Top.Mail.Ru
0

У гісторыі шматдзетнай сям'і з Хойнікаў шчаслівы фінал

«Ад усяго сэрца — дзякуй!»

Праблемнае пытанне шматдзетнай маці з Хойнікаў і яе сям’і, у якім падрабязна разбіралася карэспандэнт «Звязды» і працягвала сачыць за развіццём сітуацыі, канчаткова вырашана дзякуючы рашэнню Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. У сям’і важная і доўгачаканая навіна: іх маці атрымала грамадзянства Рэспулікі Беларусь.

Нагадаем, некалькі месяцаў таму жыхарка Хойнікаў Яўгенія Гуцуцуй у сацыяльнай сетцы апублікавала відэазвароты да кіраўніка дзяржавы аб дапамозе яе маці Алене Панцялееўне, якая апынулася ў крытычнай сітуацыі. Стан здароўя пажылой жанчыны пагоршыўся пасля перанесенай аперацыі і абвастрэння хранічных захворванняў. Аднак з-за адсутнасці беларускага грамадзянства меддапамогу ёй можна было аказваць толькі на платнай аснове, што для яе і яе родных было не па сілах. У сям’і былі не толькі фінансавыя цяжкасці, але і застарэлыя праблемы з афармленнем цэлага шэрагу дакументаў, без якіх немагчыма было далейшае вырашэнне пытання з грамадзянствам.

Хойніцкі райвыканкам дасканала разбіраўся ў праблемнай сітуацыі і ўзяў яе на кантроль, падключыліся ўсе адказныя службы. Паралельна з арганізацыяй медыцынскай дапамогі жанчыне была выдзелена адрасная сацыяльная падтрымка, аказалі ёй дапамогу і з афармленнем неабходных дакументаў. З улікам складанага фінансавага становішча сям’і і таго, што дочкі не маглі аказаць маці неабходную матэрыяльную падтрымку, было прынята рашэнне выдзеліць аднаразовую адрасную сацыяльную дапамогу Алене Панцялееўне ў максімальным памеры — 4910 рублёў. Спецыялісты службы па грамадзянстве і міграцыі Хойніцкага РАУС з улікам стану здароўя заяўніцы, каб працэс ішоў без затрымак, на ўсіх этапах суправаджалі афармленне дакументаў, неабходных для разгляду на атрыманне грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Жыхарка Хойнікаў Яўгенія Гуцуцуй ад свайго імя, імя сваёй маці Алены Панцялееўны і ўсёй іх вялікай сям’і перадала словы самай шчырай удзячнасці Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за прынятае рашэнне.

Сям’я падзякавала за падтрымку і дапамогу Хойніцкаму райвыканкаму і асабіста намесніку яго старшыні Алене Клачковай, спецыялістам сацыяльных службаў, супрацоўнікам службы па грамадзянстве і міграцыі Хойніцкага РАУС, а таксама медыкам Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы за іх прафесіяналізм і чалавечнасць, якая ў складанай сітуацыі аказалася не менш важнай, чым лекі.

«Дзякуй, што ў нас такі Прэзідэнт, які чуе просты народ і заўжды на баку людзей!» — такое пасланне ў адрас Аляксандра Лукашэнкі пакінула ў сацыяльнай сетцы жыхарка Хойнікаў, каб падзяліцца радасцю сваёй сям’і.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю