У апошнія гады Рэспубліканскі суботнік, акрамя добраўпарадкавання роднай зямлі, набыў яшчэ адзін вельмі важны для нашага адзінства пасыл — сабраныя і заробленыя ў гэты дзень сродкі ідуць на будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў, якія захоўваюць нашу гістарычную памяць.
У сённяшнім звар’яцелым свеце менавіта адзінства здольнае захаваць народ, нацыю, краіну. Сумесная стваральная праца дзеля захавання ўласнай гісторыі — сёння кожны можа да яе далучыцца, каб адчуць сябе сваім на сваёй зямлі.
Сёлета грашовыя сродкі, заробленыя ад правядзення вясновага суботніка, будуць накіраваны на стварэнне пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, які будуецца, і іншыя спадарожныя гэтаму работы.
Як размяркоўваліся сродкі, заробленыя на Рэспубліканскім суботніку, у папярэднія гады
- на будаўніцтва і абсталяванне Нацыянальнага гістарычнага музея і ўладкаванне экспазіцыйнай пляцоўкі ў «Трасцянцы»
- на стварэнне Цэнтра патрыятычнага выхавання ў Брэсцкай вобласці і рэканструкцыю мемарыяла «Дзецям — ахвярам вайны» ў Чырвоным Беразе
- на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу на месцы Азарыцкага лагера смерці
- на капітальны рамонт і мадэрнізацыю мемарыяльнага комплексу «Хатынь»