«Трэба не плакаць, а шукаць выйсце»
Вераніка Сяргееўна жыве з сям’ёй у горадзе-спадарожніку сталіцы. Яе старэйшаму сыну Івану 17 гадоў. Сярэдні Арцём скончыў пяты клас — хлопчык радуе маму выдатнымі адзнакамі. А самаму малодшаму — Жэні — хутка споўніцца тры гадкі.
— Ванька пасля дзявятага класа пайшоў у каледж у Жодзіне, вучыцца на электрыка. Я падумала: не варта рызыкаваць з адзінаццаццю класамі і ЦТ, а потым яшчэ армія. Няхай лепш будзе прафесія, — тлумачыць Вераніка Сяргееўна. — Арцём пакуль выдатнік, стараецца. А Жэня наш асаблівы.
Менавіта Жэня, самы маленькі, прынёс у сям’ю новы вопыт.
— Да дзесяці месяцаў ён развіваўся нармальна, нават пачынаў нешта гаварыць, — успамінае маці. — А потым трапілі ў бальніцу, доўга лячыліся антыбіётыкамі. Ужо пасля выпіскі я заўважыла, што ён не рэагуе на гук. Месяц чакалі, але дыягназ пацвердзіўся — поўная двухбаковая глухата.
Наша гераіня прызнаецца, што плакала па начах:
— Думала: ну за што малому такое выпрабаванне?! Але раніцай уставала і разумела, што трэба не плакаць, а шукаць выйсце.
Дзяржава дапамагае — ёсць выплаты па інваліднасці, Вераніцы Сяргееўне таксама пералічаецца сума за догляд за асаблівым дзіцяці.

Дзве аперацыі і некалькі цудаў
Дзяржава зрабіла адну кахлеарную аперацыю бясплатна
— У снежні 2024 года Жэні надзелі першы апарат. Гэта было падобна на цуд: ён зноў пачаў чуць.
А летам яны трапілі на інтэгратыў у санаторый, дзе сустракаліся сем’і з такімі ж дзецьмі, займаліся спецыялісты. І Вераніка вырашылася на аперацыю на другім вуху.
— Звярнуліся па дапамогу, аб’явілі збор — людзі адгукнуліся. 95 тысяч рублёў — і вось у мінулым годзе Жэня пачуў і другім вухам дзякуючы апарату. Цяпер ён чуе двума вушкамі. Так, механічна. Так, залежыць ад апаратаў. Але гэта ўсё роўна лепш, чым поўная цішыня.
Ноччу апараты здымаюць.
— Спіць зусім глухі. Нават калі суседзі шумяць, ён спакойна сабе адпачывае. Жэня ўжо спрабуе гаварыць, складае па два словы: «Мама пасі», «Садок не». Аднойчы паказваю на ката, а ён радасна крычыць: «Сабака!»
Вераніка Сяргееўна ўдзячная лагапеду-дэфектолагу ДУА «ЦКРОіР Смалявіцкага раёна» Алесі Дзірко:
— Яна за майго Жэньку стаіць гарой. Заўсёды патэлефануе, пацікавіцца, як справы. Дае шмат парад.
Надзейнае плячо
З мужам Аляксандрам жанчына пазнаёмілася на сайце знаёмстваў, і вось ужо 13 гадоў яны разам.
— Я адразу сказала, што ў мяне ёсць сын, — успамінае мая суразмоўніца. — Калі я табе патрэбна, то і сын — таксама. Ён не спалохаўся. Праз некалькі дзён тэлефануе: «Я ўзяў квіткі на мульцік, у цырк, паедзем утрох».
Аляксандр не ўсынаўляў Івана, але стаў яму сапраўдным сябрам.
— Ваня называе яго па імені: «Саша, падвязі, Саша, дапамажы...» Сын ніколі не чуў ад яго крыку. Муж кажа: «Я хачу, каб ён мне давяраў». Глава сям’і працуе загадчыкам складу на прадпрыемстве. Кіруе аўто, таму ў сям’і па справах, у гурткі развозіць усіх тата.
У 2015-м сям’я пабудавала двухпакаёвую кватэру дзякуючы льготнаму крэдыту.
— Спачатку плацілі пад 5 %. А як нарадзіўся Жэня і мы сталі шматдзетнай сям’ёй, крэдыт перагледзелі:
40 гадоў пад 1 %. Раней плацілі 350 рублёў, а цяпер — 40. Гэта велізарная падтрымка, — падкрэслівае Вераніка Сяргееўна.
Цяпер сям’я стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. У кватэры чатыры мужчыны і адна жанчына — стала цеснавата.
— Але мы не скардзімся. Выхадныя праводзім у бацькоў у вёсцы. Там свая гаспадарка, трэба дапамагаць. Ды і дзецям раздолле: горкі, басейн, ёсць рэчка, лес.

«Я за сямейныя каштоўнасці»
Вераніка Сяргееўна родам з вёскі Кляннік. Пасля дзявятага класа маці параіла паступаць на эканаміста, цяпер у яе дыплом эканаміста-менеджара. У райвыканкаме працуе 20 гадоў.
— Вось трэці раз з дэкрэту выходжу. Прапаноў перайсці ў Мінск было шмат, але навошта? Калектыў ведаю, адпрошвацца лёгка, да дома 10 хвілін. Не магу сказаць, што ганяюся за вялікімі грашыма. Мне важней быць побач з дзецьмі.
Хутка шматдзетнай маці выходзіць на працу пасля дэкрэту, таму крышку прысутнічае хваляванне.
— Два тыдні засталося. Раней сядзела дома, усё паспявала. А цяпер прыйдзецца да паловы шостай працаваць. Калі ўсё паспяваць буду? Але кажуць: чым менш мама перажывае, тым больш самастойнае дзіця. Вось патрэніруюся (смяецца)
«Веру, што чорная паласа скончылася»
Вераніка Няхай прызнаецца: год пасля дыягназу ёй нават у госці не хацелася хадзіць. Але цяпер яна глядзіць у будучыню з упэўненасцю:
— Вырашыла, што нельга гаснуць. У майго дзіцяці адбываюцца маленькія перамогі — і гэта натхняе. Веру, што цяпер пачынаецца белая паласа.
Гераіня раіць іншым мамам, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі, не падаць духам:
— Бярыце сябе ў рукі. Шукайце дапамогі. Не хавайцеся. Верце ў дзяцей. І тады абавязкова знойдзецца той, хто падасць руку.
Надзея ЗУЕВА
Фота з сямейнага архіва гераіні