Як мы ўжо паведамлялі, перад Святам працы ў Палаце прадстаўнікоў быў дадзены старт рэспубліканскай акцыі «Жанчыны, якія стварылі эпоху». Яе ідэя — расказаць аб праслаўленых жанчынах-працаўніцах, была ўвасоблена ў тэматычнай выстаўцы ў Авальнай зале — сумесна з Прэзідэнцкай бібліятэкай у экспазіцыі расказалі аб жанчынах — Героях Сацыялістычнай Працы.
А непасрэдна 1 мая выстаўка пакінула сцены Дома ўрада і дэманстравалася на галоўнай пляцоўцы святкавання — у сталічным Парку Перамогі. Там жа ўшаноўваліся і працоўныя дынастыі. Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў уручыў падзячныя адрасы ад Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі жанчынам-прадстаўніцам чатырнаццаці працоўных дынастый з розных прафесійных сфер. Менавіта жанчынам-працаўніцам Вадзім Іпатаў адрасаваў асаблівыя словы падзякі, адзначыўшы, што яны з’яўляюцца магутнай стваральнай сілай нашага грамадства, умела сумяшчаючы клопат аб сям’і і працу дзеля Радзімы.
Легендарных працаўніц — Герояў Сацыялістычнай Працы, поўных кавалераў ордэна Працоўнай Славы, засталося зусім няшмат: час бярэ сваё, нават калі рыхтаваўся праект «Жанчыны, якія стварылі эпоху», тры з іх пайшлі з жыцця. Але сюжэты аб іх не дадуць нашчадкам забыць гісторыі іх працоўнага подзвігу.
А гераінь, якія і сёння ў страі, шчыра віншуюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, уручаючы ім Падзячны адрас ад Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі.
Так, старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка павіншаваў поўнага кавалера ордэна Працоўнай Славы Любоў Пятроўну Казлоўскую.
Любоў Пятроўна — чалавек, які не проста працаваў у сельскай гаспадарцы, а мяняў яе ў лепшы бок. Пачаўшы са звычайнай калгаснай працы, яна стала заатэхнікам, а затым кіраўніком свінафермы. У 1970-я гады свінагадоўчыя комплексы СССР
лічыліся аднымі з самых тэхналагічных кірункаў жывёлагадоўлі, і менавіта тут патрабаваліся людзі з ініцыятывай. Яна ўкараняла новыя падыходы ўтрымання жывёл, у тым ліку больш сучасныя формы размяшчэння маладняку, якія пазней сталі стандартам. Яе ферма неаднаразова станавілася адной з найлепшых і ўдзельнічала ў ВДНГ СССР — галоўнай «вітрыне» сельскай гаспадаркі краіны. У сістэме савецкага аграпрама кіраўнік фермы фактычна выконваў ролю сучаснага кіраўніка: адказваў за вытворчасць, людзей і вынік. Любоў Пятроўна стала поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы. Гэта сімвал таго, што яе праца была не толькі фізічнай, але і кіраўніцкай, наватарскай. Жанчына актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці раёна і вобласці, была дэлегатам першага Усебеларускага народнага сходу, які адбыўся ў кастрычніку 1996 года.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сонгін павіншаваў са Святам працы Таццяну Рыгораўну Орду.
Таццяна Рыгораўна пачынала свой шлях з самай простай сельскай працы — даяркі ў калгасе. Гэта была не прафесія «на выбар», а жыццё, у якім кожны дзень залежаў ад зямлі, жывёл і чалавечай вынослівасці. Але менавіта такія людзі і паднімалі сельскую гаспадарку краіны. Яна, працуючы ў саўгасе «Карэлічы» хутка стала адной з найлепшых: высокія надоі, стабільныя вынікі.
У 1960-я гады дасягненне 4-5 тысяч кг малака ад каровы лічылася вельмі высокім узроўнем для гаспадарак БССР. Яе праца была настолькі прыкметнай, што яна прадстаўляла дасягненні на ВДНГ СССР — галоўнай выстаўцы поспехаў народнай гаспадаркі краіны.
У 28 гадоў яна атрымала вышэйшую ўзнагароду — званне Героя Сацыялістычнай Працы і ордэн Леніна. Гэта была не проста ўзнагарода, а прызнанне працы, якая карміла краіну. Выбіралася дэпутатам раённага Савета. Але галоўнае — яна не сышла пасля поспеху. Засталася працаваць, развіваць гаспадарку, працягваць сваю справу. Яна ўжо даўно на заслужаным адпачынку, але і сёння радуецца поспехам і дасягненням сваіх пераемнікаў
Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнарожных справах Сяргей Рачкоў таксама павіншаваў напярэдадні Свята працы поўнага кавалера ордэна Працоўнай Славы Валянціну Мікалаеўну Гулідаву. Член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Анжаліка Курчак павіншавала Героя Сацыялістычнай Працы Варвару Міхайлаўну Саламаха. Поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы Ніна Тарасаўна Пятрэнка прымала віншаванні ад члена Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Вольгі Жук, а поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы Валянціна Іванаўна Батанава — ад члена Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Наталлі Аўсяннікавай. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Аляксандр Вячорка ў вёсцы Туры Столінскага раёна павіншаваў Героя Сацыялістычнай Працы Ніну Фёдараўну Колбік (Бакунец).
Рэспубліканская акцыя Палаты прадстаўнікоў «Жанчыны, якія стварылі эпоху», знайшла водгук у розных кутках краіны. Напрыклад, у Ганцавічах падчас урачыстага мерапрыемства ў Доме культуры ў рамках акцыі былі адзначаны жанчыны, якія сваёй працай памнажаюць наш нацыянальны здабытак і паказваюць яскравы прыклад маладому пакаленню.
У Глуску прайшла сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі і дасведчанымі кіраўнікамі. Докшыцы таксама далучыліся да акцыі.
У горадзе прайшло ўрачыстае мерапрыемства з удзелам кіраўніцтва раёна, на якім ушаноўвалі працоўныя дынастыі.
У цэнтры ўвагі былі маці і дочкі, якія працуюць у адной сферы. У Баранавічах у рамках акцыі прэзідыум Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў узнагародзіў ганаровымі граматамі Тамару Лятун, у мінулым працаўніцу Баранавіцкага баваўнянага аб’яднання, а таксама вядомага ў горадзе лекара Ніну Рыбалка.
Паводле прэс-службы Палаты прадстаўнікоў