Што рухае чалавекам, які бярэ на сябе адказнасць не толькі за сваіх блізкіх, але і за будучыню цэлай краіны? Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, старшыня камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама Марына Ільіна ў інтэрв’ю расказала пра шлях у палітыку, задачы камісіі, выхаванне патрыётаў і тое, як захоўваць цяпло ў сям’і пры неверагоднай занятасці.
Пра тое, як стала сенатарам, Марына Ільіна, якая шмат гадоў працавала ў сістэме адукацыі, гаворыць коратка: «Жыццё прывяло. Мною рухала жаданне прыносіць рэальную карысць людзям, мая актыўная жыццёвая пазіцыя, пачуццё датычнасці да таго, што адбываецца ў нашай краіне, і адчуванне асабістай адказнасці перад будучымі пакаленнямі беларусаў».
— Што лічыце галоўным у сваёй парламенцкай дзейнасці, у рабоце сваёй камісіі?
— Задачы, якія стаяць перад нашай камісіяй, лічу надзвычай важнымі. Уявіце сабе: адукацыя, навука і сацыяльнае развіццё — гэта тыя кірункі дзейнасці, без якіх немагчыма існаванне грамадства і дзяржавы ў цэлым. Галоўная задача адукацыі сёння — стварыць умовы для фарміравання, выхавання і развіцця асобы, здольнай да самавызначэння, творчасці і самарэалізацыі на аснове грамадскіх каштоўнасцяў і патрыятызму.
Што можа быць важней сёння,чым выхаваць патрыёта, які паважае нацыянальныя традыцыі і гісторыю, здольнага не толькі рэалізаваць уласныя амбіцыі, але і прынесці карысць сваёй краіне, свайму народу? Глабальна? Так, але вельмі канкрэтна разам з тым. Задач шмат: гэта і агульнадаступнасць адукацыі, стварэнне роўных умоў, дапамога ў прафесійным самавызначэнні і, безумоўна, ідэалагічны складнік.
А што да прыярытэтаў у рабоце, то галоўнае — гэта ўзаемадзеянне з людзьмі: сустрэчы з працоўнымі калектывамі, прыём грамадзян, узаемадзеянне з моладдзю. Гэта галоўнае. З кабінета не відаць нічога, трэба ведаць і разумець, чым жывуць людзі, што трывожыць іх, якія іх патрэбы, і дапамагаць, калі ў гэтым ёсць неабходнасць.
— Жанчыне ў палітыцы часам даводзіцца быць «валявой». Вам перашкаджаюць ці дапамагаюць жаночыя якасці?
— Я не супрацьпастаўляла б жаночыя якасці і «валявыя», бо сілы волі, цярпення беларускай жанчыне не займаць. У рабоце, як і ў жыцці: розныя сітуацыі патрабуюць рознага падыходу. Вось калі мама дома ў зносінах са сваім дзіцем не будзе патрабавальнай, справядлівай, але адначасова ўважлівай і разумеючай, ці будзе толк? Сумняваюся. Так і ў рабоце: часам даводзіцца быць жорсткай, часам адступіць, каб вярнуцца і зайсці з больш моцнай пазіцыі. Тут, хутчэй, не якасці дапамагаюць эфектыўна працаваць, а ўменне мысліць стратэгічна і шчырае жаданне.
— Як удаецца вытрымліваць баланс паміж такой адказнай працай і асабістым жыццём?
— Вытрымліваць баланс паміж работай і асабістым жыццём бывае складана. Разумееце, мая праца не прадугледжвае, што я магу зачыніць за сабой дзверы кабінета і не ўспамінаць пра яе да наступнага працоўнага дня. Калі дзейнасць звязана непасрэдна з жыццём людзей, ты не можаш забыцца пра яе за адзін момант, пераступіўшы парог дома. Усё роўна думкамі вяртаешся да той ці іншай нявырашанай праблемы. Ды і наша жыццё цяпер так уладкавана, што стасункі ў сацыяльных сетках, месенджарах не спыняюцца практычна кругласутачна. Калі атрымліваецца, стараюся пераключыцца, паехаць за горад, пабыць на прыродзе.
— Ці падзяляюць Вашу місію блізкія? Як сям’я ставіцца да Вашай занятасці?
— «Падзяляюць місію» — занадта гучна, напэўна. Правільней — адносяцца з разуменнем і падтрымліваюць. Дзеці ўжо дарослыя і не маюць патрэбы ў штодзённых клопаце і апецы, бо жывуць асобна. Ужо хутчэй яны праяўляюць клопат. Бывалі выпадкі, калі сын, напрыклад, пакідаў свае справы і садзіўся за руль, каб адвезці мяне ў іншы горад, дзе праходзіў выязны прыём грамадзян. Гэта дазволіла мне адпачыць у дарозе. Такая ўвага вельмі каштоўная і важная для мяне. З мужам мы разам шмат гадоў, разумеем адно аднаго ўжо без слоў. Ён заўсёды побач, гатовы падтрымаць у цяжкую хвіліну, абмеркаваць праблемы ці проста памаўчаць удваіх.
— Ці даводзілася Вам у палітычнай, у прафесійнай кар’еры даказваць сваю кампетэнтнасць мужчынам-калегам?
— У сваёй кампетэнтнасці трэба быць упэўненай заўсёды. Дзеля гэтага варта пастаянна вучыцца, удасканальвацца, развівацца. А яшчэ сумленна і адказна падыходзіць да любой справы, адносіцца да сваёй працы. Тады нікому нічога не прыйдзецца даказваць. Мне, прынамсі, не даводзілася. Наадварот, заўсёды адчуваю падтрымку і павагу з боку мужчын-калег.
— Ёсць у Вас хобі, якое дапамагае пераключыцца і адпачыць?
— Хобі дапамагае пераключыцца, безумоўна. Калі галава ідзе кругам ад бясконцых планаў, мерапрыемстваў і багацця нявырашаных пытанняў, вельмі карысна нешта зрабіць рукамі.
Таму люблю рукадзельнічаць, напрыклад, майстраваць цацкі, захапляюся вырабам керамікі. Мая праца і дзейнасць як сенатара — гэта не пра хуткі вынік, гэта праца на перспектыву. А тут ёсць магчымасць убачыць плады сваёй працы, а можа, і парадаваць яшчэ кагосьці, зрабіўшы падарунак. Унукаў у мяне пакуль няма, чакаю. Думаю, буду з задавальненнем праводзіць з імі час, песціць.
— Што найбольш складанае ў Вашым жыцці?
— Самае складанае — гэта ўсё паспець: і законапраект правесці, і з роднымі пагутарыць. Час — самы дэфіцытны і, на жаль, не аднаўляльны рэсурс. Але гэта, думаю, не толькі ў маім жыцці так. Умею расстаўляць прыярытэты, гэта вельмі важна. Але ўва мне вельмі моцна закладзена, як і ў многіх людзей майго пакалення: «Думай спачатку пра Радзіму, а потым пра сябе». Так што справа заўсёды на першым месцы.
— Ці шкадуеце Вы часам пра нейкія свае рашэнні — пра мацярынства, кар’еру? Які прыклад падалі дзецям?
— Не шкадую ні пра мацярынства, ні пра кар’еру. У нашай сям’і трое дзяцей: два сыны і дачка. Раней, калі дзеці былі маленькія, было складаней. І не таму, што іх трое — трэба дзяліць любоў. Я лічу, што любоў паміж дзецьмі не дзеліцца, яна нараджаецца, з’яўляецца разам з з’яўленнем у тваім жыцці дзіцяці. Чым больш дзяцей, тым больш любові. Складаней, таму што здавалася, што рук, часу на ўсё не хопіць. Трывожышся, калі хварэюць, калі не атрымліваецца ў іх нешта.
Што датычыцца асабістага прыкладу, ён, вядома, неабходны дзіцяці. Выхоўваюць не словы (хоць размаўляць важна, безумоўна), выхоўваюць учынкі.
Дзеці выраслі мэтанакіраванымі,працавітымі, вельмі ганаруся імі.
— Што б Вы параілі сучасным беларускім жанчынам, якія хочуць рэалізаваць сябе, але баяцца?
— Раю нічога не баяцца. Сучасная беларуская жанчына можа спалучаць і кар’еру, і сям’ю, і прыкладаў таму велізарная колькасць. Калі жанчына адчувае ў сабе сілы, патэнцыял, яна не павінна адмаўляцца ад сваёй мары. А людзі, якія любяць, і сям’я абавязкова стануць для яе падтрымкай і апорай і будуць натхняць на новыя вяршыні і перамогі.
Надзея ЗУЕВА
Фота з асабістага архіва Марыны Ільіной