Top.Mail.Ru
0

Дарогу зрабілі, цяпер па ёй можна ездзіць без праблем

29.04.2026 | 20:04

Сярод мноства відэасюжэтаў, якія апублікаваныя ў папулярнай сацсетцы TіkTok, мы звярнулі ўвагу на той, дзе ўзнімаецца праблема складанасці трапіць на могілкі, што адносяцца да вёсак Слабуты і Сарочына Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці. 


«Дарога праз поле топкая. Ды і як усім ахвотным не ў паходным адзенні можна дабрацца туды? Да таго ж на гэтых могілках ёсць захаванні салдат, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Хто за імі павінен сачыць?» — такое пытанне было апублікавана ў TіkTok.

Трэба адзнчыць, што відэа датавана 18 красавіка — да Радаўніцы зставалася яшчэ некалькі дзён і была магчымасць дарогу падправіць. Як нас запэўнілі на месцы, сітуацыя ўжо выпраўлена.

«Гэта з’ява была часовай»

Каб дэталёва разабрацца, мы перш за ўсё звярнуліся да старшыні Маляціцкага сельвыканкама Уладзіміра РЫБЧЫНСКАГА.

— Дарога на могілкі вёсак Слабуты і Сарочына на самай справе існуе. Напэўна, для людзей, якія не змаглі дабрацца на Радаўніцу да месцаў пахавання, стаў праблематычным праезд туды па прычыне дрэннага надвор’я — у выніку моцных дажджоў дарогу размыла, — адказаў старшыня сельвыканкама. — Аднак гэта з’ява была часовай. Мы хутка адрэагавалі на зварот грамадзян — звярнуліся ў арганізацыю, якая непасрэдна займаецца рамонтам дарог, што праходзяць праз вёскі Маляціцкага сельсавета. Былі праведзены ўсе неабходныя работы, і праехаць да могілак ужо можна без праблем.

Цяпер можна даехаць і на легкавушцы 

Пра тое, якія канкрэтна работы былі праведзены, расказаў старшы майстар, які выконвае абавязкі галоўнага інжынера філіяла КУП «Магілёўаблдарбуд» ДРБУ № 198, Яўген БУРАЎКІН.

— Каб на могілкі, што адносяцца да вёсак Слабуты і Сарочына Маляціцкага сельсавета, можна было дабрацца без праблем, было праведзена прафіляванне дарогі, месцамі зрабілі нарэзку кюветаў і падсыпку. Аднак некаторыя грамадзяне не змаглі праехаць на вясковыя могілкі па прычыне таго, што пасля моцных дажджоў па дарозе праехаць цяжка — ад вялікай вагі сельскагаспадарчай тэхнікі ўтвараюцца каляіны. У цяперашні час руху аўтамабіляў па дарозе праз поле нічога не перашкаджае. 

І ўсё ж немагчыма гарантаваць, што стан дарогі не будзе пагоршаны па прычыне праезду буйнагабарытнай сельскагаспадарчай тэхнікі — ад вялікіх колаў зноў застануцца каляіны, паколькі дарога грунтавая. Цяпер на легкавым аўтамабілі да могілак можна праехаць без цяжкасцяў, — запэўніў адказны спецыяліст.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю