Top.Mail.Ru

Мінулым летам беларускія ратавальнікі выцягнулі з вады 136 чалавек

Да летняй спякоты і пляжнага адпачынку засталося нядоўга — афіцыйна купальны сезон стартаваў яшчэ 1 мая і працягнецца да 30 верасня. Але з павелічэннем колькасці адпачывальнікаў на вадаёмах расце і рызыка няшчасных выпадкаў, трагедый, якія можна было б прадухіліць, выконваючы правілы бяспекі. Пра іх, а таксама пра тое, што зменіцца на пляжах Беларусі, як штучны інтэлект будзе сачыць за тымі, хто купаецца, расказалі прадстаўнікі МНС І АСВОД.


Колькасць утапленняў знізілася

Паводле слоў старшыні Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах (АСВОД) Андрэя Чарняўскага, дзякуючы зладжанай рабоце МНС, АСВОД і іншых зацікаўленых дзяржорганаў летась удалося выратаваць 136 чалавек. З іх 35 — непаўналетнія. Пры гэтым у 36 % усіх трагедый віной стала банальнае падзенне ў ваду, яшчэ ў 28 % — купанне, а кожнае чацвёртае ўтапленне (27 %) здарылася падчас рыбалкі. Дарэчы, больш за палову ўсіх выпадкаў прыйшлося менавіта на купальны сезон: «У параўнанні з пяццю папярэднімі гадамі колькасць утапленняў знізілася на 29 %, а ў купальны сезон — на 40 %. 

Колькасць патанулых непаўналетніх пры гэтым знізілася ўвогуле на 54 % і на 68 % у купальны сезон. Але работа ў гэтым кірунку павінна працягвацца», — падкрэсліў Андрэй Чарняўскі.
Пазбегнуць бяды дапаможа правільны выбар месцаў для купання, арганізаваных і правераных спецыялістамі па ўсіх правілах бяспекі: яны абследуюць дно, правяраюць наяўнасць ратавальных сродкаў, наладжваюць дзяжурствы супрацоўнікаў АСВОД. Тэрыторыя такіх месцаў правільна спланавана. Акваторыя пляжаў не мае віроў, небяспечных плыняў ці месцаў выхаду грунтавых вод. Само дно павінна быць роўным, шчыльным, цалкам вычышчаным ад ціны, багавіння, камянёў, бітага шкла і іншых старонніх прадметаў, а спуск да вады — пакаты. Таму, дарэчы, і забараняецца заплываць за буйкі — імі пазначаюцца межы бяспечнай, цалкам абследаванай зоны.

Спецыялісты падкрэсліваюць: толькі правядзенне ўсяго гэтага комплексу мерапрыемстваў дае магчымасць прысвоіць тэрыторыі статус месца масавага адпачынку. Як адзначыў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі, купанне ў такіх месцах зводзіць рызыку няшчасных выпадкаў да мінімуму. З кожным годам колькасць дазволеных зон расце, бо мясцовыя ўлады шукаюць магчымасць пашыраць і добраўпарадкоўваць новыя пляжы.

Штучны інтэлект у дапамогу

Так, сёлета ў Беларусі будзе арганізавана 528 месцаў масавага адпачынку. «Бяспеку ў гэтых месцах мы будзем забяспечваць сваімі ратавальнымі аб’ектамі. Іх будзе дзейнічаць 332. Ратавальных станцый, якія дзейнічаюць круглы год, будзе 68. Пастаянных ратавальных пастоў, склад якіх павялічваецца да купальнага сезона, — 113. Сезонных пастоў арганізуюць 151. Дадаткова з 1 чэрвеня будуць уведзены 6 пастоў у Магілёўскай вобласці і яшчэ 2 пасты — у Брэсцкай», — адзначыў Андрэй Чарняўскі.

Да гэтага купальнага сезона ўсе ратавальныя аб’екты аснасцяць спецыяльнымі назіральнымі вышкамі. На сённяшні дзень іх ужо ўстаноўлена больш за 70, у найбліжэйшы час плануецца з’яўленне яшчэ 90. На ратавальнай станцыі АСВОД «Цнянская» ў Мінску для гэтых мэт плануюць пачаць прымяняць тэхналогіі штучнага інтэлекту. Праект ужо запушчаны ў работу сумесна з Паркам высокіх тэхналогій. «Спрабуем пакуль на ратавальнай станцыі „Цнянская“ ўстанавіць праграмнае забеспячэнне, каб потым распрацаваць праграму. Плануем зрабіць так, каб сігналы бедства купальшчыка перадаваліся на ратавальную станцыю», — падзяліўся старшыня АСВОД.

Выбар менавіта гэтай ратавальнай станцыі тлумачыцца высокай наведвальнасцю мясцовага пляжа, дзе адначасова могуць знаходзіцца ад васьмі да дзесяці тысяч адпачывальнікаў. У такіх умовах адсочваць усіх, хто знаходзіцца ў вадзе, супрацоўнікам становіцца вельмі цяжка. Ужыванне штучнага інтэлекту і адпаведнага праграмнага забеспячэння дазволіць вырашыць гэту праблему, дапаможа захаваць чалавечыя жыцці.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю