Пазітыўны настрой
Гэты год здзіўляе тым, што ўпершыню за доўгі час сезоны ідуць згодна з календаром — так што пакуль аграрыі даюць станоўчыя прагнозы наконт ураджайнасці. Пазітыўна настроены ў ААТ «Лаздуны Агра». Упор тут робяць на рапс, нягледзячы на тое, што для вырошчвання гэта не самая простая культура. Азімага рапсу ў гаспадарцы больш за 2300 га, яравога — 300 га.

Цяпер ідзе перыяд актыўнага цвіцення, на рапсе любяць пажывіцца шкоднікі, таму пасевы на дбайным кантролі, каб своечасова выявіць з’яўленне нежаданых гасцей, патлумачылі ў гаспадарцы. Так, укласціся ў культуру трэба сур’ёзна, але і прыбытак у выніку атрымліваецца высокі. Кукурузы на зерне амаль 3000 га. Збожжавыя культуры вырошчваюць, ёсць бульба. У рабоце дапамагаюць добрая тэхніка і сучасныя тэхналогіі. Амаль усе палі алічбаваны, яшчэ крыху — і на ўсёй тэхніцы будзе ўстаноўлена GPS. Значную ролю ў развіцці гаспадаркі адыгрывае заснавальнік — ААТ «Гродна-Азот».
Альтэрнатыва плугу
У гаспадарцы актыўна ўкараняюць тэхналогію безадвальнай апрацоўкі зямлі: калі замест плуга выкарыстоўваюцца глебарыхліцелі.
Такая тэхналогія дае магчымасць скараціць колькасць аперацый.

За апошнія дзесяцігоддзі агранамічныя тэхналогіі вельмі развіліся, сцвярджае намеснік дырэктара па раслінаводстве Георгій ФІЛІМОН. Ён працуе ў сферы сельскай гаспадаркі ўжо 38 гадоў, і яму ёсць з чым параўноўваць. Напрыклад, раней у раёне амаль не было кукурузы на зерне, бо яна проста не выспявала да патрэбнага стану.
— У гаспадарцы найлепшая тэхніка, якая дазваляе максімальна раскрыць патэнцыял зямельных угоддзяў. Аб’ёмы вялікія. Раней на 1000 га было ўсяго 150–200 га кукурузы. Нашы аграномы старанна сочаць за палямі, каб не было шкоднікаў, пустазелля. Вядома, сельскагаспадарчая праца застаецца цяжкай, але працаваць цяпер значна зручней, — лічыць намеснік дырэктара.
І кандыцыянер, і шумаізаляцыя
Аб камфорце працы казаў і механізатар Сяргей ГОРЫД, які працуе на палях Іўеўскага раёна ўжо 18 гадоў. Ён вырас тут і заўсёды любіў працу на зямлі. Дарэчы, яго бацька і старэйшы брат таксама задзейнічаны ў сельскай гаспадарцы.
— Мяне ніколі не цягнула ў горад. Люблю вёску, прастор, таму для мяне выбар прафесіі быў відавочны, — кажа ён. — Працаваў на рознай тэхніцы. І прыемна бачыць прагрэс — усё робіцца для зручнасці механізатара, бо ў сезон трэба працаваць напружана, па шмат гадзін. Ёсць кандыцыянер, шумаізаляцыя. Да таго ж я работаю не толькі за рулём сеялкі: выходжу на апрацоўку, потым збіраю ўраджай. Дарэчы, уборка — любімы момант працы. Прыемна бачыць вынікі ўсіх намаганняў.

Яслі для цялят
Жывёлагадоўля ў гаспадарцы таксама на высокім узроўні. На ўсім прадпрыемстве змяшчаецца 10 731 галава буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 3 435 — дойныя каровы.
У мінулым годзе адбылася маштабная рэканструкцыя малочнатаварнага комплексу на МТК «Лаздуны» (аднаго з шасці). Укаранёны поўны цыкл узнаўлення статка і выкарыстоўваецца сучаснае айчыннае абсталяванне. Гэта дазваляе прадпрыемству кантраляваць якасць прадукту на ўсіх этапах. Колькасць дойных галоў з 900 павялічана да 1 500. Усяго на комплексе змяшчаецца 2 335 галоў.
Цяпер на тэрыторыі комплексу ўзводзіцца прафілакторый для цялят на 260 месцаў. Дадзены аб’ект — нібы яслі для нованароджаных. Асабліва актуальны прафілакторый будзе ў халодную пару года. Дадатковую бяспеку аказвае наяўнасць аўтаматычнай мыйкі для вёдраў. За гадзіну машына можа вымыць 300 штук. Цяпер супрацоўнікам фермы не трэба гэтым займацца ўручную, ды і ў выніку тара атрымліваецца амаль стэрыльнай. Усе гэтыя дзеянні накіраваны на выключэнне падзяжу пагалоўя і для іх здаровага росту.

З прыцэлам на высокі ўраджай
Сельская гаспадарка раёна дэманструе ўстойлівы рост і развіццё, адзначае першы намеснік старшыні Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй ЖЭБРЫК. Тут актыўна займаюцца вырошчваннем буйной рагатай жывёлы, вытворчасцю збожжавых культур і стварэннем кармавой базы для жывёлагадоўлі. Фермы ў Іўеўскім раёне аснашчаны сучасным абсталяваннем і тэхналогіямі, што дае магчымасць забяспечыць камфортныя ўмовы для жывёл і павысіць якасць прадукцыі. Такіх у рэгіёне 95 %. На сёння ў гаспадарках Іўеўскага раёна налічваецца 23 600 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 8 138 — дойныя каровы.
— Азімыя культуры сёлета перазімавалі выдатна, без страт. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць больш за 65 900 га, з якіх 42 700 га прыпадае на раллю. Сучасныя тэхналогіі і вопыт дазваляюць нам паспяхова весці гаспадарку ў рэгіёне, — падкрэслівае Андрэй Жэбрык. — Пасяўныя плошчы пад яравыя культуры складаюць 16 763 га, і на дадзены момант засеяна ўжо 76 % ад агульнага аб’ёму. Асноўныя культуры — збожжавыя, кукуруза і рапс. Адмысловая ўвага ўдзяляецца падкорму і ахове збожжавых культур. Работы па доглядзе пасеваў праводзяцца на ўсіх палях, што дае магчымасць забяспечыць высокі ўраджай.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ,
фота аўтара