Гэты праект, прысвечаны трагічным старонкам гісторыі беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сапраўды ўнікальны. Канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» хвалюе да глыбіні душы і не пакідае нікога абыякавым. Створаны ў 2024 годзе, у 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, для паказу на Паклоннай гары ў Музеі Перамогі ў Маскве, ён атрымаў такі шырокі рэзананс, што пачалі паступаць запыты на яго прэзентацыю і ў іншых месцах. І вось на два дні, 28—29 красавіка, гэты «цягнік памяці» спыніўся ў Казані.
Зварот удзельнікам канцэрта-рэквіема «Кожны трэці» ў сталіцы Рэспублікі Татарстан накіраваў Прэзідэнт Беларусі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты праект — гімн лёсу няскоранага народа. «У яго назве закладзены сакральны сэнс: кожны трэці жыхар Беларусі не дажыў да светлага Дня Перамогі. У яго сюжэце — боль страт і небывалы гераізм, якія звязалі народы савецкіх рэспублік непарушнай братэрскай сувяззю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Вялікая Айчынная вайна ўвайшла ў кожны савецкі дом, а ваша рэспубліка стала домам для тысяч эвакуіраваных беларусаў. Нашы продкі разам набліжалі Перамогу ў тыле, разам адбівалі ўдар фашысцкай агрэсіі на полі бою, — гаворыцца ў звароце. — Мы беражліва захоўваем памяць пра сыноў Татарстана, якія знайшлі апошні прыстанак у беларускай зямлі».
«Упэўнены, што канцэрт-рэквіем „Кожны трэці“ знойдзе водгук у вашых сэрцах. Паколькі гэта наша агульная гісторыя. Мінула восем дзесяцігоддзяў, як адгрымелі залпы той вайны, але іх водгалас чуваць і сёння. Беларусь помніць. І мы зробім усё, каб памяць аб трагедыі нашых народаў стала перасцярогай для ўсяго свету. У імя жыцця. У імя будучыні», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Перад пачаткам канцэрта-рэквіема «Кожны трэці» ў Міжнародным выставачным цэнтры «Казань Экспа» прайшла цырымонія перадачы рэліквіі з месца бязлітасных баёў на Усходнім форце — цэглы Брэсцкай крэпасці-героя — і выданняў па тэме Вялікай Айчыннай вайны ў Нацыянальны музей і Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Татарстан.
Як адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір ПЯРЦОЎ, не так даўно мы думалі, што ў нашай рэспубліцы ў Вялікую Айчынную вайну загінуў кожны чацвёрты. Але работа, якую ўжо некалькі гадоў праводзіць Генеральная пракуратура Беларусі, адкрыла жахлівыя факты забойстваў і масавых пахаванняў, і цяпер мы ведаем, што загінуў кожны трэці.
«Каб захаваць гэту памяць, мы выдаём кнігі. Інтэрнэт не вечны, нешта трапляе ў кэш, нешта знікае назаўсёды, а кніга — гэта тая крыніца, якая заўсёды будзе стаяць на паліцы. Дзеці могуць узяць нашу кнігу і прачытаць пра тую самую гістарычную праўду, якую мы захоўваем, праводзячы канцэрт-рэквіем „Кожны трэці“ па рэгіёнах Беларусі і цяпер ужо Расійскай Федэрацыі», — сказаў Уладзімір Пярцоў.
Ён адзначыў, што работа па захаванні гістарычнай памяці, якая праводзіцца ў Татарстане, сугучная з той, што праводзіцца ў Беларусі. І менавіта так павінны рабіць сыны, унукі і праўнукі герояў, якія прынеслі перамогу, падкрэсліў Уладзімір Пярцоў.
«Моладзі складана расказваць нешта павучальным шляхам, ментарскімі лекцыямі. Нават падручнікі яны ўспрымаюць неахвотна, бо цяпер эпоха гаджэтаў, шоу і кліпаў, — дадаў ён. — Па досведзе правядзення акцыі ў папярэдніх гарадах, пасля прадстаўлення маладыя людзі сапраўды выходзяць з іншым поглядам. Яны пранікаюцца, убіраюць у сябе гэту трагедыю і тыя эмоцыі, якія жадалі перадаць аўтары і акцёры, і ўжо інакш ставяцца да тых падзей. Такія маладыя людзі ніколі не дадуць фальсіфікатарам нават спробу ўкласці ў іх сэрцы, душы і розумы ілжывую гістарычную праўду.
У гэтым галоўная мэта канцэрта-рэквіема «Кожны трэці».
Намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Татарстан Лэйла Фазлеева падзякавала кіраўніцтву Беларусі і камандзе, якая працавала над маштабным праектам: «Гэта вельмі крывавая вайна, якая ў сэрцы кожнага адклікаецца смуткам і памяццю. 9 Мая — вялікі Дзень Перамогі. Канцэрт-рэквіем — у памяць аб тых ветэранах, якія ўжо не з намі, і тых, якія сёння жывуць на нашай зямлі. Бо дзякуючы ім ганарліва гучаць гімны нашых краін і мір прыйшоў у нашы дамы».
Па словах генеральнага прадзюсара канцэрта Ганны СЯЛУК, праект сапраўды вялікі, складаны: «І я вельмі рада, што ў нас з’явілася магчымасць прэзентаваць яго на адной з найлепшых пляцовак Расійскай Федэрацыі. Для Казані мы не маглі не падрыхтаваць нешта новае. Упершыню за два гады ў фінале праекта — прэм’ера „Песні дзеля жыцця“. Яна збольшага закранае тэматыку недапушчальнасці абсалютнага зла ў нашым свеце».
Канфігурацыя залы і дадатковыя тэхнічныя магчымасці пляцоўкі МВЦ «Казань Экспа» дапамаглі зрабіць казанскую прэм’еру канцэрта-рэквіема не падобнай на яго паказ на іншых расійскіх пляцоўках. Для наведвальнікаў таксама адкрыліся тры выстаўкі, якія дазваляюць больш падрабязна азнаёміцца з тэмай партызанскага руху, паспрабаваць ваенны хлеб і напісаць ліст родным і блізкім у знакамітым франтавым трохвугольніку. Упершыню для казанскага канцэрта была зроблена памятная кніга, у якой гледачы могуць пакідаць свае ўражанні.
Віктар ЛЮБІМАЎ