Люцыя Рукша ўжо 45 гадоў жыве ў Свіслацкім раёне. Сваё жыццё звязала з сельскай гаспадаркай. Працавала на розных пасадах і цяпер займае пост дырэктара Свіслацкай раённай племстанцыі. Заўсёды адрознівалася разважлівасцю і моцным характарам, а яшчэ яна вельмі любіць сваю работу. І нават будучы зусім юнай займала кіруючыя пасады.
Нечаканае рашэнне
Нарадзілася Люцыя Рукша ў сельскай мясцовасці, але доўгі час жыла ў Гродне. Пакуль вучылася ў школе, хацела быць настаўнікам: хадзіла на падрыхтоўчыя курсы, старанна рыхтавалася да паступлення ў Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Янкі Купалы.
— Скончыла школу і пайшла падаваць дакументы, — успамінае Люцыя Станіславаўна. — Але ў нейкі момант я завярнула да плошчы Леніна і пайшла па вуліцы Дзяржынскага ў бок Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, цяпер гэта аграрны ўніверсітэт. Сама да гэтага часу не ведаю, як так выйшла. Проста ў моманце перадумала. Падала дакументы і доўга не казала бацькам пра сваё рашэнне, аднак пасля яны не былі супраць. Нягледзячы на тое, што працяглы час жыла ў горадзе, я сумавала па вёсцы, па тым ладу жыцця. Так што вырашыла ісці за сваім сэрцам і адвучылася на зааінжынера.
Прыйшлася да «Новага Двара»
Тое спантаннае рашэнне было абсалютна дакладным. Люцыя Рукша ні разу не пашкадавала аб зробленым выбары. Пасля атрымання дыплома трапіла па размеркаванні на племзавод «Новы Двор» Свіслацкага раёна. Кар’ерны шлях пачала з пасады заатэхніка-селекцыянера. Маладая супрацоўніца адразу добра сябе зарэкамендавала. Яе адправілі вучыцца ў Вышэйшую селекцыйна-племянную школу пры Усесаюзным інстытуце жывёлагадоўлі ў Маскве.
— Працаваць у «Новым Двары» я пачала ў 1981 годзе, а ў 1985-м ужо заняла пасаду галоўнага заатэхніка. Заўсёды адчувала падтрымку з боку калег: са мной раіліся, паважалі мяне. Думаю, справа ў тым, што я сапраўды люблю сваю работу. Мне заўжды хацелася расці, развівацца, таму валодала шырокімі ведамі.
Імкненне ўсё палепшыць
У 2008-м Люцыя Станіславаўна ўзначаліла СВК «Карнадзь». Тут яна працавала да 2012 года, а потым заняла пасаду намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. На кожным працоўным месцы старалася нешта палепшыць, мадэрнізаваць і заўсёды казала «не» абыякавасці.
Напрыклад, у СВК «Карнадзь» яна грунтоўна ўзялася за паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Закупіла МАЗы, трактары, машыны. Вядома, вялікая ўвага была ўдзелена жывёлагадоўлі, паколькі мая суразмоўніца заўсёды заставалася заатэхнікам.
— Пайшло ў плюс малако, надоі імкліва раслі. Кіраўнікі іншых гаспадарак усё пыталіся, адкуль я бяру такія надоі, — усміхаецца Люцыя Рукша. — Я з усімі заўсёды добра камунікавала, дапамагала тэхнікай калегам. У нас пасяўныя плошчы невялікія, таму была такая магчымасць.
Заставацца чалавекам
У 60 гадоў Люцыя Рукша выйшла на пенсію, аднак на заслужаным адпачынку прабыла ўсяго два тыдні. Яе папрасілі часова ўзначаліць Свіслацкую раённую племстанцыю. Праўда, гаворка ішла пра месяц, але вось ужо сем годоў яна ўзначальвае яе.
Асноўная задача племстанцыі — узнаўленне статка. Галоўны вектар работы — асемяненне буйной рагатай жывёлы. Гэтым займаюцца ветэрынарныя гінеколагі.
— Ад таго, як мы спрацуем, залежыць, колькі малака і мяса будзе ў Свіслацкім раёне. Калі я толькі прыйшла сюды, паказчыкі не былі такімі высокімі, як цяпер. Мой вопыт дазволіў палепшыць работу, і я з радасцю падказваю, калі да мяне звяртаюцца па дапамогу ці параду. А яшчэ ўзяла дадатковую працу. У нас ёсць спецыялісты, якія займаюцца абрэзкай капытоў. Закупіла ўсё неабходнае абсталяванне. Паслуга карыстаецца папулярнасцю не толькі ў Свіслацкім раёне.
Люцыя Станіславаўна пераканана, што кіраўнік павінен у першую чаргу прыслухоўвацца да сваіх супрацоўнікаў і заўсёды быць на сувязі з камандай. Важна, каб упраўленец карыстаўся аўтарытэтам, але пры гэтым умеў знаходзіць падыход да кожнага.
— Адукаванасць і прафесіяналізм кіраўніка дазваляюць яму даваць каштоўныя парады спецыялістам і садзейнічаць іх навучанню. Аднак самае галоўнае — павага да людзей. Трэба быць чалавекам. Кіраўнік павінен ставіцца да супрацоўнікаў з разуменнем. Важна ўменне дамаўляцца і слухаць адно аднаго. Гэта дапамагае вырашаць любыя пытанні і падтрымліваць пазітыўную працоўную атмасферу. Наяўнасць калектыўнага дагавора і сацыяльных гарантый таксама спрыяе ўмацаванню адносін у калектыве. Але мяне нельга назваць мяккім кіраўніком. Калі бачу, што чалавек працуе дрэнна — маўчаць не буду! Бо заўсёды сама старанна працую. Як гаворыцца, патрабуеш — адпавядай.
У кожным слове маёй суразмоўніцы адчуваецца захапленне сваёй справай. Яна з вялікім задавальненнем перадае веды моладзі. Вось і цяпер узяла пад крыло маладога спецыяліста. Люцыя Рукша пераканана, што моладзь абавязкова трэба вучыць і пры гэтым быць цярплівымі. Зразумела, што не ўсё адразу будзе атрымлівацца, недзе трэба некалькі разоў растлумачыць, пачакаць, пакуль чалавек разбярэцца. Затое потым так прыемна бачыць поспехі сваіх падапечных!
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота «Свіслацкая газета»