Чым вымяраецца якасць будаўніцтва? Спецыялісты, якія сочаць за выкананнем патрабаванняў на будаўніцтве, абмеркавалі галоўнае: у пяцігодку якасці кантралюючыя органы мяняюць тактыку. Штрафы — крайняя мера. Галоўная зброя сёння — сістэмны прафілактычны кантроль, адкрытая статыстыка, няспынны маніторынг і... грамадская думка.
Парадак як люстэрка якасці
Доўгі час лічылася, што галоўнае на будоўлі — гэта тэмпы. Сёння дзяржаўны нагляд упэўнена заяўляе: спачатку — парадак, бяспека і дакументы, а ўжо потым — квадратныя метры.
«Парадак на будпляцоўцы і выкананне праекта вытворчасці работ — гэта перш за ўсё бяспека работнікаў, эфектыўная арганізацыя, высокая якасць работы і культура вытворчасці», — гаворыць намеснік дырэктара Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Вадзім Караленка.
Менавіта Дзяржбуднагляд — той орган, які наведвае будаўнічыя аб’екты часцей за ўсіх. Не радзей аднаго разу ў тры месяцы, а то і кожны месяц. Асноўная функцыя — забеспячэнне бяспекі і функцыянальнай надзейнасці будынкаў. Аднак без парадку на пляцоўцы якаснай пабудовы проста не бывае.
Статыстыка, якая павінна насцярожваць
Лічбы — рэч упартая. За апошнія пяць гадоў колькасць будаўнічых пляцовак, якія не адпавядаюць нормам, расла: з 55 % у 2021-м да 77 % у 2025-м. І толькі ў 2026-м заўважаны спад — да 68 %.
«У сярэднім каля 70 % пляцовак не адпавядаюць неабходным нормам», — канстатуе Вадзім Караленка.
Амаль тры з чатырох аб’ектаў маюць заўвагі. Асноўныя парушэнні — не тэхналагічныя праблемы, а звычайная неарганізаванасць: няма агароджы, адсутнічае мыйка колаў, загрувашчаны праходы, не аформлены пашпарт аб’екта.
Асобная тэма — земляныя работы і работа на вышыні.
«Работнік залазіць у траншэю глыбінёй метр семдзесят, сценкі не замацаваныя — адбываецца абрушэнне. Засыпае з галавой. Некаторыя загінулі, калі іх засыпала проста па пояс — на ўзроўні грудзей адбылося сцісканне ўнутраных органаў», — прыводзіць рэальныя выпадкі начальнік упраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства аб ахове працы Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вадзім ВАНСОВІЧ.
І выснова простая: прараб, які не клапоціцца аб сваёй брыгадзе, або эканомія на агароджах могуць каштаваць жыцця.
Галоўная змена — знізу і зверху
Вадзім Вансовіч падкрэсліў, што будаўніцтва — гэта не толькі тэхніка і бетон. У 2025 годзе дзяржаўная інспекцыя працы прыпыніла дзейнасць больш як 40 будаўнічых
аб’ектаў, забараніла эксплуатацыю больш як 4000 станкоў і машын, якія пагражалі жыццю.
Але паралельна мяняецца і падыход. Усё больш падрадчыкаў разумеюць: дакумент, агароджа і мыццё колаў — гэта не «папера», а рэальная эканомія грошай і рэпутацыі.
«Мы можам палохаць штрафамі, пагражаць пальцам. Але ў першую чаргу нам неабходна фарміраваць культуру. Культуру будаўнічай вытворчасці і культуру бяспекі», — упэўнена начальнік інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Мінску Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Ірына Калеснікава.
Што ж прапануецца? Пачынаць будаўніцтва не з капання катлавана, а з афармлення пашпарта аб’екта і схем руху. Усталёўваць стацыянарныя агароджы вышынёй не менш за два метры са ступенню святлопранікальнасці
55 %. На кожным выездзе з пляцоўкі абсталёўваць пункт мыйкі колаў. Увесці правіла выкідваць адходы ў кантэйнеры. Выкарыстоўваць відэаназіранне — не для шпіянажу, а для рэальнага кантролю бяспекі. І, галоўнае, азнаёміць работніка з праектам вытворчасці работ пад подпіс. «Калі вы распрацавалі праект, а работніка не азнаёмілі, ён будзе рабіць так, як яго навучылі дзесьці ў каледжы. А патрабаванні, якія вы для яго ўсталявалі, ён ведаць не будзе», — тлумачыць Вадзім Вансовіч.
Экалогія — частка культуры
Якаснае будаўніцтва — гэта яшчэ і беражлівыя адносіны да зямлі, паветра, дрэў. Начальнік аддзела дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль Каваленка нагадваў, што кожны будаўнічы аб’ект праходзіць экалагічную экспертызу. І нават пасля завяршэння работ абавязкова правяраецца, як вывезены грунт, ці перасаджаны дрэвы, ці перапрацаваны адходы.
Прыярытэт сёння — пераводзіць адходы не на звалку, а ў другасную прадукцыю: шчэбень, плітку, тэхнічны грунт.
Дошка ганьбы і памятка на кожны дзень
Асабліва эфектыўным аказаўся стары добры публічны сорам.
«У «Будаўнічай газеце» ёсць рубрыка, якая паказвае, як выглядаюць узорныя будпляцоўкі, а таксама тыя, дзе ёсць недахопы. Гэта як дошка ганьбы. Бывае, на другі дзень пасля публікацыі прыходзіць ліст: «У нас усё добра, просім адмяніць», — расказвае Вадзім Караленка.
Акрамя таго, распрацавана і ўжо раздаецца новая памятка ад Дзяржбуднагляду — кароткі спіс патрабаванняў да будаўнічай пляцоўкі.
«Яе яшчэ ніхто не бачыў — толькі ўчора ўзгоднена.
У гэтай памятцы ўсё — ад дарог да агароджы, ад мыйкі колаў да адлегласцяў паміж штабялямі», — удакладняе Караленка.
Чаго чакаць у пяцігодку якасці?
Пяцігодка якасці — гэта не проста лозунг. Гэта сістэма штодзённых дзеянняў.
Большасць буйных забудоўшчыкаў ужо прывыкла да новых правілаў гульні. На многіх пляцоўках з’явілася відэаназіранне, парадак у бытавых гарадках, чысціня на тэрыторыі. Але ёсць і тыя, хто спрабуе сэканоміць на агароджах, на санвузлах, на інструктажах.
Кантралюючыя органы не хаваюць, што іх задача — знізіць планку неадпаведнасці з цяперашніх 70 % да мінімуму.
Гэта амбіцыйная мэта. Інструменты для гэтага ўжо ёсць. Пытанне — у гатоўнасці самой галіны да перамен, бо жыццё і здароўе будаўнікоў, а таксама спакой гараджан — не тая сфера, дзе можна шукаць кампрамісы.
«Не дай бог гібель чалавека, не дай бог інваліднасць. Калі ў чалавека ёсць жонка, дзеці, дзяржава губляе працаздольнага грамадзяніна, але ў першую чаргу пакутуе сям’я. Таму пытанне: чаму ты не надзеў ахоўнае прыстасаванне? Чаму стаіш на краі без агароджы?» — рэзюмуе Ірына Калеснікава.
На гэтыя пытанні пяцігодка якасці павінна даць канкрэтныя адказы. І галоўны з іх: у культуры будаўніцтва, дзе не бывае дробязяў.
Надзея ЗУЕВА