Top.Mail.Ru

Шматдзетная сям’я Маргуновых з Эстоніі лічыць, што менавіта ў нас магчыма стварыць будучыню для дзяцей

06.05.2026 | 09:10

— Прыехаўшы ў Беларусь аднойчы, можна палюбіць гэту краіну ўсім сэрцам і застацца тут назаўсёды, — кажуць Дзяніс і Марыя Маргуновы, якія ў лютым пераехалі жыць у Беларусь з Эстоніі. 


Уразіла жыццё ў вёсцы

Дзяніс і Марыя нарадзіліся і выраслі ў Эстоніі, але бацькі Марыі родам з Беларусі. У дзяцінстве Марыя разам з бацькамі часта бывала ў нашай краіне, праводзіла тут летнія канікулы, таму змалку ведала асаблівасці вясковага жыцця. Дзяніс да нядаўняга часу чуў пра Беларусь толькі па расказах жонкі.

— Упершыню я пабываў у Беларусі ў 2020 годзе, калі мы з сям’ёй прыехалі адпачыць да бабулі Марыі ў вёску Казлы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, — расказвае ён. — Мне было вельмі цікава пазнаёміцца з вясковым жыццём. Я быў уражаны тым, як шмат людзі працуюць на зямлі: вырошчваюць збожжа, агародніну, гадуюць жывёл і нарыхтоўваюць для іх корм. Мне ўсё спадабалася, але наконт пераезду ў Беларусь мы ў той час не думалі. Мы збіраліся набыць уласны дом у Эстоніі і збіралі грошы для таго, каб заплаціць першы ўзнос пры афармленні іпатэкі. Марыя вельмі любіць жывёл, асабліва кароў, і ёй хацелася мець вялікую гаспадарку. У той жа час мы разумелі, што не можам ажыццявіць свае планы, паколькі ў Эстоніі грамадзяне, якія займаюцца сельскай гаспадаркай, вымушаны плаціць значныя сумы падаткаў. Акрамя таго, у Эстоніі замест аграгарадкоў і вёсак існуюць толькі хутары, якія размешчаны ў значнай адлегласці ад гарадоў. Тут цяжка пабудаваць жыццё сям’і, таму што няма дзіцячых садкоў, школ, ФАПаў і іншых сацыяльных аб’ектаў. Падвоз дзяцей у садкі і школы з вёсак, як у Беларусі, не арганізаваны.

Шлях да запаветнай мары

Пераезд сям’і Маргуновых у Беларусь не быў тэрміновы. Сваю мару муж і жонка ажыццяўлялі на працягу трох гадоў. Спачатку набылі дом, дзе раней жыла бабуля Марыі. Перыядычна прыязджалі сюды з Эстоніі і рамантавалі яго: штосьці прыйшлося замяніць, пафарбаваць.

— Рамонтныя работы мы працягваем і ў цяперашні час, — расказвае гаспадар.— Плануем зрабіць яшчэ шмат, але ў нас ужо ёсць сваё жыллё — і гэта галоўнае. Нягледзячы на тое, што ў доме ўсё зручна, зрабілі паравое ацяпленне, замянілі электраправодку, усё ж мы плануем захаваць самабытнасць вясковага жыцця. У доме пакінулі печ, на сценах няма шпалераў, толькі адшліфаванае бярвенне. Усё гэта нагадвае ўмовы жыцця, уласцівыя нашым продкам. Мы лічым, што гэта мае вялікую каштоўнасць у сучасным жыцці. Да таго ж мы разлічваем трымаць вялікую гаспадарку. У нас ужо ёсць куры, качкі, на ферме плануем набыць карову.

Вядома, для таго каб накарміць жывёлу, трэба шмат працаваць, але цяжкасці не спыняюць маладых гаспадароў, наадварот, надаюць яшчэ больш працоўнай энергіі і новых сіл. Сваімі яркімі вясковымі буднямі Дзяніс і Марыя дзеляцца ў асабістым блогу: іх падпісчыкам вельмі цікава было даведацца пра пераезд з Эстоніі ў Беларусь, пра ўладкаванне дома і г. д. Такім чынам, у жыхароў іншых краін ёсць магчымасць убачыць жыццё ў Беларусі такім, якое яно ёсць на самай справе, а не такім, як падаецца за мяжой. Размаўляючы з роднымі, сябрамі, якія засталіся ў Эстоніі, Дзяніс і Марыя змаглі пераканаць іх у тым, што ў Беларусі створаны аднолькава добрыя ўмовы і для мясцовых жыхароў, і для перасяленцаў з іншых дзяржаў. Тут кожны зможа пабудаваць шчаслівае жыццё: набыць жыллё, праявіць сябе ў любімай справе і стварыць добрыя ўмовы для сваіх дзяцей.

Страшылкі суседзяў, якія давялося ўбачыць на граніцы, Марыя трактуе інакш:

— Калі мы перасякалі граніцу Літвы і Беларусі, звярнулі ўвагу на інфармацыйную табліцу з літоўскага боку, напісаную на некалькіх мовах: «Устрымайцеся ад паездак у Беларусь! Лепш не ажыццяўляць туды падарожжы, таму што вы можаце адтуль не вярнуцца!» Сапраўды, прыехаўшы ў Беларусь, убачыўшы ўсё на свае вочы, можна застацца тут назаўсёды. Краіна ўражвае сваёй прыгажосцю, асаблівай шчырасцю і ўвагай да людзей. Мы пераехалі жыць сюды і лепшага месца для сямейнага жыцця не ўяўляем.

Захаваць галоўныя каштоўнасці і саміх сябе

— Калі мы публікуем чарговы відэасюжэт, вельмі прыемна чытаць каментарыі жыхароў іншых краін, у тым ліку карэнных эстонцаў, наконт таго, як важна захаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, найлепшыя традыцыі, перададзеныя нам папярэднімі пакаленнямі. Нягледзячы на тое, што мы можам свабодна размаўляць на эстонскай мове, там мы не адчувалі сябе сваімі. Мы ўвесь час адчувалі сябе чужымі, — кажа Дзяніс.

Вельмі цікава было даведацца пра тое, што Дзяніс, які калісьці працаваў у прэстыжным рэстаране Таліна, асвоіў шэраг іншых спецыяльнасцяў, цалкам змяніў род прафесійнай дзейнасці і ў цяперашні час працуе аператарам жывёлагадоўчай фермы. Да таго ж ён выбраў асабліва адказны ўчастак дзейнасці — радзільны блок.

Найлепшыя якасці маладыя бацькі імкнуцца выхаваць у сваіх дзецях. Старэйшаму сыну Паўлу ў канцы жніўня споўніцца сем гадоў, у наступным годзе ён пойдзе ў першы клас. Другі сын, Кірыл, якому споўнілася чатыры з паловай года, наведвае дзіцячы садок, а самаму малодшаму, Сцяпану, усяго паўтара года.

— Беларусь — цудоўная краіна. Аднак вельмі шкада, што некаторыя мясцовыя жыхары не разумеюць гэтага — не цэняць таго, што маюць. Вельмі хацелася б, каб карэнныя жыхары не забывалі пра тое, што ім дадзена вельмі шмат. На жаль, у Еўропе гэта ўсё даўно страчана, — адзначае Дзяніс. — Немагчыма не адзначыць высокую якасць беларускай прадукцыі, шырокі асартымент тавараў, які не ўбачыш нават у еўрапейскіх краінах. Не можа не ўражваць і тое, што Беларусь здольная выпускаць прадукцыю, якая цалкам замяняе імпартную. Усё, што патрэбна, тут могуць вырабіць самі.

Слухаю сваіх суразмоўцаў — і шчыра радуюся за клапатлівых вясковых гаспадароў. Яны смела пераадолелі ўсе цяжкасці і цяпер будуюць шчаслівае жыццё ў краіне, якая, быццам родная матуля, прытуліла іх да сябе.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота з сямейнага архіва

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю