Top.Mail.Ru

Як зберагчы сваё сэрца

Інфаркт не чакае


Сардэчна-сасудзістыя паталогіі знаходзяцца на першым месцы ў спісе прычын смяротнасці людзей ва ўсім свеце. Пры гэтым нярэдка яны развіваюцца паступова, без якіх-небудзь клінічных праяў. Хто ж у групе рызыкі і якія абследаванні і калі трэба абавязкова праходзіць, каб не прапусціць пачатковыя этапы збояў і захаваць здароўе сэрца?

Фактары рызыкі

Як адзначае дырэктар РНПЦ «Кардыялогія», галоўны пазаштатны кардыёлаг Міністэрства аховы здароўя Андрэй ПРЫСТРОМ, сёння шмат людзей маюць фактары рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. І даследаванні, якія праводзіліся ў Беларусі ў 2016–2020 гадах, паказалі, што іх колькасць вырасла. Напрыклад, у краіне больш за 2,2 мільёна пацыентаў маюць павышаны ціск. Рычагі ўплыву на гэтыя фактары ёсць, і гэта не толькі лекавыя прэпараты, але і змяненне ладу жыцця.

У краіне, напрыклад, на дастаткова высокім узроўні знаходзіцца захваральнасць на ішэмічную хваробу сэрца. У яе аснове ў першую чаргу ляжыць атэрасклероз. Пры гэтым адтэрмінаваць або знізіць верагоднасць захворвання можна пры выкананні некаторых правіл. У маладым узросце адзін з ключавых фактараў рызыкі — гэта курэнне, а таксама харчаванне (лішняя маса цела) і фізічная актыўнасць, у прыватнасці маларухомы лад жыцця. Ёсць даследаванні, якія паказалі, што зніжэнне вагі ўплывае і на зніжэнне ціску: змяншэнне на 1 кг дазваляе знізіць ціск на 1 мм рт. сл., але гэта правіла працуе толькі пры вялікай масе цела. Да фактараў рызыкі адносіцца і такое захворванне, як цукровы дыябет.

Кантроль за пералічанымі фактарамі рызыкі, паводле даных даследаванняў, дае магчымасць знізіць больш як на 70 % захваральнасць на сардэчна-сасудзістыя хваробы. Адметна, што першасная прафілактыка датычыцца і здаровых людзей, у якіх яшчэ няма паталогіі. У прыватнасці, дапамагчы сабе можна, змяніўшы звычкі ў харчаванні. Кожны здаровы чалавек павінен за суткі з’ядаць каля васьмі порцый садавіны і агародніны — прыкладна 400 г. Даследаванне ў нашай краіне паказала, што няшмат людзей прытрымліваецца гэтага правіла.

— Здароўе чалавека знаходзіцца ў яго руках, таму што яму вырашаць, як харчавацца, курыць ці не курыць, які лад жыцця весці, ці займацца фізічнай актыўнасцю, — адзначыў Андрэй Прыстром.

Калі пачынаць абследаванне?

Намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ «Кардыялогія» Наталля ПАБІВАНЦАВА адзначыла, што даследаванне сэрца трэба пачынаць тады, калі ўзнікае нейкая праблема, — адразу ж, неадкладна. 

І гэта не звязана з канкрэтным узростам. Трэба таксама ведаць сваю спадчыннасць, таму што многія захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы генетычна дэтэрмінаваны. Калі ў блізкіх сваякоў мелася артэрыяльная гіпертэнзія, былі раннія інфаркты, інсульты, ускладненні ішэмічнай хваробы сэрца, былі выпадкі раптоўнай смерці, вы апрыёры знаходзіцеся ў групе рызыкі. У такіх выпадках трэба паглыблена пачынаць штогадовае абследаванне сардэчна-сасудзістай сістэмы.

— Калі чалавек без бачных прычын раптам адчуў сябе дрэнна, нестандартна для яго паўсядзённага жыцця, гэта таксама нагода звярнуцца да ўрача. Найбольш частыя сімптомы, з якімі грамадзяне не звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, — гэта выяўленая слабасць, стамляльнасць, — звярнула ўвагу Наталля Пабіванцава.

Бессімптомны інфаркт

Трэба сказаць, што часам інфаркт міякарда можа праходзіць бессімптомна. Апошнім часам карціна хваробы сэрца моцна змянілася.

— Ёсць класічная стэнакардыя, якая вядомая ўжо больш за 150 гадоў. Яе называюць «грудная жаба», і яна распісана ва ўсёй літаратуры. Але на сёння толькі ў 15 % людзей з ішэміяй міякарда праяўляецца гэта класічная карціна. Адпаведна, у большай частцы яна некласічная, таму заўсёды трэба прыслухоўвацца да сваіх адчуванняў, — падкрэсліў Андрэй Прыстром.

Акрамя таго, ёсць людзі, у якіх болевы парог зніжаны. І нават інфаркт міякарда, пнеўманія або іншыя вострыя станы могуць праходзіць у іх бессімптомна. Гэта пацыенты з цукровым дыябетам, людзі старэйшыя за 70 гадоў і тыя, якія злоўжываюць алкаголем або іншымі псіхаактыўнымі рэчывамі.

Даць дакладны адказ у такіх выпадках можа электракардыяграма сэрца. Часта людзі думаюць, што калі нядаўняя кардыяграма не выявіла паталогіі, то ў іх ўсё добра. Але кардыяграма — гэта карціна тут і цяпер, якая можа змяніцца на наступны дзень: учора была добрая, а сёння з’явіўся дыскамфорт, слабасць, задышка.

Ці нясуць шкоду кава і энергетыкі?

Што датычыцца кавы, то, як адзначае Наталля Пабіванцава, ёсць вельмі шмат супярэчлівых даных і даследаванняў. Хтосьці лічыць яе вельмі неспрыяльным напоем, а хтосьці сцвярджае, што яна карысныя. Насамрэч усё добра ў меру. Калі чалавек любіць каву і яна не выклікае ў яго ні тахікардыі, ні дыскамфорту, не суправаджаецца курэннем і не ўжываецца нашча, то ў разумнай колькасці яе піць можна.

Што да энергетыкаў, то ўрачы катэгарычна супраць іх.

— Ужываць іх катэгарычна забаронена, у тым ліку і моладзі, таму што гэта вельмі моцныя энергетычныя прэпараты, якія танізуюць і нервовую, і сасудзістую сістэмы, прымушаюць сэрца працаваць на павышаных абаротах. Навошта прымушаць сваё сэрца жыць у такім рэжыме? Не гаворачы ўжо аб тым, калі энергетыкі прымаюцца ноччу. Арганізм хоча спаць, а яго такім чынам прымушаюць працаваць — паглядзець кіно ці павучыцца даўжэй. Гэта няправільная арганізацыя рэжыму дня. Ёсць біярытмы. А энергетыкамі мы толькі скарачаем сабе жыццё, — падкрэсліла Наталля Пабіванцава.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю