Прафесія ў спадчыну
На трактары «МТЗ-892» працуе Яўген Шамшур, дасведчаны механізатар, які аддаў рабоце ў сельскай гаспадарцы 19 гадоў.
Механізатар расказвае, што настрой выдатны, нацэленасць своечасова закончыць усе работы ёсць. Прызнаецца, працаваць стала лягчэй:
— Калі раней, пры пасеве збожжавых культур, я выязджаў у поле ў сем гадзін раніцы і заканчваў працоўны дзень у 20 гадзін, то цяпер, калі пасяўныя работы хутка будуць завершаны, я працую з васьмі да 17 гадзін. Аднак пасяўныя работы — гэта толькі частка маёй прафесіі. Летам працую на камбайне, займаюся корманарыхтоўкай.
— Колькі гектараў бульбы ўдаецца пасадзіць за дзень? — пытаемся ў механізатара.
— За два дні было пасаджана каля пяці гектараў бульбы. Калі надвор’е паспрыяе, плануем завяршыць работу ў найбліжэйшыя дні.
Яўген Сямёнавіч з’яўляецца прадаўжальнікам сямейнай дынастыі работнікаў сельскай гаспадаркі. Шмат гадоў прысвяціў гэтай справе яго бацька, Сямён Шамшур, які працаваў у СВК «Пражэктар». У паляводчай брыгадзе сортавыпрабавальнай станцыі шчыруе жонка Алена Мікалаеўна. Цешча Марына Кузьмянкова загадвае складам гаспадаркі. Сваю любоў да справы бацька перадаў і сваім сынам. Старэйшы сын Кірыл набыў спецыяльнасць механіка ў Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы і цяпер з’яўляецца механізатарам, працуе разам з бацькам. Малодшы сын, Багдан, якому споўнілася шаснаццаць гадоў, вучыцца на першым курсе таго ж каледжа і ў будучыні таксама збіраецца прадоўжыць сямейную справу ў роднай гаспадарцы.
— Я люблю сваю работу. Прыходжу сюды з выдатным настроем, — прызнаецца Яўген Сямёнавіч. — Лічу, што прафесію трэба выбіраць па закліку сэрца. Тады работа абавязкова будзе прыносіць радасць і добры вынік.
Высокія паказчыкі забяспечаны
Дырэктар Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі Арцём Байдачэнка тлумачыць спецыфіку работы прадпрыемства.

— Наша станцыя ўваходзіць у сістэму сортавыпрабавання, якую ўзначальвае Дзяржаўная інспекцыя па выпрабаванні і ахове сартоў раслін. Менавіта з гэтай арганізацыі мы атрымліваем сарты збожжавых, збожжа-бабовых культур, сарты бульбы і г. д. Сюды ўваходзяць і замежныя, і беларускія селекцыі сартоў. З боку Дзяржаўнай інспекцыі паступае запыт на выпрабаванні адпаведных сартоў, і мы іх праводзім. Пры гэтым менавіта сортавыпрабаванне з’яўляецца асноўным кірункам нашай работы. Сёлета, напрыклад, у РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве» мы закупілі сарты азімай і яравой пшаніцы, насенне траў. У выніку атрымліваем суперэліту насення, якую ў далейшым не рэалізуем, а пакідаем для таго, каб павялічыць аб’ём пасяўных плошчаў. Затым атрымліваем эліту насення ўжо ў маштабах для далейшай рэалізацыі спажыўцам.
Пад пасадку бульбы сёлета ў гаспадарцы адведзена шэсць гектараў. Насенне сорту «Брыз» першай рэпрадукцыі набылі ў калег з Маладзечна.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ— Сортавыпрабавальная станцыя забяспечана ўсёй неабходнай тэхнікай: бульбасаджалкамі, бульбаўборачным камбайнам, бульбакапалкамі, агрэгатамі для ўнясення ўгнаенняў... Калектыў у нас невялікі — усяго 22 чалавекі, — расказвае дырэктар. — Аднак большая частка работнікаў — гэта людзі, якія аддалі рабоце ў гаспадарцы не адзін дзясятак гадоў, дасканала ведаюць сваю справу. Таму ўсе даведзеныя аб’ёмы работ, я ўпэўнены, нам удасца выканаць своечасова. Я лічу, што сакрэт поспеху кожнага прадпрыемства заключаецца ў зладжанай рабоце спецыялістаў. Аграном павінен адказваць за работу ў полі, механізатар — адказваць за работу тэхнікі... І калі кожны будзе выконваць сваю працу на належным узроўні, высокія паказчыкі забяспечаны.
Фота Валерыя КАРТУЛЯ