Top.Mail.Ru

У гэтай сям’і адразу вырашылі: дзяцей будзе столькі, колькі Бог дасць

Самая вялікая ўзнагарода


У свеце, дзе колькасць дзяцей у сям’і часта абмяжоўваецца адным-двума, знайсці тых, хто выхоўвае пяць, шэсць, сем душ — сапраўдны скарб. У маленькай вёсцы Калюжыца, дзе ўсяго чатыры жылыя дамы, жыве простая беларуская жанчына — Вольга Багдановіч. Ёй 41 год, працуе прыбіральшчыцай у школе, а дома яе чакаюць пяцёра дзяцей і муж, які гатовы падмяніць, каб жонка адпачыла.

У кастрычніку мінулага года Вольга Мікалаеўна атрымала прызнанне сваёй важнай мацярынскай справы — яна была ўдастоена ордэна Маці. Урачыстасць праходзіла ў Палацы Рэспублікі.

— На ўзнагароджанні больш хвалявалася: думала, як сказаць, што адказаць. Я не цікавілася, якія ордэн дае магчымасці, — пакуль няма такой патрэбы, — прызнаецца жанчына. — Самая вялікая ўзнагарода — гэта мае дзеці.

Шматдзетнасць у спадчыну

Вольга — не проста маці. Кожны дзень яна за рулём сваёй машыны вязе чацвярых дзяцей з Калюжыцы ў суседнюю Ушу (адлегласць невялікая — няма і двух кіламетраў). Там жа, ва Ушанскай школе, яна і працуе.

Яе сямейная «каманда» — гэта сын Глеб (12 гадоў) — ён самы старэйшы, ходзіць у шосты клас; Паліначка (11 гадоў), якая вучыцца ў пятым класе, дадаткова ездзіць у Беразіно на заняткі па матэматыцы; 10-гадовы Ягорка — у трэцім класе, таксама захапляецца матэматыкай; Матвейка (7 гадоў), пойдзе ў першы клас, разам з трохгадовай Танечкай наведваюць садок.

— Калі выходзіла замуж, то адразу сказала: «Будзе столькі дзяцей, колькі Бог дасць». Мой муж Саша — з сям’і, дзе выхоўваліся сем дзяцей, я сама з такой жа сям’і (плюс мама ўдачарыла яшчэ дзвюх дзяўчынак). Так што для нас шмат дзяцей — гэта нармальна.

Асобнага аповеду заслугоўвае маці Вольгі — Тамара Міхайлаўна Старавойт. Яна жанчына з вялікім сэрцам: выгадавала сямёра родных дзяцей і дзвюх удачароных дачок. Калі іх хацелі аддаць у іншую сям’ю, галава сямейства сказаў: «Каму я іх аддам? Ідзі хутчэй афармляй». Так яны сталі сваімі. Цяпер Тамара 

Міхайлаўна — бабуля, у якой больш за 25 унукаў.

— Мама дала мне толькі адзін наказ: «Вы будзеце і сварыцца, і мірыцца, але кладзіцеся спаць разам. Прытрэшся плячом — і ўжо лягчэй».

Як яны спраўляюцца? Сакрэт у камандзе 

Муж Вольгі Аляксандр Іванавіч працуе аператарам кацельні на сыразаводзе ў Беразіне. Калі жонка хварэе, ён бярэ кіраванне домам на сябе.

— Памятаеце фільм, дзе тата ўсё робіць? У нас прыкладна так. Я магу быць на рабоце (працую па суботах), а прыходжу — усё зроблена. Паліна мые падлогу, Глеб пыласосіць, Ягор выцірае пыл, а Мацвей з Таняй збіраюць цацкі. І ўрокі дзеці робяць самі. Я ім давяраю, — расказвае наша гераіня.

— Дапамагаюць і па гаспадарцы: мы трымаем свіней і курэй. Шашлык і смажаную бульбу вельмі смачна гатуе тата, а вось аладкі ў рускай печы — па яго настроі.

Летам уся вялікая сям’я з’язджае на рыбалку або даследуе прыгожыя мясціны, якія ведае толькі муж.

Разуменне і падтрымка

На пытанне, што самае цяжкае, Вольга адказвае без разваг: «Калі дзеці хварэюць. Гэта самае цяжкае. А так — усё ідзе па чарзе, ты нават не адчуваеш моцнай стомленасці».

Самыя шчаслівыя моманты — калі ўся сям’я збіраецца разам. Нядаўна сёстры зладзілі сюрпрыз: сказалі, што едуць да Вольгі бульбу капаць, а насамрэч накрылі стол і адзначылі яе 40-годдзе.

— Мае дзеці потым пыталіся: «Калі наступны юбілей? Калі мы зноў усе разам збяромся?» — усміхаецца жанчына.

Шматдзетная маці расаказала, што дзяржава значна дапамагае: дзеці ў школе харчуюцца цалкам бясплатна, а за дзіцячы садок яны плацяць толькі палову. Акрамя таго, да пачатку навучальнага года выдаецца дапамога, а для шматдзетных сем’яў прадугледжана бязвыплатная субсідыя на крэдыт для перабудовы і рэканструкцыі дома. Сям’я таксама атрымлівае дэкрэтныя выплаты і дзіцячыя дапамогі, а дзеці маюць права на некаторыя бясплатныя лекі беларускай вытворчасці, хоць, на шчасце, неабходнасці ў іх пакуль не было.

— Не бойцеся мець шмат дзяцей, — гаворыць Вольга. — Калі яны маленькія — складана, але калі вырастаюць — весела. А калі яшчэ і ўнукі пойдуць... Я нават не ведаю, напэўна, і старэць лягчэй. Галоўнае — не думаць, што не справіцеся. Важна, каб побач былі людзі, якія падтрымаюць.

Вялікая сям’я Багдановічаў — жывое сведчанне таго, што шчасце не ў квадратных метрах, а ў дзіцячым смеху, у багатым на грыбы і ягады лесе побач і ў вялікім стале, за якім заўсёды ёсць месца для ўсіх блізкіх.

Надзея ЗУЕВА

Фота з сямейнага архіва Багдановічаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю