У стагоддзе лічбавага буму забеспячэнне стабільнасці банкаўскай сістэмы ў значнай меры завязана на прагрэсіўных тэхналогіях. Бачаннем вырашэння гэтай ключавой задачы ў сучасных умовах падзяліліся ўдзельнікі канферэнцыі «Лічбавы банкінг - 2026». У прыватнасці, прадстаўнікі рэгулятара зрабілі акцэнт на тэхналагічнай бяспецы фінансавага сектара як найважнейшым фактары яго бесперабойнай работы і росту. Новыя лічбавыя інструменты, адзначылі спікеры, з аднаго боку, дазваляюць супрацьстаяць шматлікім выклікам і пагрозам, з другога, — забяспечваюць камфорт спажыўцоў банкаўскіх паслуг, павышаюць да іх цікавасць і спрыяюць папулярызацыі банкаўскіх прадуктаў. У сваю чаргу, прынцып сінергіі маштабуе эфект ад устойлівасці фінансавага рынку і на астатнія галіны эканомікі.
Лічбавізацыя павінна мець канкрэтную мэту. На гэты выразны вектар зарыентаваў удзельнікаў форуму першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў. Развіццё картачных тэхналогій, выкарыстанне QR-плацяжоў, укараненне лічбавага рубля — гэта не проста цікавыя фішкі беларускага фінтэха, а рэальныя механізмы вырашэння стратэгічных пытанняў. Нагадаем, рэгулятар паставіў перад камерцыйнымі банкамі важную задачу — павялічыць долю безнаяўных плацяжоў. Прычым, права выбару механізмаў для яе вырашэння прадастаўлена самім крэдытна-фінансавым арганізацыям. Місія Нацбанка - забяспечыць гульцоў рынку адпаведным эфектыўным інструментарыем.
Па меры развіцця лічбавых тэхналогій рэгулятар узмацняе меры процідзеяння кіберзлачыннасці. У першую чаргу, за кошт укаранення розных антыфрод-сістэм. З 1 ліпеня будуць уведзеныя абавязковыя стандарты бяспекі правядзення банкаўскіх плацяжоў. Зрэшты, адзначыў прадстаўнік рэгулятара, шчылінай для ашуканцаў застаюцца спосабы выманьвання ў грамадзян наяўных грошай. Рэзка блакіраваць абарот папяровых купюр, вядома, ніхто не будзе. Задача заключаецца ў тым, каб 99,9 % беларусаў не адчулі на сабе ўплыву якіх-небудзь абмежаванняў. Іншымі словамі, падчас прэвентыўных дзеянняў неабходна шукаць новыя формы абслугоўвання і павышаць зручнасць банкаўскіх сэрвісаў.
З дапамогай лічбавых тэхналогій, на погляд Аляксандра Ягорава, трэба пашыраць функцыянал мабільных дадаткаў банкаў. У дадзены момант Нацбанк разам з Нацыянальным цэнтрам электронных паслуг вядуць актыўную работу ў гэтым кірунку. У прыватнасці, плануецца праз каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання аказваць паслугі, звязаныя з рознымі адміністрацыйнымі працэдурамі. Па-першае, навіна паспрыяе сінхранізацыі работы банкаў і дзяржорганаў. Па-другое, — прыцягне новых кліентаў. І, як вынік, — павялічыць абарот безнаяўных грошай.
У мэтах больш шырокага выкарыстання магчымасцяў лічбавых рашэнняў таксама абмяркоўваецца пытанне стварэння Нацыянальнага банка біяметрычных даных. Біяметрычны падыход, падкрэсліў Аляксандр Ягораў, — гэта найбольш надзейны спосаб ідэнтыфікацыі асобы кліента. Сэнс інвеставання ў біяметрычныя тэхналогіі - удасканаленне сэрвісаў аплаты тавараў і паслуг. Укараненне новай сістэмы дасць магчымасць павысіць якасць аналізу даных, у тым ліку пры анлайн-крэдытаванні. Ад камерцыйных банкаў рэгулятар чакае ідэй і прапаноў па сферах прымянення прагрэсіўнага метаду.Перавагі тэхналогіі passkey, у якой выкарыстоўваюцца біяметрычныя даныя, апісаў дырэктар па развіцці digital ў Mastercard (па краінах СНД) Чынгіз Мамадаў. У новым метадзе аўтарызацыі традыцыйныя паролі і SMS-коды замяняюцца на адбітак пальца або Face ID. Галоўная перавага — крыптаграфічная абарона. Ключ доступу захоўваецца на прыладзе карыстальніка і не перадаецца знешнім сэрвісам. Яго нельга ўзламаць, адгадаць або скрасці з дапамогай фішынгавых атак. У выпадку форс-мажора разблакіраваць уліковы запіс можа толькі ўладальнік прылады.

Паколькі большасць гаджэтаў падтрымлівае гэтую тэхналогію, перайсці на яе прадпрыемствам гандлю і сэрвісу, лічыць эксперт, будзе нескладана. Паводле высноў аналітыкаў Mastercard 90 % карыстальнікаў passkey ўпэўненыя: дадзены метад надзейней і зручней пароляў. Прастата, камфортнасць і бяспека становяцца драйверам росту пакупніцкай актыўнасці і колькасці транзакцый. Аднак трэба мець на ўвазе, што для паспяховага ўкаранення біяметрычнай аплаты патрабуюцца адзіныя стандарты і патрабаванні ў рамках ўсёй аплатнай экасістэмы. Вядучая роля адводзіцца рэгулятару фінансавага сектара.
У бліжэйшым часе пералік звыклых плацежных інструментаў папоўніць Нацыянальны сэрвіс КРОК. Магчымасць імгненных плацяжоў па QR-кодзе ў рамках сістэмы з 1 ліпеня з’явіцца ў кліентаў буйных банкаў. Асноўныя мэты ўкаранення інавацыі пералічыў начальнік галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацыянальнага банка Антон Падрэз. У першую чаргу, гаворка ідзе аб дыверсіфікацыі плацежных рызык, павышэнні хуткасці залічэння грашовых сродкаў і зніжэнні выдаткаў пры правядзенні разлікаў.
Сэрвіс інтэграваны ў банкаўскія мабільныя праграмы, якія пад рукой у кожнага кліента. Каб расплаціцца за тавары і паслугі, пакупніку не спатрэбіцца картка. Грошы пералічваюцца наўпрост з рахунку на рахунак. Такім чынам, КРОК застрахаваны ад нечаканых рашэнняў міжнародных плацежных сістэм. І таму з’яўляецца элементам тэхналагічнай незалежнасці. Сродкам доступу да банкаўскага рахунку служыць смартфон з камерай. А сама аплата ажыццяўляецца ў адзін дотык па згенераваным пры куплі QR-кодзе.
Новую сістэму павінны ацаніць таксама аб’екты гандлю і сэрвісу. Па-першае, у адрозненне ад эквайрынгу, для QR-плацяжоў тэрмінал не патрэбны, што пазбаўляе прадаўца ад лішніх выдаткаў. Гэта актуальна і для службаў кур’ерскай дастаўкі. Акрамя таго, камісія КРОКа прыкладна ў два-тры разы ніжэй, чым пры выкарыстанні картачных тэхналогій. Такім чынам, крама з умоўным абаротам 100 000 рублёў у месяц за год можа сэканоміць звыш 20 000 рублёў. Дзякуючы таму, што плацеж імгненны, грошы на разліковы рахунак прадаўца паступяць на працягу секунды. QR-плацяжы — гэта не толькі пакупкі афлайн. Інструмент падыдзе і для электроннай камерцыі. Распрацоўшчыкі запэўніваюць, што за кошт прастаты і выгады сэрвісу «кінутых кошыкаў» на маркетплэйсах стане менш.
Па выніках першага квартала, падкрэсліў Аляксандр Ягораў, у большасці банкаў назіраецца станоўчая дынаміка, звязаная з ростам безнаяўных плацяжоў. А гэта азначае, што гнуткая палітыка рэгулятара знаходзіць водгук у гульцоў рынку і іх кліентаў.
Таццяна ШЧАДРАНОК