Top.Mail.Ru

У адзіны дзень інфармавання гаварылі аб новых кірунках развіцця турызму ў Беларусі

21.05.2026 | 12:59

У сваёй прамове на цырымоніі ўступлення на пасаду 25 сакавіка 2025 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць далейшае развіццё турыстычнай галіны краіны. «Задача пяцігодкі — зрабіць турызм нацыянальным праектам. Адкрыць свету нашы гісторыю, культуру і мову», — такія задачы паставіў кіраўнік дзяржавы.


Развіццё турыстычнай галіны — магутны драйвер эканамічнага росту, які спрыяе развіццю сумежных галін, захаванню гістарычнай спадчыны, прыродных і культурных каштоўнасцяў. Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады прадугледжана павелічэнне ўкладу турызму ў эканоміку мінімум у два разы (да 4,5 працэнта). Сёння турысты едуць не толькі па стандартныя экскурсіі, але і па якасны сучасны сэрвіс з забаўляльным складнікам, па эмоцыі і ўражанні. Узрастае запыт на арыгінальныя, самабытныя турыстычныя маршруты рознай накіраванасці. Аб гэтым ішла размова падчас адзінага дня інфармавання, які прайшоў у чацвер у розных рэгіёнах краіны.

На новы ўзровень

Маладыя людзі як прафесіяналы і патрыёты сваіх рэгіёнаў здольны вывесці турызм у Беларусі на больш высокі ўзровень. Такую думку выказаў 21 мая ў Пінску першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ. У адзіны дзень інфармавання ён сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Паводле яго слоў, у параўнанні з прадстаўнікамі старэйшага пакалення сучасныя маладыя людзі інакш адносяцца да гэтай сферы:

— Яны выраслі ў эпоху камфорту і могуць параўноўваць. Яны разумеюць нюансы турыстычнага бізнесу і бізнесу гасціннасці. Разумеюць усе тыя цікавыя моманты, якія павінны быць, паколькі тут ужо рыхтуюць і будуць шырэй рыхтаваць спецыялістаў турыстычнай галіны. Як з прафесіяналамі, з тымі, хто вучыцца, нарадзіўся і жыве ў гэтым рэгіёне, асабліва карысна пагаварыць на згаданую тэму.

У Беларусі адным з прыярытэтаў у гэтай пяцігодцы з’яўляецца развіццё турызму. Пастаўлена задача зрабіць галіну драйверам эканомікі краіны і рэгіёнаў.

— Нам ёсць што паказаць, у нас развітыя розныя напрамкі турызму. На жаль, часам сэрвіс церпіць. Тут якраз маладыя людзі (якія знаходзяцца ў тым ліку і ў гэтай аўдыторыі) змогуць зрабіць як прафесіяналы, як вялікія патрыёты сваіх рэгіёнаў усё магчымае для таго, каб турызм у нашай краіне выйшаў на значна больш высокі ўзровень, — лічыць Уладзімір Пярцоў.

Драйверы прыцягнення

Развіццё турызму, у тым ліку спартыўнага і агратурызму ў Беларусі, — частка дзяржаўнай стратэгіі па ўмацаванні міжнароднага іміджу краіны, развіцця рэгіёнаў, стварэнні камфортных умоў для людзей і захаванні нацыянальнай самабытнасці. На гэтыя і іншыя ключавыя кірункі актуальных трэндаў і новых напрамкаў развіцця турыстычнай галіны ў Рэспубліцы Беларусь на сустрэчы ў рамках адзінага дня інфармавання ў Гомельскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву звярнуў увагу міністр спорту і турызму Сяргей КАВАЛЬЧУК.

Паводле яго слоў, у краіне паслядоўна і сістэмна ўкладваюцца сродкі ў развіццё спорту, турызму і сацыяльнай інфраструктуры, нягледзячы на высокі кошт такіх праектаў і іх часта некамерцыйны характар. Міністр адзначыў, што Беларусь застаецца краінай, дзе людзі адчуваюць бяспеку і сацыяльную абароненасць:

— Мы спакойна дзяцей адпраўляем на вуліцы нашых гарадоў, каб яны маглі спакойна гуляць. У нас развітая сістэма адукацыі, справядлівая сістэма аховы здароўя, можа, ёсць пытанні, як і ў любой справе, але ўзровень адзначаюць усе, хто прыязджае да нас з іншых краін.

У якасці прыкладу Сяргей Кавальчук прывёў аснашчэнне раённых цэнтраў сучасным медыцынскім абсталяваннем, у тым ліку апаратамі КТ. Такі ж сістэмны падыход прымяняецца і ў сферы спорту. За апошнія тры дзесяцігоддзі ў краіне створана вялізная колькасць спартыўных аб’ектаў, і гэта работа працягваецца штогод. Практычна ў кожным раённым цэнтры з’яўляюцца новыя футбольныя палі, трэнажорныя залы, рэканструююцца старыя і будуюцца новыя спартыўныя збудаванні.

Асобнай тэмай выступлення стала развіццё спартыўнага турызму і патэнцыялу Беларусі як краіны, прывабнай для правядзення спаборніцтваў, вучэбна-трэніровачных збораў і масавых спартыўных мерапрыемстваў.

Патэнцыял расце

Першы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандр НЕВЯРОЎСКІ сустрэўся з калектывам Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Ён расказаў аб разнастайнасці культурных, гістарычных і прыродных аб’ектаў нашай краіны, трэндах у развіцці турызму, адзначыў важнасць стварэння сучаснай турыстычнай інфраструктуры, павышэння якасці і даступнасці паслуг:

— Сёння турысты едуць не толькі па стандартныя экскурсіі, але і па якасны сучасны сэрвіс, па эмоцыі і ўражанні. Узрастае запыт на арыгінальныя, самабытныя турыстычныя маршруты рознай накіраванасці.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Невяроўскі ўдзяліў турыстычнаму патэнцыялу Гродзенскай вобласці, адзначыўшы яе багатую гісторыка-культурную спадчыну, развітую інфраструктуру, унікальныя архітэктурныя аб’екты.

Наша краіна цікавая для многіх

Міністр культуры Марат МАРКАЎ паразмаўляў з працоўным калектывам Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа:

— Беларусь вельмі ўнікальная. Мала таго, што ў нас бязвізавы рэжым практычна для 80 краін свету, дык у нас яшчэ і ёсць сапраўды нядрэнныя рэчы, якія можна паглядзець. Мы займаем дастаткова добрае месца ў СНД, саступаючы толькі Расіі і Азербайджану па турыстычнай прывабнасці. А запатрабаванасць унутранага турызму ў два-тры разы перавышае сярэднюю па краінах Садружнасці.

Разважаючы аб культурным турызме, Марат Маркаў падкрэсліў, што ў Беларусі налічваецца больш за 5,5 тысячы аб’ектаў, якія адносяцца да гісторыка-культурнай спадчыны. І гэта тое, што заўсёды цікавіць турыстаў:
— За апошнюю пяцігодку наш экспарт паслуг вырас практычна ў два разы. У нас у пяць разоў вырас паток замежных турыстаў. Актыўна развіваецца ўнутраны турызм — у сярэднім каля 2 млн чалавек карыстаюцца яго паслугамі. Яны ездзяць па краіне, прычым у складзе як арганізаваных, так і неарганізаваных груп.

Віктар ЛЮБІМАЎ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю