Top.Mail.Ru
0

Якія мерапрыемствы рыхтуюцца да 9 Мая

05.05.2026 | 17:43
З падзякай, гонарам і ў імя памяці

Адзначаць самае гераічнае свята, Дзень Перамогі, у нашай краіне пачнуць ужо сёння — у Палацы Рэспублікі пройдуць урачысты сход і святочны канцэрт майстроў мастацтваў «Подзвіг бацькоў — гонар нашчадкаў», у якім прымуць удзел ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, духавенства, грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, а таксама дэлегацыі з рэгіёнаў. 

Як паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна АДАМОВІЧ, у фае будзе разгорнута тэматычная выстаўка, прысвечаная жанчынам і іх ўнёску ў набліжэнне Вялікай Перамогі.

А непасрэдна 9 Мая свята маштабна будзе адзначана па ўсёй краіне. Галоўныя мерапрыемствы пройдуць у сталіцы. У 12.00 адбудзецца агульнагарадская хвіліна маўчання.

Увечары на плошчы Перамогі пройдзе цырымонія ўскладання вянкоў і кветак. Завершыць урачыстую цырымонію масавы музычна-тэатралізаваны нумар «Памяць у нашых галасах» у выкананні заслужанай артысткі Беларусі Юліі Быкавай і харавых калектываў. Дарэчы, на пляцоўцы каля Палаца спорту з 12.00 да 23.00 будзе праходзіць святочны канцэрт, побач разгорнецца вялікі ўніверсальны кірмаш. Як расказала начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Кацярына ЛУЧЫНА, праграма падрыхтавана насычаная, а хэдлайнерам стане народны артыст Расіі Алег Газманаў.

Увечары па ўсёй Беларусі адбудзецца акцыя «Праспяваем „Дзень Перамогі“ разам». Святочныя мерапрыемствы завершацца вялікім салютам.

У тэму

Ваеннае ведамства традыцыйна падрыхтавала свае падарункі для жыхароў і гасцей краіны, у прыватнасці спецыяльную праграму, якая будзе праходзіць па ўсёй краіне ў месцах дыслакацыі злучэнняў воінскіх часцей. Будуць арганізаваны таксама ваенна-тэматычныя пляцоўкі, якія карыстаюцца павышанай папулярнасцю ў беларусаў, асабліва самых юных. Толькі ў раёнах сталіцы іх будзе разгорнута 11, яшчэ адна будзе працаваць побач з Курганам Славы.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю