Пільнасць не пашкодзіць
Ва ўсіх месцах правядзення мерапрыемстваў і на прылеглай да іх тэрыторыі ахову грамадскага парадку забяспечаць супрацоўнікі МУС. Несці службу яны будуць як у форменным абмундзіраванні, так і ў цывільным, расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Сяргей Мірончык: «Для забеспячэння грамадскай бяспекі будуць задзейнічаны патэнцыял рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, а таксама беспілотныя лятальныя апараты. Будзе ўзмоцнена шчыльнасць нарадаў на аб’ектах транспарту, метрапалітэна і ў іншых месцах масавага знаходжання грамадзян».
Для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, людзей з інваліднасцю і грамадзян з малымі дзецьмі будуць арганізаваны спецыяльныя прахадныя зоны — шатры з аранжавым купалам. Каб выключыць пранос забароненых прадметаў, на кантрольна-прапускных пунктах прадугледзяць праверку са спецыяльным абсталяваннем. Дарэчы, са сродкамі персанальнай мабільнасці ў месцы святкавання не дапусцяць. Поўны пералік таго, што нельга праносіць на святочныя лакацыі, апублікаваны на афіцыйным сайце МУС і будзе прадубліраваны на інфармацыйных таблічках непасрэдна каля КПП. Для зручнасці гараджан непадалёк ад пунктаў пропуску размесцяць камеры захоўвання маёмасці.
У выпадку неабходнасці магчымы часовыя абмежаванні праходу і перанакіраванне людскіх патокаў, адзначыў Сяргей Мірончык, дадаўшы, што супрацоўнікі міліцыі заўсёды гатовы прыбыць на дапамогу. Варта памятаць: паведаміць аб нічыйных прадметах, падазроных людзях ці іншых сітуацыях можна, звярнуўшыся да найбліжэйшага нараду міліцыі або па тэлефоне 102.
Як паведаміў намеснік начальніка аварыйна-выратавальных служб і аб’ектавых падраздзяленняў галоўнага ўпраўлення аварыйна-выратавальных служб і рэагавання на НС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Ягор Нікіценка, ведамствам таксама рэалізаваны комплекс арганізацыйных і практычных мер, які ўключае як прафілактыку, так і аператыўнае рэагаванне. На баявым дзяжурстве будзе знаходзіцца каля 3,5 тысячы ратавальнікаў, а на прылеглых тэрыторыях, уключаючы пляцоўкі святочных салютаў, выставяць спецыяльныя нарады з работнікаў МНС. Усяго па краіне задзейнічаюць 130 адзінак тэхнікі і 750 ратавальнікаў.
Без трывогі на дарозе
Святочныя дні ўносяць карэктывы і ў звыклы рытм дарожнага руху. Начальнік упраўлення дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Бабіч расказаў, што супрацоўнікі ДАІ ўжо перайшлі на ўзмоцнены варыянт нясення службы. «Заключаецца гэта ў павелічэнні колькасці і шчыльнасці нарадаў, якія будуць максімальна набліжаны да месцаў масавага знаходжання грамадзян. Гэта каб аказаць дапамогу ў бяспечным перамяшчэнні па вуліцах горада як гасцям, так і жыхарам сталіцы, — адзначыў Сяргей Бабіч. — Святочныя дні не вызваляюць ад выканання Правілаў дарожнага руху ні на хвіліну».
Супрацоўнікі ДАІ таксама будуць выстаўленыя па перыметры мерапрыемстваў і дапамогуць сарыентавацца на аб’язных маршрутах, бо ўжо 7 мая ў сталіцы пачнуць дзейнічаць абмежаванні руху:
«З 18.30 да 20.00 будзе абмежаваны рух па перыметры плошчы Перамогі ў сувязі з правядзеннем рэпетыцыі. Абмежаванне закране праспект Незалежнасці — ад вуліцы Янкі Купалы да праспекта Машэрава, а таксама прылеглыя вуліцы Захарава і Кісялёва. 9 мая абмежаванне руху на гэтым участку будзе ўстаноўлена з 12.30, за выключэннем грамадскага транспарту, які спыніць свой рух ужо ў 16.00. Абмежаванне будзе арыенціровачна да 22.00», — расказаў начальнік УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
Акрамя таго, як расказаў урач хуткай медыцынскай дапамогі (загадчык) падстанцыі № 5 УАЗ «Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі» г. Мінска Аляксандр Васькавец, ужо вызначаны і ўзгоднены схемы расстаноўкі брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, а спецыялістамі цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі арганізаваны санітарны нагляд за месцамі святкавання, пунктамі харчавання і абслугоўваючымі арганізацыямі: «Усяго па краіне на кругласутачнае дзяжурства заступае больш за 870 брыгад. Па Мінску для медыцынскага забеспячэння святочных мерапрыемстваў будзе задзейнічана каля 40 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, — расказаў Аляксандр Васькавец. — Брыгады будуць дзяжурыць на мерапрыемствах, арганізаваных раённымі адміністрацыямі сталіцы. Прадугледжана ўзмацненне работы прыёмных аддзяленняў стацыянараў, створаны неабходныя запасы лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння».
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА