Штодзённая праца ўвесь сезон
У сучасным выглядзе ААТ «Гарадзілава» сфарміравалася пасля зліцця некалькіх невялікіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У цэлым зліццё можна назваць паспяховым. У гісторыі ААТ «Гарадзілава» былі і няпростыя часы, але цяпер кампанія знаходзіцца ва ўпэўненым фінансава-эканамічным становішчы. Яна пастаянна ўваходзіць у топ найлепшых аграрных прадпрыемстваў Мінскай вобласці і з’яўляецца прыкладам таго, што сельскагаспадарчае прадпрымальніцтва можа быць прыбытковым, калі выконваюцца тэхналогіі, выбудаваны бізнес-працэсы, сфарміраваны прафесійны калектыў з адпаведнай сістэмай стымулаў і матывацыі. Цяпер ААТ «Гарадзілава» вядзе падрыхтоўку да новага пашырэння: пачаўся працэс далучэння ААТ «ЯхімоўшчынаАгра». Цяпер там праводзяць рэарганізацыю, настройваюць вытворчасць. Ужо значна павысіліся ўраджайнасць, надоі.

Дыктатура тэхналогій дае вынік. У агранома ААТ «Гарадзілава» Іны Шчарбаковай графік работ распісаны адразу на сезон. Прычым план фарміруецца па шматвектарным прынцыпе: каб выконваліся агратэхнічныя тэрміны і максімальна эфектыўна выкарыстоўвалася тэхніка — штодзённа ўвесь сезон. Сяўбу збожжавых у гаспадарцы паспяхова скончылі, на чарзе — цукровыя буракі. Ужо два разы падкармілі азімыя пшаніцу і ячмень, тры — азімы рапс. Усе аперацыі прадугледжаны тэхналагічнымі картамі.
І іх захаванне дае прадказальны вынік. Несумненна, ключавы момант — правераныя, адказныя, кваліфікаваныя кадры. Акрамя таго, усе ўгоддзі гаспадаркі алічбаваны, а тэхніка забяспечана GPS-датчыкамі. Цэнтралізавана можна адсочваць якасць выканання палявых работ, своечасова рэагаваць на пралікі, калі нейкі ўчастак не апрацаваны адпаведным чынам.
Стаўка на якасць
Вынік — ураджайнасць кукурузы на зерне летась была каля ста цэнтнераў з гектара, рапсу — амаль 50 цэнтнераў з гектара, збожжавых — 78 цэнтнераў з гектара. Прычым акцэнт у структуры вытворчасці робіцца на высокарэнтабельныя культуры. Якасць пшаніцы арыентавана на яе выкарыстанне ў біятэхналагічнай вытворчасці. ААТ «Гарадзілава» ўваходзіць у лік пастаўшчыкоў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Ячмень вырошчваюць піваварны: і ў лік дзяржзаказу, і для паставак на адкрытым рынку. На гэту культуру, калі яна адпавядае даволі строгім стандартам, звычайна нядрэнны попыт і добрыя цэны.

Намеснік дырэктара па эканоміцы Алена Макрыцкая запэўнівае: пасяўная для механізатараў — гарачая пара высокіх заробкаў. Зарплаты могуць дасягаць 6–8 тысяч рублёў, але зарабляць можна прыстойна і круглы год. Высокія аграрныя тэхналогіі прадугледжваюць перманентны клопат аб раслінах: падкормку, апрацоўку сродкамі абароны, культываванне... А яшчэ тры ўкосы траў: летась у гаспадарцы нарыхтавалі 27 тысяч тон сіласу і больш за 35 тысяч тон сенажу. Зімой — вываз арганікі.

Высокая ўраджайнасць стварае аснову для жывёлагадоўлі. У ААТ «Гарадзілава» сярэднія ўдоі складаюць 10-11 тысяч кілаграм на дойную карову за лактацыю. Якасныя кармы, дбайны догляд дойнага статку, дакладна выбудаваная племянная работа даюць і колькасны, і якасны вынік. Усё малако класа экстра ўжо на працягу многіх гадоў.
Калі жывёла ў доглядзе
Кароўкі, убачыўшы (дакладней — учуўшы) гасцей, дружнай чарадой, адна за адной, выбягаюць з кароўніка ў вулічны загон, цягнуць шыі, уцягваюць паветра сваімі вялікімі пысамі... Усе — галштынскай пароды. І калі падысці да іх ушчыльную, могуць залізаць ад дружалюбных пачуццяў да чалавека. Сацыялізацыя — адно з самых дакладных сведчанняў, што жывёл добра даглядаюць, душэўна да іх ставяцца.
Намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Ілья Галадзько ў сваіх гадаванках таксама душы не чуе. Яго тэлефон увесь час звоніць: годнае ўтрыманне жывёл — клапотная і адказная справа. Неабходна ў рэжыме рэальнага часу вырашаць бясконцую колькасць арганізацыйных пытанняў: заказваць кармавыя дабаўкі, забяспечваць іх дакладную лагістыку, сачыць за наяўнасцю рэшткаў у гаспадарцы, у тэрмін выконваць ветэрынарнае забеспячэнне... Цяляты — пад асаблівым кантролем, прафілакторый для нованароджаных — пад пастаянным відэаназіраннем. У халады атрымалася захаваць маладняк. Але халоднае надвор’е небяспечнае ў доўгай перспектыве: аслабляе імунітэт. Таму патрабуецца асаблівы кантроль і прафілактыка для жывёл, якія перажылі экстрэмальны сезон.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ
Фота Лізаветы ГОЛАД