Top.Mail.Ru

Падрабязнасці сустрэчы кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў з калектывам «Белэнерга»

Энергетыка рэдка становіцца тэмай гучных навін. Яна працуе ціха і амаль незаўважна: дзякуючы галіне ў дамах ёсць святло, у батарэях — цяпло, а прадпрыемствы ўпэўнена нарошчваюць абароты. За гэтай знешняй непрыкметнасцю стаіць адна з самых складаных і маштабных сістэм краіны. 


Энергетыка — гэта сотні тысяч кіламетраў ліній электраперадачы, тысячы падстанцый, дзясяткі электрастанцый і вялікая каманда спецыялістаў, якія кругласутачна забяспечваюць устойлівую работу эканомікі. І напярэдадні вялікага юбілею — 95-годдзя беларускай энергасістэмы — калектыў прадпрыемства наведаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. У фармаце дыялогавай пляцоўкі спікер пагутарыў з калектывам арганізацыі і адказаў на пытанні.

Звяртаючыся да энергетыкаў, Старшыня Палаты прадстаўнікоў па адказнасці параўнаў іх працу з ваеннай службай. Ігар Сергяенка падкрэсліў важнасць іх работы, дадаўшы, што яны ствараюць падмурак для нашай нацыянальнай эканомікі, а таксама для развіцця ўсіх галін прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Кіраўнік дэпутацкага корпуса звярнуў увагу на гісторыю развіцця беларускай энергетычнай сістэмы, нагадаўшы, што 8 лістапада 1930 года, у гарадскім пасёлку Арэхаўск за 27 кіламетраў ад Оршы дала першы прамысловы ток першая ў краіне дзяржаўная раённая электрычная станцыя. «Магутная база беларускай энергетыкі была створана ў савецкі час. Але са з’яўленнем Рэспублікі Беларусь мы не спыніліся, а ступілі наперад, мадэрнізуючы існуючыя энергетычныя магутнасці. І вянком гэтай працы стала будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі», — канкрэтызаваў спікер.


Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама адзначыў, што яму заўсёды прыемна сустракацца з энергетыкамі. «У сілу сваёй работы вы людзі абавязковыя, канкрэтныя, да мозгу касцей педантычныя», — заўважыў ён. Дарэчы, парламентарыі ў сваёй дзейнасці надаюць шмат увагі пытанням, якія з’яўляюцца актуальнымі для галіны. Ігар Сергяенка расказаў удзельнікам сустрэчы аб выязным пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў, якое адбылося летась на базе БелАЭС, сустрэчы з калектывам Лукомльскай ГРЭС, а таксама аб пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў, на якіх не раз разглядаліся асобныя законапраекты, якія датычацца развіцця энергетычнай галіны.

Ігар Сергяенка падрабязна расказаў аб ключавых кірунках дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, а таксама адказаў на пытанні, якія паступалі ад прадстаўнікоў калектыву. Яны датычыліся замацавання маладых спецыялістаў, міжпарламенцкай міжнароднай дзейнасці і іншых сфер. У Старшыні Палаты прадстаўнікоў таксама спыталі, ці ўзнікаюць у народных выбраннікаў спрэчкі і дыскусіі пры падрыхтоўцы тых ці іншых законапраектаў.


У размове з журналістамі Ігар Сергяенка звярнуў увагу, што ў сістэме «Белэнерга» 16 арганізацый. «Энергетыка — аснова асноў усёй эканомікі нашай краіны, развіцця прамысловасці, сельскагаспадарчай вытворчасці і ўсіх сфер жыццядзейнасці. Гэта магутная структура, калектыў якой налічвае 64 тысячы чалавек», — канкрэтызаваў спікер, дадаўшы, што энергетыкі — людзі адважныя і самаадданыя. — Яны вырашаюць найскладанейшую задачу, у тым ліку на розных вышынях, на розным найскладанейшым абсталяванні, у непагадзь, кругласутачна, ліквідуючы ў тым ліку наступствы розных аварый, непагадзі».

Ігар Сергяенка заўважыў, што пры распрацоўцы законапраектаў усе прапановы павінны ісці ад жыцця. «Тыя прапановы, якія датычыліся пытанняў энергазберажэння, былі рэалізаваныя. Законапраект „Аб энергазберажэнні“ ўжо функцыянуе з красавіка 2026 года. Пакуль якіх-небудзь новых законапраектаў на нашай пляцоўцы няма. Чакаем цікавых ідэй, тым больш — перспектыва развіцця энергетыкі ёсць». 


Паводле слоў спікера, практычна любая сфера не жыццяздольная без энергетыкі. У якасці прыкладу Ігар Сергяенка прывёў Мінскі трактарны завод з велізарным спажываннем электраэнергіі. Залежная ад электраэнергіі і сацыяльная сфера, у прыватнасці, найбуйнейшыя медыцынскія навукова-практычныя цэнтры, бальніцы. «Я ўжо не гавару пра жыццё простага чалавека, нашага звычайнага грамадзяніна, любога з нас. Знікла святло — адразу ж незадаволенасць, раздражненне. Я чаму і сказаў — аснова асноў. Таму што ад энергіі ідзе жыццё», — рэзюмаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. 

Генеральны дырэктар ДВА «Белэнерга» Андрэй Панчанка расказаў журналістам пра вытокі і сучасны стан беларускай энергетыкі. «15 мая 1931 года на базе разрозненых станцый малой магутнасці была арганізавана беларуская энергасістэма. Сёння ж беларуская энергетыка мае больш за 12 тысяч мегават магутнасці, больш за 280 тысяч кіламетраў ліній электраперадачы рознага класа напружання, каля 8 тысяч кіламетраў цепласетак. Сёння ў нас у арсенале маецца Беларуская атамная станцыя, 68 генерыруючых магутнасцяў, каля 1350 падстанцый магутнасцю 35-750 кВт, больш за 76 тысяч падстанцый магутнасцю 6-10 кВт. За гэтымі сухімі лічбамі хаваецца велізарная магутнасць, якой сёння валодае наша дзяржава». 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю