Top.Mail.Ru

Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з кіраўніком Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма

15.05.2026 | 11:55

«Мы ганарымся міжканфесійным мірам, які існуе ў Беларусі»


У пятніцу ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з генеральным дырэктарам Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма Франклінам Грэмам. Ключавымі тэмамі сустрэчы сталі рэлігія, міжканфесійны дыялог і міжнародныя адносіны.

«У мяне глыбокае разуменне і стаўленне да вашага веравызнання» 

У нашай краіне мірна жывуць і працуюць прадстаўнікі 25 канфесій і рэлігійных кірункаў. Пры гэтым ніхто і нідзе не адчувае сябе ўшчэмленым. А дзяржава нязменна займае канструктыўную пазіцыю ў пытаннях, якія датычацца дзейнасці рэлігійных арганізацый. Гэта сапраўды ўнікальны вопыт выбудоўвання этнаканфесійнай мадэлі, які можа служыць узорам для многіх краін і народаў. Як адзначыў беларускі лідар на сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій у лютым 2025-га, нам вельмі пашанцавала, што ў сваёй найноўшай гісторыі беларуская зямля не ведала рознагалоссяў, пераследаў па рэлігійнай, нацыянальнай, расавай прыкметах. Усе канфесіі жывуць тут у атмасферы ўзаемнай павагі, міру і згоды. 

Звяртаючыся да генеральнага дырэктара Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма Франкліна Грэма, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў яму за сустрэчу. «Дзякуй, што вы знайшлі час, нягледзячы на такія адлегласці, прыехаць да нас і абмеркаваць пытанні не толькі міжканфесійных адносін, але і пытанні міждзяржаўных адносін, — звярнуўся Прэзідэнт да Франкліна Грэма. — Вы трошкі ведаеце пра Беларусь. Вы бывалі тут, вы бывалі не раз у Расіі, таму ведаеце, у якім напрамку развіваецца абстаноўка, сітуацыя і ў нашай краіне, і ў Расійскай Федэрацыі. Упэўнены, вы ведаеце, што ў нас у Беларусі жывуць мірна, суіснуюць, узаемадзейнічаюць 25 канфесій. І шчыра скажу: мы ганарымся гэтым міжканфесійным мірам, які існуе ў Беларусі».

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў нашай краіне налічваецца 850 пратэстанцкіх абшчын, 20 місій і 5 навучальных устаноў. «Таму ваша веравызнанне ў нас вельмі шырока прадстаўлена», — заўважыў беларускі лідар. Прэзідэнт дадаў, што асабіста ў яго добрыя ўспаміны аб беларусах гэтага веравызнання. «У Савецкія часы (Савецкі Саюз быў афіцыйна атэістычнай краінай, але неафіцыйна ўсе маліліся), калі я быў сакратаром парткама, у сельскай гаспадарцы працаваў, палова маёй гаспадаркі былі пратэстантамі. Я быў абавязаны, вымушаны быў па заданні партыі супрацоўнічаць і з пратэстанцкім рухам. Таму яшчэ як гісторыку мне было вельмі цікава, чым жа пратэстанты адрозніваюцца ад праваслаўных, каталікоў. І я бываў у іх дома. Я вам павінен сказаць, Франклін, — найдабрэйшыя людзі, працаўнікі неймаверныя!» — даў станоўчую ацэнку Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што пераканаўся ў гэтым і стаўшы Прэзідэнтам. Ён адзначыў, у прыватнасці, што шмат беларусаў пратэстанцкай веры жывуць на поўдні краіны — у Брэсцкай вобласці. «Працаўнікі, добрыя людзі! Таму ў мяне вельмі добрае ўспрыманне і стаўленне да такіх людзей», — заўважыў Прэзідэнт. 

«Кіраўніком гаспадаркі, дзе я быў сакратаром парткама, быў якраз чалавек вашага веравызнання. Я і цяпер з ім падтрымліваю адносіны. Сын яго дзесьці ў ЗША працуе ў вас, — дадаў Прэзідэнт. — Таму вы разумееце, што ў мяне глыбокае разуменне і стаўленне да вашага веравызнання. Яшчэ з тых часоў я вельмі добра стаўлюся да нашых людзей, якія вызнаюць гэту рэлігію».

«Гэта наш брэнд — мы ганарымся, што ў нас міжканфесійны мір»

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Франкліну Грэму за добрае пасланне, якое беларускаму лідару перадаў спецпасланнік ЗША Джон Коўл падчас свайго візіту і перагавораў. «І вы ж разумееце, што без Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі нам, можа, было б складаней устанавіць нашы адносіны, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Таму пры сустрэчы (я ведаю, вы ў добрых адносінах з Прэзідэнтам) перадайце яму самыя добрыя пажаданні і скажыце, што ў Беларусі ў яго надзейныя сябры і прыхільнікі». 

Прэзідэнт Беларусі таксама падзякаваў Франкліну Грэму за падтрымку і дапамогу, якая аказваецца беларусам. «Мы гэта вельмі цэнім. Справа не ў аб’ёмах. Думаю, што пасля нашай сустрэчы вы больш будзеце звяртаць увагу на Беларусь, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вы малайцы. Дзякуй вам за гэту дапамогу і падтрымку». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на санкцыі, летась дзве трэці ўсёй гуманітарнай дапамогі паступіла ў Беларусь менавіта з ЗША. «Амерыканцы малайцы. У гэтай гуманітарнай дапамогі ЗША ёсць і ваша доля. Дзякуй вам», — адзначыў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў бліжэйшы час Франклін Грэм сустрэнецца з беларускімі вернікамі-пратэстантамі. «І ўжо ў вас будзе больш уражання, як ім тут жывецца. Але хачу вас запэўніць, што гэта наш брэнд — мы ганарымся, што ў нас міжканфесійны мір. І таму вы можаце за сваіх пратэстантаў — нашых пратэстантаў — не турбавацца», — запэўніў беларускі лідар. 

«Мы прыехалі, каб данесці наша пасланне ўсім беларусам»

У сваю чаргу генеральны дырэктар Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма Франклін Грэм падзякаваў беларускаму лідару за сустрэчу. «Для мяне вялікі гонар сустрэцца сёння з вамі, — звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы Франклін Грэм. — Мы прыехалі, каб данесці наша пасланне ўсім беларусам. І гэта пасланне ад Госпада Бога. Няважна, да якой веры мы належым: пратэстанцкай, каталіцкай або праваслаўнай — мы ўсе тут роўныя і згодныя з гэтымі падыходамі». 

«Франклін, калі будзеце пра грахі з Госпадам размаўляць, не забудзьцеся і пра мае грахі», — з доляй гумару заўважыў Прэзідэнт. 

«Біблія, Слова Божае вучыць нас узносіць малітвы за нашых лідараў. Таму заўтра я папрашу ўсіх прысутных устаць і ўзнесці малітву за вас як лідара», — запэўніў кіраўнік Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма. 

«Франклін, гэта будзе правільна. А то вы ўсе за Дональда моліцеся і моліцеся, а пра мяне не згадваецца», — зноў жа з доляй жарту сказаў Прэзідэнт Беларусі. 

«Заўтра выпраўлюся. Заўтра 10 тысяч чалавек будуць маліцца за вас», — рэзюмаваў Франклін Грэм.

Даслоўна

У размове з журналістамі генеральны дырэктар Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма Франклін Грэм расказаў пра асноўныя тэмы, якія яны абмяркоўвалі з Прэзідэнтам Беларусі. «Наша сустрэча прайшла вельмі дружалюбна. Прэзідэнт Лукашэнка вельмі адкрыты чалавек. Мы з ім адкрыта пагутарылі на тэмы самага рознага характару: абмеркавалі пытанне рэлігіі, закранулі пытанні сусветнай палітыкі», — канкрэтызаваў Франклін Грэм. 

Кіраўнік Евангелісцкай асацыяцыі прызнаўся, што з’яўляецца чалавекам не палітычнага плана. «Я прапаведнік Евангелля. Але мы не можам стаяць у баку. Я блізкі сябар Прэзідэнта Трампа, лічуся яго духоўным дарадцам. І мы вельмі спадзяёмся, што сустрэча Прэзідэнта Трампа і Прэзідэнта Лукашэнкі адбудзецца ў найбліжэйшы час. І, безумоўна, я данясу тое, што было сказана беларускім лідарам, да Прэзідэнта Трампа. Мы вельмі спадзяёмся, што мая паездка неяк зблізіць нашы краіны, зблізіць нашы народы», — заўважыў Франклін Грэм. 

На пытанне, як амерыканскі лідар ставіцца да Прэзідэнта Беларусі і беларускага народа, Франклін Грэм адказаў: «Усё вельмі проста. Ён (Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. — „Зв.“) хоча, каб адносіны паміж краінамі былі нармалізаваныя. Упэўнены, што і Прэзідэнт Трамп, і Прэзідэнт Лукашэнка вельмі падобныя адзін на аднаго. Яны моцныя кіраўнікі. Яны — людзі-кіраўнікі з бачаннем будучыні. Чым раней гэтыя два лідары сустрэнуцца, тым лепш. Гэта будзе добра для ўсіх». 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Евангелісцкая асацыяцыя Білі Грэма заснавана ў 1950 годзе. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў горадзе Шарлот (штат Паўночная Караліна, ЗША). 14-18 мая праходзіць візіт у Беларусь Франкліна Грэма, у рамках якога прадугледжаны яго ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю