Top.Mail.Ru

Як алергіку перажыць сезон цвіцення раслін?

Вольха, ляшчына, а якраз цяпер цвіце бяроза — самы галоўны мучыцель алергікаў. За ёй рушаць злакі, пустазелле, а ў дадатак узмацняць пакуты будуць споры плесневых грыбоў, якія прысутнічаюць у паветры. Лічыцца, што на пылок раслін рэагуе да 20 % людзей. Як не зблытаць паліноз са звычайнай прастудай і ці можна яго вылечыць, расказвае старшы выкладчык кафедры педыятрыі Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, урач-алерголаг-імунолаг, урач-педыятр Юлія ЗАЙЦАВА.


Не блытайце з прастудай

Сімптомы алергіі вельмі нагадваюць сімптомы прастуды. Таму, калі чалавек ніколі раней не сутыкаўся з палінозам (сезоннае алергічнае захворванне, якое выклікаецца пылком раслін), яму будзе складана зразумець, прастуда гэта ці не. У такіх выпадках рэкамендуецца не ігнараваць сімптомы і звяртацца да ўрачоў.

Сярод праяў алергіі могуць быць слёзацёк, сверб павекаў або ў носе, насаглотцы, пяршэнне ў горле, чханне, пакашліванне, таксама назіраюцца вадзяністыя выдзяленні з носа. Бацькі скардзяцца, што дзеці пачынаюць горш спаць. Звычайна сімптомы праяўляюцца раніцай, калі канцэнтрацыя пылку павялічаная, а ўдзень могуць знікаць. Таксама праявы могуць быць вельмі вострыя — высыпанні, бронхаспазм. Гэта найбольш сур’ёзныя выпадкі, якія часам патрабуюць шпіталізацыі.

У дарослых сімптомы часта паўтараюцца з году ў год, людзі да іх прывыкаюць, часам ігнаруюць.

— Калі раптам на вуліцы становіцца цёпла, павялічваецца тэмпература, свеціць сонца, тады цітры пылку павышаюцца ў шмат разоў за некалькі гадзін. З-за гэтага і сімптомы могуць рэзка ўзмацніцца, таму клінічная карціна непастаянная. Але тым не менш, як правіла, сімптомы прыходзяць штогод, у пэўны сезон — калі пачынаецца цвіценне дрэў, лугавой травы, — расказала ўрач.

Калі ў дзіцяці ці ў дарослага ёсць падобныя сімптомы, якія могуць у залежнасці ад надвор’я ўзмацняцца, трэба звярнуцца да спецыяліста, каб дакладна выключыць прастуду. Лячэнне гэтых захворванняў адрозніваецца.

Гарадская праблема

— Заўважана, што сярод гарадскога насельніцтва колькасць выпадкаў алергій вышэйшая, — адзначае Юлія Зайцава. — У вёсцы менш пакутуюць на алергіі. Збольшага гэта звязана з тым, што палютанты (забруджвальныя рэчывы), якія прысутнічаюць у атмасферы, у гарадскім асяроддзі валодаюць павышанай актыўнасцю і канцэнтрацыяй. І яны павышаюць алергічнасць банальных алергенаў, якія ёсць вакол нас.

Сярод самых эфектыўных метадаў лячэння — алергенспецыфічная імунатэрапія (АСІТ), якая праводзіцца менавіта тым алергенам, на які ў пацыента выяўляецца наймацнейшая алергія. Пасля лячэння АСІТ-тэрапіяй бываюць выпадкі, калі дзіця не сутыкаецца з праявамі палінозу на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў. Але заўсёды ёсць рызыка, што сімптомы могуць вярнуцца. Тады спатрэбіцца паўторны курс АСІТ, магчыма, іншымі прэпаратамі.

— Калі алергіяй займаешся і лечыш, яна паціху ідзе на спад. У дзяцей вельмі пластычная імунная сістэма, іх у рэмісію перавесці дастаткова лёгка, калі рабіць неабходныя мерапрыемствы, — адзначыла ўрач.

Як самастойна аблегчыць стан?

Пацыенты таксама могуць прыняць меры для паляпшэння стану. Існуе, напрыклад, пылковы маніторынг, які даступны для назірання на розных сайтах і ў дадатках. Там можна супаставіць свае сімптомы з сімптомамі іншых людзей на прылеглай тэрыторыі або нават з цітрамі пылку ў паветры.

Алерголаг параіла вулічнае адзенне прыбіраць у асобныя шафы і чахлы, праціраць пасля вуліцы абутак. Пасля прагулкі рэкамендуецца прыняць душ, памыць твар, прамыць нос фізрастворам.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю