Выбарчая акруга члена Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, палітолага, публіцыста, беларускага гісторыка Вадзіма Гігіна тэрытарыяльна ахоплівае часткі двух раёнаў сталіцы — Першамайскага і Партызанскага, з якімі народны выбраннік знаёмы з дзяцінства. Не кожны дэпутат можа пахваліцца тым, што для яго акруга — родная мясціна, работа ў якой адбываецца не ў спецыяльна адведзены для гэтага час, а штодня і практычна бесперапынна. Кантактаваць з выбаршчыкамі Вадзім Францавіч прывык сумленна і шчыра. Больш падрабязна аб яго рабоце з насельніцтвам, пытаннях, з якімі звяртаюцца грамадзяне, асаблівасцях узаемадзеяння з імі ў лічбавай прасторы і выкліках сучаснасці распытала карэспандэнт «Звязды».
— Вадзім Францавіч, раскажыце, якія пытанні хвалююць насельніцтва?
— Працую з выбаршчыкамі я не толькі ў традыцыйным фармаце: падчас прыёмаў грамадзян, сустрэч у працоўных калектывах, круглых сталах... Людзі могуць спыніць дзе заўгодна. Гэтым адрозніваюцца дэпутаты, якія працуюць у сталіцы. Я не выязджаю ў акругу, я тут знаходжуся. А на прыёмы грамадзян да мяне прыязджаюць з усёй Беларусі, таму што я не толькі з’яўляюся дэпутатам, але яшчэ і ўзначальваю Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
Пытанні часта звязаныя з той камісіяй, у якой я працую. Яна спецыялізуецца ў тым ліку на правах чалавека, да якіх можна многае аднесці. Нават пытанні сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі таксама да гэтага маюць дачыненне. Хоць я бы не сказаў, што іх большасць. Да першага месца я б аднёс звароты, звязаныя з ініцыятывамі людзей у галіне ідэалогіі, патрыятычнага выхавання. Напрыклад, у нас прынятая Дырэктыва № 12, яна дзейнічае ўжо больш за год, і людзі чакаюць нейкіх далейшых крокаў у гэтым кірунку. Наводзяць на роздумы ідэі, звязаныя з гістарычнай памяццю. Мне паступаюць прапановы адкрыць помнікі выбітным дзеячам і не толькі.
Пытанні, якія хвалююць насельніцтва, часцей за ўсё патрабуюць сур’ёзнай прапрацоўкі. У мяне такі падыход: калі я бачу, што пытанне невырашальнае або, скажам, я не згодны з меркаваннем выбаршчыка на гэту тэму, кажу пра гэта прама. Вядома, наша задача — растлумачыць, у пэўных выпадках супакоіць чалавека, нават калі ён не мае рацыю. Але галоўнае — быць сумленным з людзьмі. Зацягваць і абяцаць невыканальнае — няправільна.
Канструктыўныя прапановы або звароты выбаршчыкаў, якія паступаюць да нас за месяц работы ў акрузе, далей накіроўваюцца ў Палату прадстаўнікоў. Затым яны абагульняюцца, складаецца адпаведная аналітычная запіска. Многія з гэтых прапаноў улічваюцца ў заканатворчай дзейнасці. Гэта вельмі правільная практыка, бо некаторыя выпадкі паўтараюцца. Напрыклад, калі праблема ёсць не толькі ў маёй акрузе, але і ў шэрагу іншых, значыць, гэта ўжо нейкая сацыяльная праблема. Можа быць, на дадзены момант яна яшчэ не настолькі вострая, але наша задача — выявіць яе на пачатковай стадыі.
— Рабоце з моладдзю ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Як вам удаецца знайсці кантакт з маладым пакаленнем?
— Мяне вельмі радуе, што цяпер вельмі ініцыятыўная моладзь. З аднаго боку, яе важна чуць, а з другога — не заігрываць. Вельмі часта ад маладых людзей гучаць ідэі, якія, безумоўна, трэба падхапіць і падтрымаць, але дзесьці ёсць патрэба скарэкціраваць думкі, накіраваць іх у правільны бок. Наша задача — не ісці за моладдзю, а весці яе за сабой: паказваць прыклад справамі, учынкамі і пры гэтым глядзець не пагардліва. У тым і заключаецца складанасць дыялогу паміж пакаленнямі. Не заўсёды, шчыра скажу, атрымліваецца адразу наладзіць кантакт, хоць у мяне і ёсць пэўныя навыкі.
Напрыклад, калі арганізоўваецца сустрэча з навучэнцамі каледжа. Як наладзіць дыялог, калі бачыш гэту моладзь упершыню і часта на мерапрыемства адводзіцца не больш за гадзіну? Гэта даволі складана. Трэба ўстанаўліваць кантакты, а часам нават ламаць шаблоны. Трэба задаваць ім пытанні, некаторыя нават нечаканыя. Трэба дапамагаць шукаць адказы на іх. Я думаю, жаданне зацікавіць моладзь хутчэй павінна быць не самамэтай, а падставай для таго, каб маладое пакаленне пачула, які парадак дня ты прасоўваеш, у чым сэнс твайго выступлення. Пагаджуся, што гэта адна з самых няпростых задач у нашай рабоце.
— Вадзім Францавіч, у вас ёсць уласны тэлеграм-канал, чытачамі якога, верагодна, з’яўляецца і насельніцтва Партызанскай акругі № 110. На ваш погляд, ці важна дэпутату быць прадстаўленым у сацыяльных сетках і месенджарах, падтрымліваць кантакт з грамадзянамі ў лічбавым асяроддзі?
— Як і любая з’ява, наяўнасць сацыяльных сетак можа несці як карысць, так і шкоду. У калег з’явілася ідэя стварыць чат-бот для выбаршчыкаў у акрузе. Напэўна, гэта правільна. У выпадку калі гэта дапаможа выявіць дадатковыя праблемы, пра якія людзі саромеюцца спытаць.
Але ж гэта і элемент моды, які можа выкарыстоўвацца і для маніпулявання. Каб не стаць ахвярай, дэпутатам і іх памочнікам важна мець навык работы з інфармацыяй. Таму што мы не можам дакладна ведаць, хто піша ў гэты чат-бот: гэта рэальны выбаршчык або маніпулятар з-за мяжы? Нашы праціўнікі рыхтуюцца да чарговай выбарчай кампаніі і мы, заводзячы падобныя тэлеграм-каналы або чат-боты, павінны быць гатовымі праз пару гадоў да выклікаў у лічбавым асяроддзі. Трэба думаць не толькі пра сённяшні дзень, але і на перспектыву.
Мне, шчыра скажу, хапае камунікацыі са сваімі выбаршчыкамі. Выступаю па тэлебачанні, на радыё, сустракаюся з людзьмі ў горадзе і ведаю ўсё тое, што адбываецца ў акрузе.
— Кіраўніком дзяржавы 2026-ы аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. Што ў гэтым кірунку робіцца ў акрузе?
— Будзе няправільна гаварыць, што мы раней не ўдзялялі ўвагу жанчынам, але сёлета акцый, прысвечаных жаночай тэматыцы, сапраўды стала больш. Дэпутаты актыўна ўдзельнічаюць — і гэта не нейкі фармалізм. Мы прадстаўляем уладу на тэматычных мерапрыемствах, на нас глядзяць і робяць адпаведныя высновы нашы людзі. Часта мы з людзьмі камунікуем, што называецца, у кулуарах. Шануючы найлепшых, мы гэтым фарміруем стаўленне грамадства да дасягненняў пэўнага чалавека. Гэта выклікае пачуццё яднання. Такія сустрэчы на мерапрыемствах — таксама адна з форм работы з людзьмі, якая дапамагае ўстанавіць больш цесны кантакт з нашымі выбаршчыкамі.
— Якім слоганам вы кіруецеся ў рабоце з насельніцтвам?
— Нядаўна я пісаў артыкул пра Прэзідэнта і яго работу падчас вялікай камандзіроўкі ў Гомельскую вобласць, які назваў «З людзьмі і для людзей». Мне здаецца, вельмі ўдалы выраз. Так працуе наш Прэзідэнт — так павінны працаваць і мы.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота з асабістага архіва Вадзіма ГІГІНА