Top.Mail.Ru

У аграрыяў кукуруза не на апошнім месцы, наадварот — на яе робіцца вялікая стаўка

У гаспадарках Гомельшчыны пад галоўную кармавую культуру — кукурузу — у гэтым сельскагаспадарчым сезоне адводзяць каля 300 тысяч гектараў, з іх больш за 90 тысяч — на зерне. Каля 30 % будучага ўраджаю «каралевы палёў» плануюць адправіць на плюшчэнне. Працуюць цяпер аграрыі на сяўбе гэтай культуры з улікам умоў надвор’я, аднак тэмп не спыняюць і імкнуцца выконваць усе неабходныя работы ў аптымальна тэхналагічныя тэрміны. Гэта вельмі важна, бо адаб’ецца на ўраджайнасці, а як вынік — і на поспехах у жывёлагадоўлі. За працэсам сяўбы карэспандэнт «Звязды» назірала ў КСУП «Дземяхоўскае» Рэчыцкага раёна.


І лірыка, і фізіка...

Механізатар нібы сцягае — пакідае роўныя «шыўкі» па «тканіне» поля. Так можна перадаць працэс сяўбы. Працаўнік за штурвалам трактара «малюе» па раллі «маркерам» — часткай сеялкі дакладнага высеву. Гэта навясное прыстасаванне з дыскам пакідае разорку, каб ад яе выстраіць прамыя пасеяныя радкі. Калі праз пэўны час на полі падымецца вясновы сакавіты «вожык» усходаў — будзе відаць, як гэтыя «сцяжкі-шыўкі» механізатара стварылі раўнамерныя шэрагі пасеянай культуры. Цяпер такі малюнак ствараецца на кукурузных «квадратах».

— Важна захаваць глыбіню высеву на ўзроўні 5 сантыметраў, — тлумачыць дэталі наладкі сеялкі механізатар КСУП «Дземяхоўскае» Мікалай ДРЫЖАЙ.


Перад выхадам штодзень — абавязковае тэхнічнае абслугоўванне самога трактара і сеялкі. На змену работнік заступае ў сем гадзін і знаходзіцца ў полі да сямі вечара. Кажа, пры такім вясновым светлавым дні ўжо можна і да васьмі працаваць. Абед таксама ў полі.

— Працуем стабільна. Нават калі нядаўняе пахаладанне прыйшло і крыху сняжыла, на работу гэта ніяк не паўплывала. Засяваю за змену 35 гектараў, — дадае механізатар.

Кажа, што яму цяпер толькі давай працу. На гэтых палях і комплексах ён, можна сказаць, з маленства. Бацька ўсё жыццё працаваў на трактары і камбайне, маці — на адкорме бычкоў на комплексе. Сам Мікалай з сямнаццаці гадоў у «Дземяхоўскім». 13 гадоў працаваў механізатарам, потым сышоў на некалькі гадоў — працаваў на фуры. Свет пабачыў, але ў выніку дакладна вырашыў:

— Трэба працаваць дома! Вярнуўся якраз да пачатку сезона.

Працаваць яму падабацца. Задаволены і тэхнікай, у тым ліку сеялкай дакладнага высеву мазырскай вытворчасці.

— Проста шыкоўная! — дае сваю ацэнку механізатар.

Цяпер працуе на кукурузе, якая не любіць раннюю сяўбу — па халадку, як кажуць аграрыі, — тэмпы не нарошчваюць, але стабільна «закрываюць» пасевамі ўчасткі, бо вільгаць у глебе ўжо нельга празяваць. Каб не губляць бясцэнны час, у загрузцы кукурузы ў сеялку абавязкова дапамагае яшчэ адзін працаўнік. Зерне апрацаванае і патрабуе захавання правілаў абыходжання з ім. Таму на сяўбе Мікалаю Дрыжаю з загрузкай кукурузы дапамагае слесар Раман МЯСНІКОЎ. Ён падзяліўся, як работнікі на розных вытворчых пазіцыях перажываюць за вынік:


— У гаспадарцы я сем гадоў і вельмі рады, што працую тут. Пачаўся «гарачы» сезон, будзем старацца.

У Рамана свая гісторыя пра тое, як работа ў гэтай гаспадарцы літаральна змяніла яго жыццё. Ён перасяленец з Луганскай вобласці. На радзіме толькі скончыў школу, адвучыўся на трактарыста і пераехаў у Беларусь. Тут, сцвярджае, ужо яго родны дом. Жыллё ёсць, праца таксама, і ён вельмі ўдзячны і нашай краіне, і тым, хто побач, за дапамогу і добрае стаўленне.

Пасеяць і дагледзець

Аграрыям КСУП «Дземяхоўскае» вельмі важна вытрымаць графік усіх палявых работ.

— Для кукурузы аптымальная тэмпература глебы — плюс 8—10 градусаў. Цяпер — каля васьмі. Як толькі ўсталюецца цяпло, тэмпы сяўбы паскорым. Пакуль ідзём роўна, не фарсіруем, але і не змяншаем ход, каб паспець пасеяць у вільготную глебу, — тлумачыць галоўны аграном КСУП «Дземяхоўскае» Васіль АНІСАВЕЦ.

Пад кукурузу назапасілі дастаткова арганічных і мінеральных угнаенняў. Калійнымі зямлю заправілі загадзя, азотныя ўносяць непасрэдна падчас сяўбы. Належны догляд за раслінамі забяспечаць у перыяд іх вегетацыі. Акрамя таго, гаспадарка актыўна сее аднагадовыя культуры на корм жывёле.

— Па вясновай сяўбе закрылі свой план — 700 гектараў збожжавых. У цэлым у структуры пасяўных плошчаў у нас 500 гектараў азімага рапсу і 1750 гектараў азімых збожжавых: жыта, пшаніца, ячмень, трыцікале. Цяпер якраз заканчваем другую падкормку азімых пасеваў, — гаворыць дырэктар КСУП «Дземяхоўскае» Іван Анісавец.


Паралельна з сяўбой кукурузы першарадная задача для аграрыяў цяпер яшчэ і хімічная праполка азімых пасеваў. Пасля, як ўзыдзе і падрасце кукуруза, пачнуць вырашаць тыя ж тэхналагічныя задачы і па ёй. Агульны план па гэтай культуры і на зерне, і на зялёную масу ў гаспадаркі — 1500 гектараў.

— Адна з найважнейшых задач — забяспечыць гаспадарку неабходнай колькасцю кукурузы для патрэб жывёлагадоўлі. У нас добры запас кармоў на 1,5 года, што і патрабуецца па тэхналогіі вырошчвання буйной рагатай жывёлы. Але і вытворчая база вялікая — чатыры малочнатаварныя фермы і комплекс па дарошчванні жывёлы, — звяртае ўвагу Іван Анісавец. — Арганізуем работу так, каб быў станоўчы вынік. Наша галоўнае правіла ў гаспадарцы — каб кожны на сваім працоўным месцы меў сваю зону адказнасці і імкнуўся да поспеху ў рабоце.

Наталля КАПРЫЛЕНКА,

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю