Адразу на перадавой
Ва ўсе часы абарона граніц Айчыны была адной з самых адказных, цяжкіх і ганаровых задач, выконваць якую Радзіма давярала найлепшым сваім воінам. У нашай гісторыі нямала яркіх прыкладаў сапраўднага гераізму і мужнасці, адвагі і стойкасці, якія праявілі бясстрашныя абаронцы граніц краіны. Пагранічнікі заўсёды першымі прымалі на сябе ўдар ворага. Адзначаючы сёлета 85-годдзе з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, нельга не ўспомніць подзвіг воінаў-пагранічнікаў, якія першымі ўступілі ў няроўную сутычку з акупантамі. Адстойваючы кожны метр роднай зямлі, яны заклалі аснову будучай Вялікай Перамогі.
З пачаткам вайны ў 1941 годзе пагранічныя войскі апынуліся на перадавой. Іх задача складалася не толькі ў ахове граніц, але і ў актыўным удзеле ў баявых дзеяннях. Пагранічнікі першымі сустрэлі ворага, стрымліваючы яго націск, забяспечваючы час для мабілізацыі асноўных сіл Чырвонай Арміі. Многія з іх праявілі неверагодную мужнасць, змагаючыся да апошняга патрона.
Па планах гітлераўцаў, на захоп і знішчэнне застаў адводзілася 20–30 хвілін. Але маладыя салдаты-пагранічнікі парушылі ўсе старанна распісаныя планы гітлераўскага камандавання, першыя заставы загінулі толькі да 9 гадзін раніцы.
«Я паміраю, але не здаюся»
Адным з яркіх прыкладаў гераізму пагранічнікаў з’яўляецца абарона Брэсцкай крэпасці. У чэрвені 1941 года невялікія групы пагранічнікаў і салдат Чырвонай Арміі аказалі жорсткае супраціўленне нямецкім войскам, якія імкнуліся захапіць крэпасць. Арганізаваная абарона крэпасці вялася адзін тыдзень, на асобных участках баі працягваліся на працягу месяца.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Брэсцкай крэпасці размяшчаліся часткі 6-й і 42-й стралковых дывізій, 17-ы Чырванасцяжны пагранічны атрад, 132-і асобны батальён канвойных войскаў НКУС, часткі акруговага падпарадкавання, ваенныя шпіталі. Пражывала каля 300 сем’яў камандзіраў. Часткі і падраздзяленні не былі разгорнутыя па-баявому і не займалі пазіцый на пагранічных рубяжах. Калі 22 чэрвеня ў 4.15 па крэпасці быў адкрыты артылерыйскі агонь, загінулі сотні байцоў і камандзіраў, былі знішчаны склады, вадаправод, перапынена сувязь, групы ваеннаслужачых гарнізона крэпасці апынуліся адрэзанымі адзін ад аднаго.
Упартае супраціўленне дазволіла раніцай 22 чэрвеня выйсці з крэпасці прыкладна палове асабовага складу, вывесці некалькі гармат і лёгкіх танкаў, эвакуіраваць першых параненых. У крэпасці засталося каля чатырох тысяч савецкіх воінаў. Апынуўшыся ў акружэнні, адчуваючы востры недахоп боепрыпасаў, медыкаментаў, харчавання і вады, воіны Брэсцкага гарнізона праявілі выключную стойкасць і мужнасць. Жорсткія, кровапралітныя баі ішлі на ўсіх умацаваннях крэпасці да 30 чэрвеня, калі адбыўся генеральны штурм цытадэлі. Каля
7 тысяч чалавек былі ўзятыя ў палон нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Супраціўленне працягвалі воіны-адзіночкі. Дакладна вядома, што апошнім з іх стаў маёр Пётр Гаўрылаў — ён быў узяты ў палон на 32-ы дзень вайны, 23 ліпеня 1941 года. Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў камандаваў супраціўленнем цэнтральных варот і ўсходняга ўмацавання. Ён настолькі па-майстэрску вёў лінію абароны, што варожай пяхоце ніяк не ўдавалася прарваць яе. Маёр да апошняга стаяў разам з нешматлікімі абаронцамі і стаў апошнім, каго ўзялі ў палон. Быў вызвалены
ў 1945 годзе, праз дзесяць гадоў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Камісар Яфім Фамін з’яўляўся намеснікам камандзіра па палітчастцы ў стралковай дывізіі. У ходзе асады Брэсцкай крэпасці ён абараняў Холмскія вароты цытадэлі. Падчас аднаго з штурмаў немцы захапілі групу салдат, сярод якіх быў цяжка паранены камісар Фамін. 30 чэрвеня расстраляны каля Холмскіх варот. Пасля смерці быў удастоены ордэна Леніна/

Лейтэнант Андрэй Кіжаватаў узначальваў абарону Цярэспальскага ўмацавання. Разам са сваімі салдатамі ён гераічна змагаўся за свабоду крэпасці, але быў цяжка паранены. Праз 7 дзён пасля пачатку асады ён застаўся каля заходніх варот, каб прыкрыць баявых таварышаў падчас нападу і быў забіты.
У 1943 годзе ўсю яго сям’ю, уключаючы жонку і дзяцей, фашысты расстралялі.
Сцены крэпасці сталі палатном для шматлікіх пасланняў, пакінутых салдатамі ў апошнія хвіліны перад гібеллю. Самым вядомым з іх стаў надпіс: «Я паміраю, але не здаюся».
Паўгадзіны расцягнулі на восем
У Гродне подзвіг пагранічнікаў заставы Віктара Усава, якія першымі прынялі ўдар нямецкіх войскаў 22 чэрвеня 1941 года, памятаюць і шануюць гэтак жа, як і подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Пагранічнікі невялікай заставы на мяжы Беларусі, Польшчы і Літвы больш за восем гадзін стрымлівалі першыя ўдары нямецкай арміі і змагаліся да апошняга патрона ў першы дзень Вялікай Айчыннай вайны.
Фашысты добра ведалі колькасць і ўзбраенне застаў, часта сілы варожых войск перавышалі ў 10-20 разоў. У арсенале ў іх былі танкі, самалёты, мінамёты, аўтаматы і кулямёты. У пагранічнікаў у асноўным — вінтоўкі.

Вайна для пагранічнікаў заставы Віктара Усава пачалася каля чатырох гадзін раніцы. Савецкія воіны адбілі 7 нападаў праціўніка, да 12 гадзін дня 22 чэрвеня трымаць абарону ўжо не было каму. Падчас жорсткага бою лейтэнант Віктар Усаў атрымаў пяць сур’ёзных раненняў, але працягваў камандаваць салдатамі. Калі ў яго апусцела абойма, камандзір уставіў запал у ручную гранату і паклаў сабе пад ногі. Перазарадзіць вінтоўку Усаў не паспеў: яго забіла куля ворага, а снарад, які разарваўся побач, абваліў край акопа, і камандзіра засыпала пяском.
Астанкі Віктара Міхайлавіча былі перапахаваныя летам 1952 года, а ў 1965-м яму было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, яго імя сёння носіць адна з пагранічных застаў. Пагранічнікі загінулі, але першымі паказалі нямецкай арміі, што планам аб імгненнай вайне не наканавана спраўдзіцца.
У нашы дні
Сёння ў нашай краіне створана сучасная, мабільная, добра абсталяваная, прафесійная пагранічная служба, якая штодня аператыўна рэагуе на ўсе знешнія выклікі і пагрозы, эфектыўна вырашаючы задачы па ахове дзяржаўнай граніцы і забеспячэнні нацыянальнай бяспекі.
Цяперашняе пакаленне беларускіх пагранічнікаў годна памнажае слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў. Сваёй службай яны робяць прыкметны ўнёсак у рэалізацыю Дзяржаўнай пагранічнай палітыкі, абарону эканамічных інтарэсаў краіны, барацьбу з арганізаванай злачыннасцю на граніцы, а таксама садзейнічаюць развіццю знешнеэканамічных сувязяў нашай краіны.
Падрыхтаваў Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ