Варта зазірнуць далей, чым школьная праграма з апавяданнем «Пяць лыжак заціркі» ці знакаміты раманс на словы паэта «Дазвольце вас кахаць». І тады адкрываецца свет таго, хто спасцігаў глыбока традыцыі і фальклор, каб стаць часткай беларускага народа, — свядомы выбар чалавека, які стаў адным з нашых класікаў. Пра гэта да 140-годдзя Змітрака Бядулі нагадваюць і выстаўкі ў бібліятэках і іншых установах культуры краіны, і літаратурна-дакументальны праект Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва пад назвай «Яго багаты плён» з удзелам нашчадкаў.
Ён сябраваў з Янкам Купалам, з Максімам Багдановічам нават жыў пад адным дахам некаторы час. І калі ў Змітрака Бядулі (як і ў Багдановіча) няма звання народнага, то, магчыма, таму, што яго зямны шлях не быў доўгім, абарваўся вельмі драматычна, калі ў 1941 годзе ён ехаў з сям’ёй у эвакуацыю. Затое яшчэ да вайны ён паспеў (адзін з першых у Беларусі) атрымаць ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Ён насамрэч быў вельмі працавіты (што адзначаў Купала), і гэта адлюстроўвае яго літаратурная спадчына. Ураджэнец Лагойшчыны, ён з дзяцінства жыў сярод народнай беларускай культуры, прытым што ў яўрэйскага хлопчыка Самуіла Плаўніка былі варыянты, які шлях абраць. А ён любіў чытаць і з маленства быў вельмі чулы да слова. Таму яго так захаплялі песні і паданні, што перадаваліся ў народзе, — гэта пазней знайшло адлюстраванне ў яго імпрэсіяністычных абразках. І сам народ, карэнныя жыхары роднага краю яго захаплялі. Працавітыя, але жывуць гаротна, сумленныя ды цярплівыя, пры гэтым таленавітыя, надзеленыя нейкім дзівосным багаццем унутранага свету. Пазней гэта захапленне малады літаратар, які ўзяў сабе псеўданім Змітрок Бядуля, перавядзе ў мэтанакіраваную працу краязнаўцы: хацеў разумець сваю радзіму глыбока, каб мець права казаць ад імя яе жыхароў. Пра іх, дзеля іх — і наогул пра сваё адчуванне свету і жыцця. Першы зборнік «Абразкі» на такіх адчуваннях і заснаваны (нездарма яго назавуць імпрэсіяналістычным).
Але калі ёсць змрочныя адчуванні, то, натуральна, узнікае жаданне перакрыць іх светлымі марамі і памкненнямі. Творчасць Змітрака Бядулі адлюстроўвала той час і той стан, якія і прывялі да кардынальнага сацыяльнага злому. І ён бачыў у гэтым надзею. Гэта адбілася на яго паэтычных творах (прытым што Бядуля быў тонкім лірыкам).
Напрыклад, у паэме «Беларусь» 1920-х гадоў, калі аўтар працаваў надзвычай актыўна, ён піша пра тое, як раней паэт вучыў любіць «вукрадкам свой край», а цяпер рэспубліка «куе свой лёс, будуе новы быт». Вось гэта новае Бядуля вітаў як магчымасць для асобнага чалавека і для народа наогул. Ён паказваў такіх герояў, напрыклад, у аповесці «Салавей» (яна стала асновай для стварэння першага беларускага балета кампазітарам Міхаілам Крошнерам). Нядзіўна, што Бядуля быў сярод літаратараў-«маладнякоўцаў», а пазней і «ўзвышанцаў», якія працавалі на тое, каб пры скіраванасці на інтэрнацыяналізм Беларусь захавала сваю адметнасць, у тым ліку ў літаратуры.
Майстар прозы, паэт, публіцыст, перакладчык, ён займаўся яшчэ краязнаўчай працай. А ў этнаграфічным і фальклорным матэрыяле чулы літаратар мог знайсці крыніцу натхнення. І знаходзіў! Варта нагадаць яго паэмы «Ярыла», «Палескія былі». Адзін з вельмі яркіх твораў — казка «Сярэбраная табакерка», у якой таксама народнае паходжанне, але з аўтарскім пераасэнсаваннем. Герой Бядулі расказвае ўнукам пра тое, як Дзіда-дзед не баіцца Смерці, бо паланіў яе ў табакерку. Што не кажыце, а любіць наш народ такіх герояў! Умее выходзіць пераможцам скрозь ліхалецце і розныя выпрабаванні. Можа, таму, што ведае: ёсць бессмяротнасць.
Калі тое, што ты зрабіў, што пасеяў, прарастае новымі творцамі, з’явамі. І памяццю скрозь пакаленні тых, для каго пісаў. А пісаў для беларусаў. Таму яго нашчадкі так імкнуліся, каб ён вярнуўся на радзіму нават пасля смерці. Крыху больш за пяць гадоў таму яго прах перавезлі з Казахстана і перапахавалі ў Беларусі, якая жыла ў яго сэрцы.
Ларыса ЦІМОШЫК