Самы доўгі дзень
Першамай аграрыі гаспадаркі адзначылі завяршэннем сяўбы яравых збожжавых. Пры плане 3,8 тысячы гектараў фактычна імі засеялі больш за 4 тысячы гектараў. Масавую сяўбу вялі крыху больш за месяц, распачаць яе раней не дазваляла пераўвільгатненне глебы ад значнага снежнага покрыва. Хоць кінуць зерне ў зямлю хацелася як мага хутчэй.
— Тэмпература глебы важная для цеплалюбівых раслін накшталт кукурузы (за выключэннем холадатрывалых гібрыдаў), бульбы, агародніны, — тлумачыць памочнік намесніка генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Уладзімір АРТАМОНАЎ. — А вось збожжавым не страшна пахаладанне накшталт таго, якое назіралася ў красавіку. Тыя, што вырошчваюцца ў нашым клімаце, з’яўляюцца культурамі доўгага дня. На іх будучую ўраджайнасць уплывае супадзенне перыяду асноўнай вегетацыі з максімальнай працягласцю светлавога дня. Такі час у нас выпадае на май, чэрвень і ліпень, таму ў першым вясеннім месяцы збожжа павінна зарунець. Інакш колас не наліецца. У такім узмоцненым рэжыме падчас сяўбы і працуе армія механізатараў прадпрыемства ў паўтары сотні чалавек.
— Асаблівы ўздым у мяне штогод выклівае менавіта веснавая сяўба, — прызнаецца механізатар агракомплексу «Адраджэнне» птушкафабрыкі Васіль ТРАПЯНОК. — Прырода ажывае, і сам ажываеш, хочацца зрабіць больш, чым можаш за дзень. Калі ўсё ў норме — і тэхніка, і «гаручка», і насенне, і заробак, — чаму не працаваць? Мы з калегамі так і разважаем.
Усё лепшае — зямлі
Залог добрага ўраджаю — тэхналагічная дысцыпліна: правільна апрацаваць кожны кавалачак зямлі вельмі важна: больш за 60 % палеткаў Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі меліяраваныя. Год-другі прапусці які лапік — і яго апануюць хмызнякі. Гэта не па-гаспадарску, так тут не прынята. У правілах — «накарміць» зямлю-карміцельку ўгнаеннямі, засеяць яе якасным насеннем. Дарэчы, у вытворцаў арыгінальнага прадукту штогод набываюць суперэліту, а элітнае і насенне першай рэпрадукцыі вырабляюць самі, і горшым за такое ніколі не сеюць.
Таму з году ў год Віцебская бройлерная птушкафабрыка атрымлівае важкі ўраджай і традыцыйна ўваходзіць у лік абласных лідараў жніва.
— 2025 год быў рэкордным па валавым зборы збожжа, ён склаў 61 тысячу тон, яшчэ 9 тысяч тон атрымалі рапсу, — ганарыцца Уладзімір Артамонаў. — Сёлета рабочы план складзены так, каб перасягнуць вынікі мінулага года: на мэце 63,5 тысячы тон збожжа і больш за 10 тысяч тон рапсу.
Дарэчы, гэта яравая культура ўжо дружна ўзыходзіць на плошчы звыш 1,7 тысячы гектараў. Асноўныя намаганні ў апошнія дні былі накіраваны на завяршэнне сяўбы кукурузы — план на 2,5 тысячы гектараў.
Ад поля да прылаўка
Дэвіз і спецыфіка работы ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» заключаецца ў тым, што яе прадукцыя праходзіць поўны тэхналагічны цыкл ад поля да прылаўка. Усё, што вырошчваецца на палях прадпрыемства, спажываецца на ім самім. Сёння тут толькі ўмоўнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы перавышае 10 тысяч, а птушкі — 4 мільёны!
Зерне перапрацоўваюць у камбікорм і харчовыя дабаўкі — летась адкрылі новую камбікормавую вытворчасць.
З рапсу вырабляюць жмых і алей для спажывання жывёламі. Таксама нарыхтоўваюць сена, сянаж, сілас. Штогод кожная галава буйной рагатай жывёлы забяспечана не менш як 32-33 цэнтнерамі кормаадзінак. У той час як у іншых прадпрыемстваў кармоў часта не хапае, птушкафабрыка захоўвае іх на наступны год або прадае — і зарабляе дадатковыя грошы.
Да пакупніка тавары Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі даходзяць як прадукцыя пад брэндам «Ганна». Залогам таго, што яна пастаянна будзе даступна спажыўцам, служыць зладжаная работа калектыву сёння, падчас яравой сяўбы.
— Асабіста для мяне гэта веснавая кампанія — 21-я.
І ніводная сяўба не паўтараецца адзін у адзін — надвор’е не сплануеш, — дзеліцца назіраннямі Уладзімір Артамонаў. — Затое загадзя можна і трэба падрыхтаваць тэхніку, угнаенні, насенне. А яшчэ — забяспечыць дакладную арганізацыю працы. На нашым прадпрыемстве так і адбываецца. На вынік паглядзім пасля жніва.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота аўтара