па дзве раслінкі ў слоічку, таму і 5 рублёў за слоічак прашу. Будзеце да маразоў ягады есці! Сама вырошчваю і расаду клубніц, і дэкаратыўных раслін. Раней я больш клубніцамі і суніцамі займалася, а потым звяліся яны ў мяне, і мне сумна стала. Вось і вярнулася на пенсіі да любімага занятку».
Купляць або вырошчваць расаду самастойна? У Тамары няма адказу на гэта пытанне: «Не ва ўсіх атрымліваецца. Для добрай, якаснай расады патрэбны талент. Прыйдзецца ўкласці ў яе шмат працы. Плюс — ведаць некаторыя тонкасці. Цяпер людзі ўсё ж часцей купляюць расаду».

Сярод пакупнікоў — і моладзь, і сталыя людзі, адзначае яна. Справа ў тым, што калі рабіць усё самастойна, наўрад ці вы сэканоміце: прыйдзецца ўкласці сродкі ў насенне, грунт, фіталямпы, выдаткаваць немалы час і знайсці месца для расады ў кватэры ці доме. І гэта пры тым, што клубніцы, напрыклад, навукоўцы-аграрыі рэкамендуюць абнаўляць кожныя тры гады.
Лепш выбіраць расаду, што расла ў адкрытым грунце або ў парніку? Аказваецца, вялікай розніцы няма:
«І вырашчаная ў парніку прыжываецца нармальна», — канстатуе Тамара.
Людзі сталага ўзросту купляюць расаду ў асноўным на асабістыя соткі, кажуць прадаўцы. А моладзь — часам для таго, каб стварыць «агародзік на балконе». І зеляніну, і клубніцы-суніцы: калі нават ураджаю ягад у такім фармаце практычна не будзе, прынамсі, кусцікі будуць квітнець усё лета... Ёсць і замежныя пакупнікі расады — часцей за ўсё студэнты з Кітая. Яны вырошчваюць для сябе ў фармаце «агарод на падаконніку» і ягады, і зеляніну, і нават агуркі-памідоры.
Што ў трэндзе?
У Вікторыі асартымент клубніц і суніц вылічаецца дзясяткамі: ранняспелая, сярэдняспелая, позняспелая, рэмантантная. Чым навейшы або папулярнейшы сорт, тым даражэй расада. Сярод найбольш запатрабаваных у пакупнікоў — сорт клубніц «Азія» сярэдняга тэрміну выспявання, з буйнымі ягадамі (па 5 рублёў за раслінку, як і летась). Яшчэ адзін лідар продажаў — земклубніцы «Купчыха»: іх дачнікі рассмакавалі зусім нядаўна. Кошт за кусцік — таксама 5 рублёў. Суразмоўца адзначае, што сярод яе пакупнікоў нямала і тых, хто прывык да старых сартоў клубніц і суніц — такі запыт таксама трэба ўлічваць.
Выбіраючы расаду, у першую чаргу трэба ацэньваць кусцікі візуальна, раіць яна: «Глядзіце, каб раслінка прыгожая была: заўсёды ж відаць, калі яна здаровая і моцная. А ў астатнім — прадавец параіць». Звычайна пакупнікі бяруць «трохі ранніх клубніц і суніц, трохі позніх». Выбіраюць і па смаку: хтосьці любіць больш салодкую, камусьці падабаецца «з кіслінкай».

Яшчэ з папулярнага на радах расады — саджанцы буякоў садовых: гэтыя ягады ў модзе ў дачнікаў. Трохгадовы саджанец абыдзецца ў сярэднім у 25 рублёў, чатырохгадовы — у 30, пяцігадовы будзе каштаваць 40 рублёў, расказала прадавец гадавальніка пладова-ягадных культур з Клецка. Маладзенькія кусцікі брусніц садовых прадаюць па 15 рублёў за адзінку, з гэтай жа лічбы стартуе цана на саджанцы фундука (яшчэ адзін «модны трэнд» у агароднікаў), і ў тую ж цану абыдуцца саджанцы новых сартоў маліны.
Проста прыгожа
Дарэчы, менавіта цяпер час набываць саджанцы дэкаратыўных раслін. Гартэнзія, флоксы, гваздзік, астры, герань... Кошты на «дэкаратыўку» падраслі. Практычна любы прыгожа квітнеючы куст — па 15. Мінулай вясной цэннік стартаваў ад 10–12 рублёў. Расада «анюціных вочак», зрэшты, 3,5 рубля за каліва.

Пакупніцкія перавагі з мінулага года не змяніліся, кажа прадавец расады, вырашчанай у гадавальніку ў Дзяржынску. Як і раней, карыстаюцца попытам розныя сарты гартэнзій з буйным лісцем, якія квітнеюць на парастках бягучага года. Калі гартэнзія квітнее на леташніх парастках, яна не настолькі запатрабаваная. Часта пытаюцца пра магнолію і фарзіцыю, белую і жоўтую. Жоўтая квітнее прыгажэй, расліна высокая, але кветкі не маюць водару. Белая — тонка пахне, але ніжэй і не так цешыць вока. Як кажуць, каму што важней. Гартэнзія каштуе ў сярэднім ад 15 да 30 рублёў у залежнасці ад сорту і памеру саджанца. А ў цэлым, у расады дэкаратыўных раслін правіла такое ж, як у ягадных: чым навейшы сорт і буйнейшая расліна, тым яна даражэйшая.

Сярод пакупнікоў дэкаратыўных раслін чакана пераважаюць жанчыны. Хоць, як расказалі на Камароўцы, ёсць і нейкі працэнт мужчын, у асноўным сталага ўзросту, што ўмеюць цаніць прыгажосць.
Карысныя парады
Навукоўцы расказалі, на што звярнуць увагу пры набыцці расады
Прыкметы здаровай расады:
- тоўсценькае, кароткае сцябло без выцягвання. Доўгае сцябло сведчыць, што расадзе не хапала святла. Такая расада цяжка прыжываецца.
- У здаровай расады лісце насычанага колеру, без плямак і скручвання. Дробнае бледнае лісце — прыкмета дэфіцыту харчавання.
- Каранёвая сістэма (калі прадавец пагодзіцца вынуць раслінку са шкляначкі) павінна мець белы колер і аплятаць земляны ком. Цёмны колер каранёў — прыкмета загнівання.
Адмовіцца ад куплі варта, калі:
- расада агародніны мае раскрытыя кветкі: яна будзе горш адаптавацца пры высадцы.
- Жоўтыя плямы на лісці — сімптом вірусных захворванняў. Ліпкае лісце, белы налёт — мучністая раса або тля.
- Аднолькавыя, занадта прыгожыя раслінкі, магчыма, апрацаваны стымулятарамі росту.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ,
фота Лізаветы ГОЛАД