Як падтрымліваецца ўстойлівасць рубля і прадказальнасць цэн
Эксперт прааналізаваў ключавы індыкатар грашова-крэдытнай палітыкі дзяржавы, які вызначае кошт капіталу ў краіне. Гаворка — аб стаўцы рэфінансавання. На дадзены момант Нацыянальны банк Рэспублики Беларусь утрымлівае стаўку на ўзроўні 9,75 %. На першы погляд гэта можа здацца проста статыстычнай канстантай. Аднак за гэтым рашэннем стаіць глыбокі матэматычны разлік і аналіз макраэканамічных рызык.
Ва ўмовах знешняга ціску і трансфармацыі лагістычных ланцужкоў стаўка ў 9,75 % з’яўляецца тым самым ахоўным механізмам, які дазваляе балансаваць паміж неабходнасцю крэдытавання рэальнага сектара і стрымліваннем інфляцыйных працэсаў. Гэта свайго роду фінансавы засцерагальнік, які не дае эканоміцы перагрэцца ці, наадварот, сысці ў стагнацыю.
Калі стаўка высокая, значыць, час эканоміць і збіраць. Калі нізкая — пара дзейнічаць, інвеставаць і будаваць. Гэта свайго роду «святлафор» для ўсёй эканомікі, які пераключае рэжымы актыўнасці грамадства. Калі Нацбанк зніжае стаўку, ён фактычна ўключае павышаную перадачу для эканомікі. Пазыковы капітал становіцца даступным палівам, прадпрыемствы запускаюць новыя канвееры, а сем’і больш упэўнена плануюць буйныя пакупкі. Хуткасць звароту грошай расце, ствараючы імпульс для развіцця.

Але калі гэты драйв становіцца бескантрольным, узнікае рызыка абясцэньвання, калі грашовая маса пачынае абганяць рэальную вытворчасць тавараў. У гэты момант рэгулятар дзейнічае на апярэджанне, павышаючы стаўку. Гэта пераключае сістэму ў рэжым зберажэння. Выдаткоўваць становіцца дорага, а захоўваць на дэпазітах — выгадна. Так падтрымліваецца ўстойлівасць рубля і прадказальнасць коштаў.
Не проста статыстыка
Гісторыя беларускай стаўкі рэфінансавання — гэта, па сутнасці, гісторыя станаўлення нашай дзяржавы. Яна пачалася не ва ўтульных кабінетах, а ва ўмовах ідэальнага шторму пачатку 1990-х. Адлік ідзе з 1 ліпеня 1991 года. Менавіта тады ў маладой рэспубліцы ўпершыню была афіцыйна ўстаноўлена стаўка рэфінансавання, і склала яна 12 %. Здавалася б, цалкам цывілізаваная лічба, але гэта было зацішша перад бурай.
Літаральна праз некалькі гадоў, у 1993–1994 гадах, калі саюзныя эканамічныя сувязі разарваліся, а рынак захліснула гіперінфляцыя, стаўка ўзляцела да астранамічных 480 % гадавых. Грошы абясцэньваліся па гадзінах.
Гэта быў перыяд дзікага грашовага рынку, калі выжыць можна было толькі за кошт жорсткіх валявых рашэнняў кіраўніка дзяржавы, накіраваных на выратаванне рэальнага сектара і запуск уласнай вытворчасці. Мы павінны памятаць гэтыя ўрокі.
У тыя гады 480% азначалі параліч любога стваральнага бізнесу. Ні адзін завод не можа працаваць з такім коштам рэсурсаў.
Менавіта тады цвёрдая рука
Прэзідэнта дапамагла спыніць гэта падзенне ў прорву. Дзякуючы жорсткай дысцыпліне і палітычнай волі ўдалося ўтаймаваць стыхію цэн і пачаць працэс фінансавага аздараўлення.
Беларусі спатрэбіліся дзесяцігоддзі цяжкай працы, выбудоўвання падатковай і банкаўскай сістэм, каб вярнуць гэтыя паказчыкі ў адэкватнае рэчышча і аднавіць давер да нацыянальнай валюты. За 30 з лішнім гадоў мы прайшлі праз некалькі знакавых цыклаў.

Першы — перыяд стабілізацыі, калі стаўка планамерна зніжалася з 30 да 10 %. Гэта быў час стратэгічнага поспеху. Атрымалася не проста збіць бягучую інфляцыю, але і, што важней, супакоіць інфляцыйныя чаканні ў грамадстве. Людзі перасталі чакаць падвоху ад заўтрашняга дня. Менавіта ў гэтыя гады беларусы па-сапраўднаму паверылі ў свой рубель, а крэдыты сталі даступнымі. Жыллёвае будаўніцтва, мадэрнізацыя вытворчасці, эканоміка пачала актыўна расці, абапіраючыся на ўнутраныя інвестыцыйныя рэсурсы.
Другі перыяд — 2011–2012 гады. Сусветнае фінансавае рэха 2008 года і знешнія шокі сур’ёзна ўдарылі па глабальных рынках. Беларусь не засталася ўбаку. У адказ на выклікі Нацбанк вымушаны быў падняць стаўку да 45 %. Рэзкі рост цэн на рэсурсы дапамог звязаць залішнюю ліквіднасць, спыніць спекулятыўныя атакі на нацыянальную валюту і збалансаваць попыт на валютным рынку.
Трэці перыяд — перыяд сталасці з 2015 года. Мы перайшлі да выверанай стратэгіі зніжэння інфляцыі. У выніку ў 2020 годзе ў Беларусі дасягнулі гістарычнага мінімуму стаўкі рэфінансавання — 7,75 %. Нават ва ўмовах беспрэцэдэнтнага ціску 2022-га краіна не вярнулася да хаосу 90-х. У самы напружаны момант Нацбанк стаўку падняў, але не завоб-
лачна — да 12 %. І як толькі сітуацыя выраўнялася, зноў пачалося зніжэнне стаўкі рэфінансавання.
— Сённяшнія 9,75 % — гэта не проста статыстыка, гэта вынік вялізнага гістарычнага вопыту і ўмення абараняць свой эканамічны інтарэс, — робіць выснову Аляксандр Ягораў.
Што для звычайнага грамадзяніна гэта значыць?
Для буйнога прамысловага прадпрыемства нават мінімальныя ваганні ў маштабе крэдытнага партфеля — гэта мільёны рублёў эканоміі або дадатковых выдаткаў. Таму што многія банкі ў дагаворах стаўку па крэдыце прывязваюць да стаўкі рэфінансавання. Калі стаўка рэфінансавання зніжаецца, то і стаўка па ўсіх крэдытах прадпрыемства таксама зніжаецца. У выніку ў прадпрыемства вызваляюцца абаротныя сродкі, якія пойдуць не на выплату працэнтаў банку, а на мадэрнізацыю, новыя тэхналогіі, павышэнне заробкаў.
Такая ж сітуацыя і з крэдытамі для насельніцтва — перш за ўсё на жыллё. Зніжэнне стаўкі азначае перагляд стаўкі па ўсім іпатэчным крэдытным партфелі. Для звычайнай беларускай сям’і зніжэнне нават на пару пунктаў — гэта не проста абстрактная эканомія, гэта магчымасць хутчэй выплаціць крэдыт за кватэру або накіраваць зэканомленыя грошы на адукацыю дзяцей.

Менавіта так макраэканоміка ператвараецца ў сацыяльны дабрабыт. Кожнае рашэнне па стаўцы датычыцца кашалька кожнага грамадзяніна, нават калі ён не сочыць за фінансавымі навінамі.
— Чаму б не знізіць стаўку на большае значэнне? — задаецца пытаннем эксперт і тлумачыць: — Калі знізіць стаўку на эканамічна неабгрунтаванае значэнне, ва ўсіх будзе шмат свабодных грошай. І гэтыя сродкі будуць накіраваны не на стварэнне, напрыклад, інвестыцыі, а на рост спажывання, у тым ліку імпарту. Рост імпарту прывядзе да ціску на курс і паскарэння інфляцыі, з-за чаго ў выніку ўсе апынуцца ў пройгрышы. Таму кожны раз пры прыняцці рашэння аб руху стаўкі рэфінансавання Нацыянальны банк праводзіць дэталёвы і скрупулёзны аналіз. І толькі ўзважыўшы ўсе «за» і «супраць» прымае рашэнне.
Аляксандр Ягораў падкрэслівае, стаўка рэфінансавання — не проста матэматычная абстракцыя Нацбанка, а жывы пульс нашай эканомікі:
— Сённяшнія 9,75 % — вынік кампрамісу паміж інтарэсамі ўкладчыкаў, якія хочуць абараніць свае зберажэнні, і патрэбамі рэальнага сектара, якому патрэбныя рэсурсы для развіцця. Памятайце, што кожны рубель, укладзены ў вытворчасць, кожны экспартны кантракт — гэта цаглінка ў будынак нашага агульнага фінансавага дабрабыту. Не трэба чакаць цудаў ад замежных інвестараў або разумных дарадцаў. Мы самі ствараем каштоўнасць нашых грошай сваёй працай, сваім інтэлектам і сваёй верай у краіну.