Адметна, што сёння ўзрост — не перашкода для стварэння сям’і. Летась было заключана 547 шлюбных саюзаў, дзе маладым было 65 гадоў і больш. Цікава, што 44 нявесты і 78 жаніхоў у такім узросце ўзялі шлюб упершыню. Нацыянальны статыстычны камітэт напярэдадні Міжнароднага дня сям’і прэзентаваў новы статыстычны агляд.
Раўнапраўе ва ўсім
Як расказала намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Наталля ТАРАСЮК, абследаванні па ўзроўні жыцця ў хатніх гаспадарках паказваюць, што сёння ў беларускіх сем’ях пераважае эканамічнае раўнапраўе і партнёрства мужа і жонкі. Жанчыны нароўні з мужчынамі ўдзельнічаюць у прыняцці адказных рашэнняў у сям’і. Напрыклад, рашэнні аб сумесным распараджэнні фінансамі прымаюцца ў 8 з 10 беларускіх сем’яў, а здзяйсненне буйных пакупак — у 9 з 10 сем’яў. Пытанні наконт выхавання і навучання дзяцей сумесна прымаюцца ў 9 з 10 сем’яў.
Пры гэтым жанчыны праяўляюць большую самастойнасць у пытаннях паўсядзённых пакупак — пра гэта паведамілі амаль дзве трэці сямейных пар. Аднак самае галоўнае — 90 % жанчын і амаль 100 % мужчын задаволены прынятым у сям’і размеркаваннем абавязкаў.
— Больш за палову беларускіх мужчын і жанчын лічаць, што дзеці — гэта агульны клопат маці і бацькі, — канстатавала Наталля Тарасюк. — Тры чвэрці беларусаў не згодныя са сцвярджэннем, што калі жанчына зарабляе больш за свайго партнёра, то гэта адмоўна ўплывае на іх адносіны. Столькі ж прызнаюць важнасць атрымання вышэйшай адукацыі для абодвух полаў.
Пры тым, што 77 % насельніцтва краіны згодны, што ўсе важныя рашэнні ў сям’і павінны прымацца сумесна, на мужчыну ўсё яшчэ ўскладаецца асноўны абавязак па матэрыяльным забеспячэнні сям’і. Так лічаць амаль 70 % мужчын і жанчын.
Дзяржаўны клопат
Як паведаміла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія БЕРДНІКАВА, на выплату дапамог пры нараджэнні і выхаванні дзяцей летась выдаткавана 3,7 мільярда рублёў, што складае каля 60 % аб’ёму фінансавання ўсіх відаў дапамог, якія выплачваюцца ў краіне. Большая частка гэтых сродкаў — 2 мільярды рублёў — накіравана на выплату дапамог па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, і гэта самая запатрабаваная і працяглая па часе выплаты дапамога. У бягучым годзе на гэтыя мэты ў рэспубліканскім бюджэце запланавана 4,1 мільярда рублёў. Сёння ў краіне ўсімі відамі дапамог ахоплена 330 тысяч дзяцей, з іх 175 тысяч сем’яў атрымліваюць дапамогу па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.
У фокусе ўвагі дзяржавы заўсёды знаходзяцца шматдзетныя сем’і. У нашай краіне кожнае чацвёртае дзіця выхоўваецца ў такой сям’і. Нязменным лідарам па колькасці шматдзетных бацькоў з’яўляецца Брэсцкі рэгіён — тут жыве 24,2 тысячы сем’яў з трыма і больш дзецьмі. На другім месцы — Мінская вобласць (21,2 тысячы сем’яў). Гомельскі рэгіён таксама ўваходзіць у топ-3 шматдзетных — тут 19 тысяч такіх сем’яў. Самая шматдзетная сям’я, дзе выхоўваецца 15 дзяцей, 14 з якіх яшчэ непаўналетнія, жыве ў Мінскай вобласці.
Адсвяткуем разам
Шэраг мерапрыемстваў у гэтыя дні прымеркаваны да Міжнароднага дня сям’і. Адно з галоўных — рэспубліканскі форум «Сям’я: сёння, заўтра і заўсёды», які пройдзе 15 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы пад патранатам Беларускай праваслаўнай царквы і пры ўдзеле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Таксама пройдзе рэспубліканскі фестываль сем’яў «Разам», які арганізаваны пад эгідай Беларускага саюза жанчын ужо не першы раз і збірае патрыятычныя сем’і. Акрамя таго, адбудзецца рэспубліканскае сямейнае свята «Мір вашаму дому!» Міністэрства ўнутраных спраў. Упершыню пройдзе прысвечаны Дню сям’і хрэсны ход — ад храма Прасвятой Багародзіцы ў Мінску да Кафедральнага сабора, дзе ў Верхнім горадзе будзе адкрыта святочная пляцоўка.
Ушанаванне юбіляраў сямейнага жыцця «Ачаг, дзе жыве каханне» традыцыйна праводзіцца органамі ЗАГСа для шлюбных пар, у якіх працягласць сямейнага жыцця складае 25, 50 і больш гадоў. Таксама адбудуцца ўрачыстыя прыёмы па ўзнагароджанні ордэнам Маці, якія праводзяцца абласнымі, гарадскімі, раённымі выканаўчымі камітэтамі.
Дарэчы
Сям’я — гэта малы храм
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін падчас абмеркавання ў прэс-цэнтры Дома прэсы акцыі «Я і мая сям’я без брыдкаслоўя» адзначыў, што сям’я — гэта Божы дар, прастора любові, вернасці і ўзаемаадказнасці. «Гэта асяроддзе выхавання чалавека, будучага грамадзяніна. Менавіта ў сям’і дзіця ўпершыню даведваецца, што такое дабро, праца, удзячнасць, павага да бацькоў, да старэйшых, да роднай зямлі. У праваслаўным разуменні сям’я з’яўляецца малой царквой», — падкрэсліў уладыка.
Калі мы гаворым пра абарону сям’і, мы гаворым пра абарону духоўнага і маральнага фундаменту нашага грамадства. Сярод найважнейшых задач уладыка назваў захаванне чысціні слова ва ўсіх яе праявах, асабліва ў зносінах паміж блізкімі людзьмі. «Слова — гэта велізарная сіла, якая, на жаль, можа быць скіравана і на зло. У Евангеллі сказана: „Ад слоў сваіх апраўдаешся, ад слоў сваіх асудзішся“. Асаблівую трывогу выклікае тое, што тэндэнцыя брыдкаслоўя ахоплівае сёння моладзь і нават дзяцей. Чысціня слова — гэта не асабістая справа кожнага, а агульнанародная мэта», — заявіў Патрыяршы Экзарх.
Алена КРАВЕЦ