Станоўчы вынік
Як нагадаў першы намеснік начальніка Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі Леанід ДЗЕДУЛЬ, асаблівая нагрузка лягла на Беларусь пасля 1991 года, калі на стадыі станаўлення дзяржавы наша краіна сам-насам засталася з наступствамі аварыі, у выніку якой каля 23 % тэрыторыі было забруджана радыенуклідамі цэзія-137 (забягаючы наперад, адзначым, што праз чатыры дзесяцігоддзі дзякуючы натуральнаму распаду і праведзеным мерапрыемствам гэты паказчык знізіўся амаль удвая — да 12 %). Самым эфектыўным быў вызначаны праграмна-мэтавы метад рэалізацыі мерапрыемстваў, і ён сябе апраўдаў.
— Сёння мы можам гаварыць аб устойлівым сацыяльна-эканамічным развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС. У рамках дзяржаўных праграм вяліся распрацоўка і рэалізацыя тэхнічных, сацыяльных, лячэбных і аздараўленчых мерапрыемстваў, і яны прынеслі чаканы вынік, — адзначыў Леанід Дзедуль.
Навуковыя інстытуты стварылі алгарытмы вытворчасці нарматыўна чыстай прадукцыі, і яны адпрацаваны, створана і ўстойліва функцыянуе сістэма сацыяльнай абароны грамадзян, у тым ліку аздараўленне і льготы. Дарэчы, у рамках дзяржаўных праграм каля 57–60 % сродкаў накіроўвалася на пытанні сацыяльнай абароны і аздараўлення. Сёння сістэмна праводзіцца спецыяльнае дыспансернае абследаванне насельніцтва як на забруджаных тэрыторыях, так і ў цэлым па краіне. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пераселеным грамадзянам, а іх, нагадаем, больш за 1,4 мільёна чалавек, у тым ліку больш за 250 тысяч дзяцей.
Адметна, што ў краіне была створана сістэма дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў. Сёння іх 12, а агульная іх умяшчальнасць перавышае 4 тысячы месцаў. Штогод у іх аздараўліваецца каля 85 тысяч дзяцей. Прычым у цэнтрах наладжаны не толькі лячэбны і аздараўленчы працэс, але і навучанне. Цэнтры працуюць круглы год, у іх рэалізуюцца культурныя, спартыўныя, патрыятычныя і іншыя мерапрыемствы, каб дзеці адчувалі сябе камфортна.
У тым ліку і за кошт дзяржпраграм забяспечваецца праезд бацькоў і суправаджаючых дарослых на перыяд знаходжання дзяцей у такіх цэнтрах.
Сітуацыя пад кантролем
Начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета Алег ДЗЮБАЙЛА падкрэсліў, што цяпер на тэрыторыі Беларусі радыяцыйнае становішча стабільнае.
— Радыеактыўны распад працягваецца, радыяцыйная сітуацыя стабільная і будзе паляпшацца. А распрацоўкі вядучых вучоных інстытутаў Акадэміі навук дазваляюць прымаць больш сучасныя меры як у ахоўным кірунку, так і для паўсядзённай жыццядзейнасці нашых грамадзян, — адзначыла начальнік упраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і аб’ектамі ядзернай спадчыны Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Кацярына ШМЯЛЁВА.
За апошнія дзесяцігоддзі сістэма радыяцыйнага кантролю не выявіла выпадкаў перавышэння радыенуклідаў у той прадукцыі, якая выпускаецца, гэтак жа як і ў сыравіне, якая паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы. На прыватных падворках за апошнія 4 гады таксама не выяўлена ніводнага выпадку па перавышэнні ўтрымання радыенуклідаў у малаку.
Для функцыянавання сістэмы радыяцыйнага кантролю ў рамках дзяржаўнай праграмы закупляліся неабходныя прыборы і абсталяванне для аснашчэння адпаведных лабараторый, прычым пераважна айчыннай вытворчасці. Вялікі аб’ём работ праводзіўся ў населеных пунктах, найперш гэта раёны Гомельскай і Магілёўскай абласцей — газіфікацыя, электрыфікацыя жылых дамоў, будаўніцтва і забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання станцыі абезжалезвання.
Праводзіцца работа па абследаванні населеных пунктаў, размешчаных на забруджаных тэрыторыях. Калі адразу пасля аварыі такіх населеных пунктаў налічвалася больш за 3,5 тысячы з насельніцтвам 2,2 мільёна чалавек, то на сёння іх 2013, дзе жыве 522 тысячы чалавек.
Як адзначыў Леанід Дзедуль, у мінулым годзе кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тое, што далейшае развіццё рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, павінна ажыццяўляцца комплексна ў рамках адпаведных праграм развіцця раёнаў, абласцей, тэматычных дзяржаўных праграм. У канцы мінулага года былі зацверджаны дзяржаўныя праграмы на чарговую пяцігодку, і мерапрыемствы, звязаныя з чарнобыльскай тэматыкай, уключаны ў 8 з іх.
Алена КРАВЕЦ