Top.Mail.Ru

14 грамадзянскіх ініцыятыў будуць сёлета рэалізаваныя на Міншчыне

Акцэнт — на добраўпарадкаванні

У шэрагу праектаў-пераможцаў сёлетняга конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў — добраўпарадкаванне сажалкі ў Бярэзінскім раёне, рэалізацыя турыстычнага праекта ў Чэрвеньскім раёне, стварэнне і добраўпарадкаванне культурна-гістарычнай прасторы ў Барысаўскім раёне. Адметна, што ў рэалізацыі кожнага з іх будуць браць актыўны ўдзел мясцовыя жыхары. Больш падрабязна аб значнасці прапанавых праектаў і падтрымку з боку грамадзян расказала карэспандэнту «Звязды» намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля ЯКУБІЦКАЯ.

Па рашэнні Мінскага аблвыканкама фонд конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў у 2026 годзе павялічаны да аднаго мільёна беларускіх рублёў. А магчымасць рэалізаваць самыя цікавыя і патрэбныя мясцовым жыхарам праекты сёлета з’явіцца не толькі ў пераможцаў. Падтрымку атрымаюць аўтары праектаў яшчэ з пяці раёнаў вобласці — Дзяржынскага, Крупскага, Мінскага, Слуцкага і Старадарожскага.

«Летась быў рэалізаваны шэраг буйных праектаў, — адзначыла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. — Напрыклад, добраўпарадкавалі парк у аграгарадку Беразінскае Маладзечанскага раёна. Раней гэта быў стары парк, якому мы разам з мясцовымі жыхарамі надалі новае аблічча. У прыватнасці, там з’явіліся спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, пешаходныя дарожкі, якія вядуць да возера. Запатрабаванасць добраўпарадкаванай сучаснай тэрыторыі прадыктавана яе размяшчэннем: побач школа, дзіцячы садок, жылы сектар. У парку можна гуляць як звычайныя людзі, праводзіць школьныя мерапрыемствы. Там жа ёсць дрэва жаданняў. Хоць гэта ў некаторай ступені і легенда, але людзі вераць, ім гэта надае сілу».

Усяго на Міншчыне сёлета будзе рэалізавана 14 грамадзянскіх ініцыятыў — 9 асноўных і 5 — за кошт дадатковага фінансавання.

А менавіта:

• Бярэзінскі раён — добраўпарадкаванне сажалкі «Каля родных вытокаў»

• Барысаўскі раён — стварэнне і добраўпарадкаванне культурна-гістарычнай прасторы «Сквер Памяці, Веры і Адзінства»

• Вілейскі раён — добраўпарадкаванне тэрыторыі вадаёма «Любанскі» «Бераг мары, або Другое дыханне»

• Клецкі раён — стварэнне і добраўпарадкаванне шматфункцыянальных міні-цэнтраў «Вёсачка мая»

• Нясвіжскі раён — стварэнне і добраўпарадкаванне зоны адпачынку «Крыніцы»

• Салігорскі раён — добраўпарадкаванне зоны адпачынку ў вёсцы Вялікія Заўшыцы

• Уздзенскі раён — добраўпарадкаванне сквера ў цэнтры аграгарадка Возера

• Чэрвеньскі раён — турыстычны праект «След маці: ад Ігумена да зоркі Венеры»

За кошт дадатковага фінансавання:

• Дзяржынскі раён — добраўпарадкаванне парку «Парк сяброў»

• Крупскі раён — добраўпарадкаванне тэрыторыі сквера і цэнтральнай плошчы «Мястэчка Бобр — спадчына і будучыня»

• Мінскі раён — стварэнне спартыўнай пляцоўкі і добраўпарадкаванне крыніцы пітной вады ў вёсцы Пціч

• Слуцкі раён — стварэнне паркавай зоны ў цэнтральнай частцы аграгарадка Вясея Слуцкага раёна

• Старадарожскі раён — устаноўка закрытай веластаянкі «Веладом»

«90 % ад агульнага кошту грамадзянскай ініцыятывы — грашовыя сродкі з бюджэту, — адзначыла Наталля Якубіцкая. — 10 % у сваю чаргу — суфінансаванне грамадзян. Для нас гэта важна, таму што калі людзі накіроўваюць уласныя грашовыя сродкі, яны асабліва зацікаўлены ў тым, каб захаваць тое, што ствараецца сумеснымі намаганнямі. Прапанаваныя праекты з’яўляюцца адначасова аб’ектамі добраўпарадкавання, эстэтыкі, паляпшаюць якасць і ўзровень жыцця на сяле, а таксама дазваляюць мясцовым жыхарам адчуць сябе сапраўднымі гаспадарамі сваёй тэрыторыі».

Яна ВАЛАСАЧ

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю