Наяўнасць даху над галавой з’яўляецца адной з самых надзённых патрэб чалавека. Іншае пытанне, што не заўсёды і не ва ўсіх дзяржавах яно з’яўляецца даступным у поўнай меры. Так ужо ўладкаваны наш несправядлівы свет: нерухомасць і яе абслугоўванне з’яўляюцца вельмі выгадным бізнесам. Для адных ён прыносіць высокія дывідэнды з капіталу (у каго ён ёсць), іншым грамадзянам, са сціплымі даходамі, стварае масу праблем. Далёка не ўсім атрымоўваецца не толькі набыць жыллё, але і ўтрымліваць яго. Камунальнае абслугоўванне нерухомасці — прывабны кавалак для профільных карпарацый, многія з якіх у той ці іншай ступені з’яўляюцца манаполіямі. У гэтым разрэзе нашы жыроўкі выглядаюць вельмі годна па сваёй даступнасці для сярэднестатыстычнага грамадзяніна. Чаму? Давайце разбяромся.
Калі ўважліва паглядзець на многія эканомікі (асабліва багатыя), то там асноўная праблема не інфляцыя, як макраэканамічны паказчык, а рост кошту ў пэўных сегментах. У першую чаргу гэта датычыцца паслуг аховы здароўя, адукацыі і ўсяго, што звязана з нерухомасцю, — арэнды і абслугоўвання.
У гэтым выяўляецца ўся праблема няроўнасці магчымасцяў, уласцівая досыць шматлікім эканомікам нашага стагоддзя. Нейкія тавары, сапраўды, могуць каштаваць нават вельмі танна. Але ці будуць радаваць джынсы, красоўкі, гаджэты па невысокіх цэнах ва ўмовах, калі немагчыма атрымаць медыцынскія паслугі?! Або забяспечыць стабільны дах над галавой?!
Вось ЗША, быццам бы, вельмі багатая краіна. Але апошнія дваццаць гадоў рост выдаткаў на адукацыю і арэнду ў 2-3 разы абганяе агульныя паказчыкі інфляцыі. Так, на тую ж адукацыі ёсць крэдыты, але вяртаць іх сённяшнім студэнтам трэба будзе ледзь не палову (а то і больш) працоўнага жыцця. Ад 20 да 30 мільёнаў амерыканцаў (даныя разыходзяцца) жывуць у трэйлерах. Не столькі ад любові да мабільнага жыцця, колькі па прычыне яго адноснай таннасці: калі арэнда ў паўднёвых штатах (асабліва ў Каліфорніі) біла рэкорды, то арэнда месца пад домік на колах была досыць дэмакратычнай. Праўда, у апошнія гады рэзка пайшлі ў рост і тарыфы на месцы ў кемпінгах: рынак у чыстым выглядзе з’яўляецца гнуткім з пункту гледжання атрымання прыбытку.
У гэтых адносінах дах над галавой знаходзіцца ў Беларусі на прымальным для грамадзян узроўні. Вядома, заўсёды выклікаюць больш за ўсё нараканні галіны, якія аказваюць непасрэдна паслугі грамадзянам. Да такіх адносіцца і камунальная гаспадарка. Несумненна, добраўпарадкавання, чысціні шмат не бывае. Але акрамя суб’ектыўных уяўленняў, ёсць яшчэ і эканоміка. Інфляцыя жыллёва-камунальных паслуг у нас вельмі ўмераная, нават занадта. Бяром статыстыку. На канец мінулага года мы выдаткоўвалі на жыроўкі крыху больш за 4 % сваіх даходаў. А ў канцы 90-х-пачатку 2000-х — каля 10 %. Чатыры працэнты — вельмі мала, асабліва калі прааналізаваць выдаткі на аналагічныя паслугі жыхароў іншых краін — далёкіх і блізкіх (даныя ў табліцы). Прычым хочацца адзначыць, што аналітычнае агенцтва Numbeo бярэ даныя, зыходзячы з абслугоўвання кватэры крыху больш у 42 квадратныя метры. А сярэдняя забяспечанасць жыллём у Беларусі — больш за 30 метраў на грамадзяніна. Іншымі словамі, плошча нерухомасці ў сярэдняй сям’і (з трох чалавек) нашмат перавышае 42 метры. З гэтага пункту гледжання жыроўкі выглядаюць яшчэ больш прывабна. Вядома, наша камунальная сістэма не з’яўляецца дасканалай, але цалкам прымальнай, зыходзячы, напрыклад, з нашых асабістых выдаткаў на яе ўтрыманне.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ