Top.Mail.Ru

Прызванне — быць мамай

Жанчына года — 2025 у намінацыі «Мацярынская слава» Любоў Клешчукевіч за 19 гадоў работы ў якасці маці-выхавальніцы сагрэла сваім цяплом каля 80 прыёмных дзяцей


Яшчэ зусім маленькай яна марыла: калі вырасту, у мяне абавязкова будзе вялікі дом і шмат дзяцей. Менавіта так усё ў яе і склалася. Сёння маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу (ДДСТ) Любоў Клешчукевіч гадуе 10 дзяцей: трое сваіх і сем прыёмных. Трое старэйшых родных дзяцей Любові Мікалаеўны — Руслан, Ангеліна і Валерый — ужо дарослыя і жывуць асобна.

З малых гадоў марыла пра вялікую сям’ю

— Я вырасла ў сям’і, дзе, акрамя мяне і брата, бацькі выхоўвалі маю стрыечную сястру Надзю, якая засталася сіратой. Гэта ўспрымалася мной абсалютна натуральным, — распавядае Любоў Клешчукевіч. — Сваю першую прыёмную дачку Анечку я ўзяла, калі ў нас з мужам было ўжо трое родных дзяцей: 9, 8 і 3 гадоў. Убачыла аб’яву аб магчымасці працаваць як маці-выхавальніца і падумала: адну сірату мы ўжо дакладна можам узяць да сябе — месца хопіць.

Прайшло зусім няшмат часу, і з дому дзіцяці Любові Мікалаеўне паведамілі, што ў Анечкі ёсць малодшы брацік Жэня. Каб не разлучаць іх, прынялі ў сям’ю і хлопчыка. Потым папрасілі ўзяць 7-месячнага Ігара. Пагадзіліся. Любоў Клешчукевіч бачыла: з дзецьмі ў яе ўсё выдатна атрымліваецца, але ў кватэры становіцца цесна для такой колькасці жыхароў. І калі супрацоўнікі органаў апекі і папячыцельства Фрунзенскага раёна сталіцы прапанавалі ў 2010 годзе стаць маці-выхавальніцай дзіцячага дома сямейнага тыпу ў прадастаўленай дзяржавай вялікай кватэры, яна пагадзілася.

Большасць прыёмных дзяцей Любові Клешчукевіч — сацыяльныя сіроты: таты і мамы ў іх ёсць, але, на жаль, іх нельга назваць адказнымі бацькамі.

— Ёсць маці і бацькі, якія прыходзяць наведаць дзяцей, — адзначае Любоў Мікалаеўна. — Я з імі знаёмлюся, гутару. Калі бачу, што чалавек гатовы ўзяцца за розум і пачаць новае жыццё, усяляк дапамагаю. Падказваю, напрыклад, дзе і як можна вылечыцца ад алкагольнай залежнасці, часам дапамагаю зрабіць рамонт у кватэры, каб маглі забраць да сябе дзяцей. Ёсць жанчыны і мужчыны, якія прыкладаюць намаганні і дамагаюцца аднаўлення сваіх бацькоўскіх праў.

Некаторых з прыёмных дзетак Любові Клешчукевіч усынаўляюць, над іншымі афармляюць апеку. Але ёсць і тыя, каго яна выхоўвае да дасягнення імі 16 гадоў, пасля чаго яны паступаюць у каледжы, і, паводле закону, за іх ужо адказваюць ва ўстанове адукацыі.

— Развітвацца з дзецьмі — самае складанае ў маёй рабоце. Гэта ж відавочна: укладваеш у іх свае сілы, эмоцыі, прывязваешся, — дзеліцца Любоў Мікалаеўна. — Вось зараз малодшай прыёмнай дачцэ Васілісе год і два месяцы. Яе маці не пазбаўлена бацькоўскіх праў, яна па стане здароўя не можа гадаваць дзіця. Калі жанчына паправіцца, Васіліса вернецца да яе. Зразумела, будзе няпроста аддаць дзяўчынку, якую выхоўваю з маленства і з якой у мяне ўжо трывалая эмацыйная сувязь.

Дом, дзе саграваюцца сэрцы

Любоў Мікалаеўна пераканана: дзіцячыя дамы сямейнага тыпу больш адпавядаюць патрэбам сацыяльных сірот, чым традыцыйныя дзіцячыя дамы або школы-інтэрнаты.

— Фактычна мы звычайная шматдзетная сям’я, хоць і са сваімі асаблівасцямі, — кажа мая суразмоўніца. — Я выхоўваю прыёмных дзяцей як родных. З ранніх гадоў прывучаю да таго, што трэба прыбіраць за сабой, вучу гатаваць. Чым больш дарослымі яны становяцца, тым больш у іх абавязкаў. Дзеці вучацца жыць разам, падстаўляць адно аднаму плячо. Для мяне галоўнае, каб яны сацыялізаваліся, выраслі добрымі людзьмі, знайшлі сябе ў жыцці, стварылі ўласныя здаровыя сем’і, а не паўтарылі сцэнарыі гора-бацькоў.

Як правіла, дзеці, якія трапляюць да Любові Клешчукевіч, маральна траўміраваныя сваімі біялагічнымі бацькамі. Але, трапляючы ў нармальныя ўмовы, большасць з іх прыкметна паляпшае школьныя адзнакі, яны становяцца больш адкрытымі, вясёлымі, упэўненымі.

Вопыт пражывання ў здаровай дружнай сям’і, дзе весела і цікава праводзяць выхадныя, дзе разам за агульным сталом адзначаюць дні нараджэння і святы, дзе заўсёды можна знайсці суцяшэнне і абарону ў мамы, — той бясцэнны капітал, які набываецца ў ДДСТ кожным прыёмным дзіцем і стварае пэўны імунітэт супраць паўтарэння сумных бацькоўскіх сцэнарыяў.

Талент мацярынства

— Працу маці-выхавацельніцы не назавеш простай, — згаджаецца мая суразмоўніца. — Я ведаю, што такое эмацыйнае выгаранне. У свой час нават сыходзіла з работы: здавалася, што вычарпала свой рэсурс. Але прайшло два гады — і зразумела: не, кропку ставіць рана. Мусіць, я прыйшла ў гэты свет менавіта за тым, каб дапамагаць дзецям.

Пытаю дзяцей Любові Мікалаеўны, як мама іх карае за дрэнныя паводзіны. Аказалася, максімум, які ім пагражае — гэта дзяжурства па кухні або адлучэнне на тыдзень ад гаджэтаў. Дастаюцца ім такія «пакаранні» значна радзей, чым праявы мамінага клопату і любові.

Любоў Клешчукевіч імкнецца сачыць за лёсамі ўсіх дзяцей, якім яна (няхай часова) стала мамай. Заўсёды радуецца, калі даведваецца, што ў яе сыночкаў і дачушак ўсё ў жыцці складваецца добра.

— Для некаторых з прыёмных дзяцей і пасля іх сыходу ў самастойнае жыццё я па-ранейшаму застаюся мамай, — падкрэслівае Любоў Клешчукевіч. — Яны падтрымліваюць адносіны з маімі роднымі дзецьмі, знаёмяць са сваімі жаніхамі і нявестамі, прывозяць да мяне ўжо сваіх дзяцей, якіх лічаць маімі ўнукамі.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю