Top.Mail.Ru
0

Мала якая гаспадарка Навагрудчыны можа пахваліцца такой колькасцю сямейных дынастый як лясгас

Лес на далоні

Прычыны таму могуць быць розныя, заўважае дырэктар дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Навагрудскі лясгас» Дзмітрый КАРЭНЮК. І гэта не толькі любоў да лесу, пачуццё адказнасці за пэўны куток, але і ўплыў старэйшага пакалення. З малых гадоў дзеці не проста чуюць бацькоўскія гісторыі, яны дапамагаюць у гадавальніках, назіраюць за тым, як падрастаюць дрэвы.

— Менавіта з такіх юных памочнікаў пасля атрымліваюцца самыя надзейныя кадры, — упэўнены дырэктар. 

— З маленства яны засвойваюць, што лясная гаспадарка — гэта не пра рамантыку на свежым паветры, а пра абавязкі, якія трэба выконваць у любое надвор’е — і ў спякоту, і ў маразы, і нават, як гэтай зімой, прабірацца па вялікіх сумётах. 

Тая ж пасадка лесу — гэта вялікія аб’ёмы і інтэнсіўнасць: каб дрэвы прыжыліся, трэба паспець укласціся ў кароткі час. У Навагрудскім лясгасе летась, напрыклад, было пасаджана 660 гектараў! А маладыя дрэўцы яшчэ трэба «выхадзіць», некалькі гадоў сачыць, каб іх не заглушалі іншыя расліны.

Галоўнае, за што гаспадарка цэніць свае сямейныя дынастыі, — за адносіны людзей да справы.

Надзейны тыл

Дзмітрый Карэнюк адзначае, што сёння ў лясную гаспадарку ідзе ўсё больш жанчын, часта яны становяцца памочнікамі ляснічых. Адзін з такіх прыкладаў — сямейная дынастыя Краскоўскіх. У Навагрудскім лясгасе сёння яе прадстаўляюць дзве сям’і. 

У кожнай муж — ляснічы, а жонка — памочнік ляснічага.

— Часам людзі пытаюцца ў нас, ці цяжка жыць і працаваць разам? Давер, які склаўся ў сям’і, насамрэч моцна дапамагае. Гэта як надзейны тыл, — расказваюць старэйшыя прадстаўнікі дынастыі Сяргей і Анжаліка Краскоўскія. — Мы не дзелім, дзе чые абавязкі. Гэта чужы чалавек можа спаслацца, напрыклад, што ў яго працоўны дзень скончыўся — і сысці. Мы адчуваем, што разам нясём адказнасць і за агульную справу, і за людзей, якія з намі побач.

Яны пажаніліся 33 гады таму. У Навагрудак прыехалі ў 1993 годзе — пасля вучобы ў Беларускім тэхналагічным інстытуце шукалі, каб два працоўныя месцы былі ў адным раёне. Перш, чым склаўся такі працоўны тандэм, паспелі папрацаваць кожны на розных пасадах. А калі за плячыма ўнікальны вопыт, то часам і дома, і нават за святочным сталом у іх не абыходзіцца без працоўных дыскусій. Сваякі нават жартуюць, што трэба спыняць «лясную пяціхвілінку». Сёння да сямейных нарад далучаецца і малодшае пакаленне — сын Уладзіслаў і нявестка Дар’я, якія кіруюць суседнім лясніцтвам.

— Вучымся адзін у аднаго, — тлумачыць Сяргей Краскоўскі. — Мы больш кансерватыўныя, а моладзь мабільная, хутка перастройваецца, лясная гаспадарка цяпер моцна мяняецца, прыходзяць новыя тэхналогіі.

Ён узгадвае, як раней праходзілі спаборніцтвы вальшчыкаў лесу, а сёння паспрабуй яшчэ знайсці юніёраў для такіх мерапрыемстваў. Сучасную моладзь нават добрым заробкам цяжка спакусіць на складаную працу. Як і ў іншых галінах, праблема недахопу працоўных рук вырашаецца з дапамогай тэхнікі, таму і вырубкі становяцца больш масавымі. Той жа комплекс «Харвестэр» за змену робіць столькі, колькі аднаму вальшчыку не пацягнуць за месяц. Натуральна, такія вырубкі больш заўважныя абывацелям, якія пасля выказваюць «занепакоенасць» у інтэрнэце. Пры гэтым упускаюць, колькі працы робіцца для аховы і аднаўлення лясных рэсурсаў, і тое, што тэрыторыі лясгасаў прырастаюць. Напрыклад, няўдобіца, драбнаконтурныя ўчасткі, на якіх сучаснай сельскагаспадарчай тэхніцы цесна, ідуць пад лесапасадкі.

— Мы бачылі, як мяняўся ландшафт, як на закінутых дварах, дзе былі крапіва і чартапалох, падымаецца лес. Я памятаю, як у пэўным месцы вялася рубка — а сёння там дрэвам ужо пад трыццаць гадоў, — расказвае Сяргей Станіслававіч. — Работа ў лясной гаспадарцы хоць і няпростая, але разнастайная, «жывая».

Анжаліка Краскоўская дадае, што і памочнікам ляснічых даводзіцца займацца не толькі дакументацыяй і ўпраўленчай працай, трэба выязджаць у лес, вырашаць разнастайныя пытанні.

Сяргей Краскоўскі ўпэўнены: узаемазамяняльнасць і падтрымка ў лясной гаспадарцы неабходныя. Да калектыву ён ставіцца як да сям’і, дзе кожны важны на сваім месцы, і ў той жа час усе гатовы падтрымаць у складаных умовах, выйсці на працу нават калі ў іх выхадны.

Вяртанне да каранёў

Афіцыйна дынастыя Краскоўскіх стаж адлічвае ад бацькі Сяргея Станіслававіча. Але яшчэ ў пасляваенныя гады яго дзед працаваў у Бакштанскім леспрамгасе, толькі дакументаў пра тое не захавалася. Цікава, што сын Сяргея і Анжалікі да гэтай прафесіі прыйшоў не адразу. У дзіцячым садку маленькі Уладзіслаў на пытанне, кім хоча стаць, адказваў: «Як тата, ляснічым».

Але ў школе ўжо вырашыў пайсці па шляху іншага дзядулі, які насіў пагоны. Да таго ж хлопца вабіла сталіца. Ён скончыў акадэмію МУС і пару гадоў папрацаваў у міліцыі. Аднак у вялікім горадзе адчуў, што былое не адпускае. Ён добра памятае свой першы выезд у гадавальнік, тое, як збіраў сеянцы і трымаў будучы лес на далоні, як удзельнічаў у пасадках і спаборніцтвах вальшчыкаў.

З Навагрудка родам і яго палавінка. Дар’я расказвае, што выбар — вярнуцца на радзіму — прымалі разам. Яны ўпэўнены, што тут могуць дзецям даць больш, чым у Мінску.

— У сталіцы другі рытм, часам адчуваеш, што не паспяваеш жыць. Работа і дарога да яе забірае шмат часу. А мы хацелі бачыць, як растуць дзеці. Важна, што побач — бабулі з дзядулямі, — гавораць маладыя людзі.

Уладзіслаў паспрабаваў сябе ў лясной гаспадарцы — спадабалася, зацягнула. 

З часам захапіў гэтай справай і Дар’ю. Нават старэйшая дачушка, хоць яшчэ і малая, з задавальненнем дапамагае паліваць дрэвы ў гадавальніку і падумвае, ці не працягнуць ёй справу родных.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю