Top.Mail.Ru

Гісторыя матулі, якая выхавала іх без дэкрэтаў і гаджэтаў

Два медалі за шасцёра дзяцей


Сёння, у Год беларускай жанчыны, мы шмат гаворым пра падтрымку мацярынства. І гэта правільна. Сучасныя маці могуць карыстацца дэкрэтным водпускам, дапамогай дзяржавы. Але мы не павінны забываць і пра тых, хто выхоўваў дзяцей у зусім іншых умовах. Годныя папярэднікі сучаснага беларускага ордэна Маці — «Медаль мацярынства», ордэн «Маці-гераіня» і «Мацярынская слава».

90-гадовая Яўгенія Рэвяка, ці проста цётка Жэня (менавіта цётка, а не бабуля), як яе называюць аднавяскоўцы, не мае ордэна Маці. У яе — два савецкія «Медалі мацярынства». Па сутнасці гэта адно і тое ж: прызнанне дзяржавай таго подзвігу, які штодня здзяйсняе маці. Проста ў яе час гэты подзвіг не суправаджаўся гучнымі словамі, гаджэтамі і сацыяльнымі сеткамі. Ён суправаджаўся мазалямі, недасыпаннем і цяжкай працай.

Яўгенія Сямёнаўна жыве ў вёсцы Літусава Сенненскага раёна, што на Віцебшчыне. Сёлета ёй спаўняецца 90 гадоў. Яна трымае курэй, разам з сынам і ўнукамі, якія прыязджаюць з горада, садзіць бульбу, даглядае кветнік, падмятае двор, ходзіць праз дарогу на пошту — там цяпер можна не толькі выпісаць газету, але і набыць любы тавар. Таму гаспадыня не скардзіцца на жыццё. Яна выгадавала шасцёра дзяцей.

«У мяне медалі толькі на дзяцей»

Яна гаворыць спакойна, без гонару, без пафасу. Проста канстатуе факт таго, што мае такую ўзнагароду. Для яе — гэта не бліскучы знак у футляры, а ўспамін пра тых, каго нарадзіла. Наша суразмоўніца нават не памятала дакладна, дзе ляжалі яе медалі. Спачатку Яўгенія Сямёнаўна не хацела паказваць колішнія ўзнагароды, маўляў, што тут такога, знайшлі чым хваліцца, аднак, настаяўшы на сваім, яна схадзіла ў хату па іх, вынесла два свае, ужо згубіўшыя ад часу былы бляск, медалі.

— Шэсць дзяцей было, а цяпер чатыры толькі. Яна гаворыць пра гэта так, быццам пра надвор’е. Але пасля такіх слоў цётка Жэня змаўкае, а пасля тлумачыць: «Саша сышоў маладым. Галя, дачка, памерла ад раку. Жыла яшчэ шэсць гадоў пасля аперацыі. І то шчасце», — кажа маці.

«Сына нарадзіла ў калідоры»

— Я працавала даяркай, — расказвае гераіня. — Было цяжка, але працавалі, не спрачаліся, зараблялі грошы. Ішла з работы, толькі пераступіла парог і Сашу нарадзіла ў калідоры.

— Вы да такога часу хадзілі і працавалі?

— А што? Не забаранялі. А дэкрэты? Якія дэкрэты ранейшыя... У драўлянай люльцы калыхалі, калі была...

— А вы ў чым калыхалі?

— Ні ў чым — на руках.

Яна не скардзіцца, а проста расказвае, як было. Для яе гэта не «цяжкае жыццё» — гэта проста жыццё. Такое, якое было ў мільёнаў савецкіх жанчын, якія рана ішлі на ферму, даілі кароў, насілі цяжкасці, а потым бягом дадому — карміць, мыць, песціць, а потым зноў на працу.

Яўгенія Рэвяка памятае вайну. У 1941-м ёй было 8 гадоў. Успамінае, як немцы не пускалі іх у хату, а маці было загадана паліць у печы. Як акупанты, п’яныя, стаялі ў вадзе па некалькі гадзін, каб ацверазіцца. Аднак гаворыць і пра тое, што асабліва не крыўдзілі, за яйкі малых частавалі цукеркамі. Памятае, як прыходзілі партызаны, яны не бралі апошняга, а вось паліцаі будзілі ноччу і нават з дзяцей здымалі апошняе адзенне і забіралі. Узгадвае, як брата Васіля фашысты прымусілі даставаць двух застрэленых сабак з будак, а той заўпарціўся. Хлопчыка павялі пад дулам вінтоўкі расстрэльваць, але маці паспела адкупіць сына за поўнае сіта яек.

«А пасля вайны было яшчэ цяжэй»

— Бедна было, гола. Што елі? Бульба, зразумела, буракі... Выкідвалі чарвяка з гнілой бульбіны і елі. У маладосці бегалі на танцы, танцавалі пад гармонік. Пасля вайны заставаліся сярод насельніцтва былыя паліцаі, дык калі тыя прыходзілі на вечарынку, хлопцы ўступалі з імі ў бойку.

— Пасля замужжа працавала на ферме. Адна глядзела 50 галоў. І даіла, і бідоны насіла, і па 50 кілаграмаў камбікорму разносіла. Гэта ж не жарты!

За хатай жанчыны віднеюцца вясковыя могілкі. Я пытаюся, ці не страшна ёй.

— Не баюся. Духі не з’яўляліся ніколі (смяецца). Слухай, жывога бойся, а не мёртвага. Гэта, мабыць, галоўная мудрасць, якую яна вынесла са свайго доўгага жыцця.

«Дзякую Прэзідэнту, што жывём пад мірным небам»

У Яўгеніі Сямёнаўны засталося чацвёра дзяцей, якія наведваюць, не забываюць, шмат унукаў. Пасля таго як усе дзеці разляцеліся, памёр муж, жыве адна, і трэба сказаць, што аптымізму гэтай жанчыны не займаць. Птушку трымае — купіла маладых курачак. Расказвае, што ўзімку ў хаце трымае, а то ў парнік носіць, каб цёпла было. Дзецям у горад дае яйкі.

— Ну а што рабіць? Не смуткую, не плачу. Вось агарод — бульбу пасадзім, клубніцы, маліну. Пенсія неблагая. Есці што куплю. Увечары гляджу абавязкова навіны і нашага Прэзідэнта, дзякую яму, што жывём пад мірным небам. Што аб’явіў гэты год жаночым — гэта правільна. Няхай яму Бог здароўя дасць больш. А нам сіл і памяці, каб маглі сваім унукам расказаць, што было раней.

І ўсё. Ні скаргі, ні крыўды. Проста жыццё — якое было і якое ёсць. А медалі, якія ляжаць дзесьці ў звычайнай вясковай хаце, не страцілі сваёй сілы. Таму што галоўны медаль — гэта дзеці. І нават тыя, каго ўжо няма, застаюцца ў памяці любой жанчыны-маці. А гэта, бадай, самая вялікая ўзнагарода.

Надзея ЗУЕВА, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю