— У пачатку 2021 года 412 тысяч гектараў меліяраваных зямель былі ў нездавальняючым стане, — згадаў сенатар. — Забалочаныя, зарослыя кустамі, яны практычна не працавалі ў поўнай ступені на вынік аграпрамысловага комплексу. Вы памятаеце нараду, якая праходзіла ў Талачынскім раёне ў лістападзе 2022 года, — тады Прэзідэнт паставіў задачу ўсім нам прывесці ў парадак гэтыя землі. І не проста паставіў задачу, а істотна дапамог меліярацыйнаму комплексу, выдзеліў фінансаванне больш за два мільярды рублёў на папярэднюю пяцігодку. Мы тады адчувалі сур’ёзны дэфіцыт кадраў: былі адток механізатараў, зношанасць тэхнікі. Адчувалі таксама відавочны дэфіцыт гэтых машын. У выніку пры падтрымцы Прэзідэнта сур’ёзна абсталявалі свае меліярацыйныя арганізацыі спецыялізаванай тэхнікай. Было закуплена больш за 350 экскаватараў, набыта больш за 140 бульдозераў. У цэлым больш за 2 тысячы адзінак тэхнікі было закуплена з розных крыніц для меліярацыйнага комплексу. Нам удалося ўвесці 416 тысяч гектараў меліяраваных зямель у строй. Дадаткова знайшлі больш за 75 тысяч гектараў, якія ў поўнай ступені сёння выкарыстоўваюцца сельскагаспадарчымі арганізацыямі.
Пры гэтым, адзначыў Леанід Заяц, была пастаўлена задача з 2023 да 2025 года ў тры разы павялічыць выпрацоўку.
— Мы павінны былі ўводзіць па 81 тысячы гектараў штогод, — падкрэсліў парламентарый. — Увялі па 110 тысяч, гэта значыць павялічылі ў 4 разы. А такія вобласці, як Брэсцкая і Магілёўская, — у 7,4 раза. Такіх аб’ёмаў наша краіна не ведала ніколі.
Але на бягучую пяцігодку, заўважыў Леанід Заяц, стаяць цалкам новыя задачы.
— Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на высокаўрадлівыя ўчасткі, размешчаныя на неасушаных землях, якія неабходна прывесці ў парадак. Мы далажылі Прэзідэнту, якім шляхам пойдзем сёлета і ў цяперашняй пяцігодцы, якая будзе практыка ў меліярацыйных арганізацыях пры выкананні гэтай задачы. Кіраўнік дзяржавы пагадзіўся.
Па словах Леаніда Зайца, цяпер неабходна скарэкціраваць праграму бягучага года, каб паменшыць аб’ёмы рэканструкцыі і павялічыць аб’ёмы выканання культуртэхнічнай меліярацыі на неасушаных землях.
— Так, мы прывядзём у парадак пэўную частку тэрыторыі, дадзім магчымасць сеяць сельгаскультуры на высокаўрадлівых землях. На гэтых землях будзе прыбрана парослая драўняна-хмызняковая расліннасць. Будуць таксама прыведзены ў парадак усе меліярацыйныя каналы, прызначаныя для адводу вады, — дэталізаваў Леанід Заяц.
Сенатар патлумачыў, што ў гэтай пяцігодцы неабходна прыбраць усю драўняна-хмызняковую расліннасць на меліяраваных тэрыторыях і ў далейшым абавязкова абкошваць. Акрамя таго, будзе весціся ўлік каналаў і копанак, каб кантраляваць іх стан.
— Пры гэтым на асушаных землях таксама будуць праводзіцца работы, — акцэнтаваў увагу Леанід Заяц. — У цэлым на гэту пяцігодку стаіць задача забяспечыць комплекс меліярацыйных работ на плошчы 431 тысяча гектараў. У мінулай пяцігодцы былі выкананы работы на плошчы 416 тысяч гектараў. За бягучую пяцігодку мы павінны прывесці ў парадак усе сельскагаспадарчыя землі на меліяраваных і немеліяраваных тэрыторыях. Сельскагаспадарчыя арганізацыі павінны атрымаць палі вялікіх контураў, дзе можна будзе павысіць прадукцыйнасць працы, атрымаць дадатковую прадукцыю.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА