Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Надзея Сяўрук, катоў таксама трэба рэгістраваць. Прычым правілы абавязковай рэгістрацыі хатніх гадаванцаў як сабак, так і катоў прынятыя яшчэ ў 2001 годзе (пастанова Савета Міністраў № 834). Але сёння за іх выкананнем будуць больш пільна сачыць. У рамках павышэння камунальнай дасведчанасці асобнымі арганізацыямі ЖКГ праводзяцца сустрэчы з насельніцтвам, дзе можна атрымаць карысную інфармацыю, звязаную з утрыманнем жывёл.
У той жа час няведанне законаў не вызваляе грамадзян ад адказнасці, таму зацягваць з рэгістрацыяй вусатых не варта — парушальнікам можа пагражаць штраф да 15 базавых велічынь.
Зарэгістраваць гадаванца гаспадарам трэба на працягу трох дзён, як ён стаў з імі жыць, кацянят — на працягу 3-3,5 месяцаў (такі час даецца, каб гаспадар паспеў прыстроіць прыплод). Звяртацца трэба ў адміністрацыю па месцы жыхарства, у службу «Адно акно». Працэдура бясплатная і максімальна спрошчаная. Для яе патрабуецца толькі пашпарт і пры наяўнасці ветэрынарны пашпарт жывёлы. Калі чалавек пражывае ў кватэры па дагавору найму, тады спатрэбіцца і згода ўласніка кватэры. Пасля афармлення жывёлы яго гаспадар атрымлівае пасведчанне і жэтон. Як заўважыла Надзея Сяўрук, рэгістрацыя дазволіць наладжваць узаемадзеянне грамадзян з адпаведнымі арганізацыямі. Калі такі гадаванец згубіцца, яго прасцей будзе знайсці і вярнуць. У адрозненне ад уладальнікаў сабак, гаспадары катоў падатку на іх утрыманне не плацяць.
Людзі, якія яшчэ не разабраліся, што да чаго, і баяцца, каб з новымі правіламі ўтрымання жывёл не дадалося праблем, праз сацыяльныя сеткі спрабуюць прасоўваць уласныя інтарэсы. Прапануюць рэгістраваць толькі набытых пародзістых катоў і не чапаць гаспадароў, чые коцікі забяспечваюць «санітарны стан» — ловяць мышэй. Людзі таксама выказваюцца, што трэба ўводзіць бонусы для тых, хто падбірае бадзяжных жывёл у выглядзе льгот на лячэнне, стэрылізацыю і кармы.
Самае ж частае пытанне, якое ідзе пад пастамі, звязанымі з кацінай рэгістрацыяй, — «навошта?». Маўляў, Барсікі і Муркі сядзяць сабе дома, у адрозненні ад сабак, не выюць з-за сценкі, не кідаюцца на мінакоў, не пакідаюць «сюрпрызы» на газонах, і пляцоўкі ім для выгулу не патрэбныя. Тым не менш многія карыстальнікі TіkTok заўважылі, што абавязковая рэгістрацыя і кантроль неабходныя і за катамі. Пушыстыя суседзі таксама могуць дастаўляць праблемы, асабліва калі некаторыя «чуллівыя» гаспадары трымаюць у кватэры цэлую хвастатую банду, якую не здольныя даглядаць належным чынам, — так што смурод стаіць і на лесвічнай пляцоўцы, а час ад часу пранырлівыя каты выскокваюць у пад’езды і мецяць куты. Асабліва наракаюць на пухнатых ў прыватных сектарах. «У адной з маіх суседак 16 кошак, у другой — 6, у трэцяй — чатыры.
І яны ўсе жывуць на вуліцы. Адпаведна і на маёй тэрыторыі таксама. Я не магу адкрыць у доме вокны, дзверы ў гаражы — усё адразу будзе памечана».
Натуральна з пераходам на абавязковую рэгістрацыю прыйдзецца прытрымлівацца і іншых правіл — сачыць за гадаванцам, каб ён не дастаўляў праблем суседзям, клапаціцца, каб не было лішняга прыплоду, не трымаць у шматкватэрных дамах больш за двух гадаванцаў.
Карыстальнікі, якія за навінамі сочаць, відаць, толькі праз сацыяльныя сеткі, абураюцца: «Ці быў прыняты закон, які б паляпшаў жыццё людзей і братоў нашых меншых?» Іх больш дасведчаныя калегі падказваюць, што абавязковая рэгістрацыя жывёл як раз будзе садзейнічаць рэалізацыі Закона «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Яны вітаюць, што гаспадарам давядзецца жыць па правілах, бо цяпер хатніх гадаванцаў нельга будзе выкінуць на вуліцу. Есць і такія, хто прапануе не абмяжоўвацца толькі рэгістрацыяй, а ўвесці абавязковае чыпіраванне, каб несумленных гаспадароў, якія выкідваюць жывёл на вуліцу, можна было знайсці і прыцягнуць да адказнасці.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ