Top.Mail.Ru

Што асаблівага ў новай 200-рублёвай купюры? Нацбанк расказаў пра змены

27.05.2026 | 09:20
Прэзентацыя новай банкноты наміналам 200 рублёў, якая выпускаецца ў абарачэнне з 1 чэрвеня 2026 года, прайшла ў Нацыянальным банку, паведамляе БелТА.


Як адзначыў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй КАРТУН, абарона купюры стала яшчэ больш надзейнай:

— Беларускі рубель па праве лічыцца адной з самых абароненых валют у свеце, таму што мы заўсёды выкарыстоўваем самыя перадавыя тэхналогіі, каб абараняць свае банкноты. Захаваны элементы антыкапіравання. Раней ахоўная паласа была тонкая — 2 мм, цяпер — 4 мм. Сышлі некаторыя элементы, замест іх дадалі тактыльныя элементы абароны, іншымі словамі, купюра памянялася навобмацак, з’явіліся шурпатасці.

Акрамя таго, на прасвет малюнак абнавіўся. Да шматтонавага вадзянога знака дададзены дадатковы вадзяны знак-філігрань, які ўяўляе сабой вельмі светлы малюнак наміналу 200. У паперы выкарыстана ўзмацненне краю паперы Іron Frame ўздоўж доўгага боку банкноты. Да таго ж, павялічана зносаўстойлівасць за кошт двухбаковага лакіравання.

— Гэта значыць, што купюра будзе больш устойлівай да зносу, вугалкі будуць менш загінацца. Спадзяёмся, што як мінімум у некалькі разоў павысіцца зносаўстойлівасць, — сказаў намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Факсіміле подпісу былога старшыні праўлення Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча заменена на факсіміле подпісу цяперашняга старшыні Рамана Галоўчанкі. Год узору банкноты — 2009-ы — заменены на год выпуску банкноты ў абарачэнне — 2026-ы. Указана назва намаляванага на банкноце архітэктурнага збудавання: «Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава».

— Не кожны ведае, што на купюры намалявана, таму мы падпісалі, — дадаў Андрэй Картун

Банкноты наміналам 200 рублёў узору 2009 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні, застаюцца законным плацежным сродкам.

— Абнаўленне не азначае, што трэба пазбаўляцца ад старых 200-рублёвых купюр. Яны абедзве будуць свабодна выкарыстоўвацца. Паступова купюры пачнуць замяшчацца. Калі старыя будуць выходзіць са строю і забірацца з абарачэння, будуць дадавацца новыя. Але не трэба бегчы, абменьваць. Нейкі час у чэрвені банкі яшчэ будуць абкатваць новыя купюры, трэба будзе даналадзіць касавае абсталяванне, каб падліковыя машыны ўлоўлівалі пэўныя элементы. Потым банкі будуць загружаць новыя купюры ў банкаматы, і вы паступова пачняце іх бачыць усё часцей, — удакладніў намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Ён таксама звярнуў увагу, што працэс абнаўлення банкнот бясконцы:

— Яны выходзяць са строю, становяцца непрыдатнымі. Мы адбіраем з абарачэння старыя банкноты і мяняем на новыя. Ашуканцы таксама не стаяць на месцы, развіваюцца пэўныя тэхнічныя магчымасці, гэта трэба ўлічваць. Мы адсочваем усе сусветныя трэнды, якія прымяняюцца пры выпуску банкнот.

Новая купюра наміналам 200 рублёў працягне серыю раней абноўленых банкнот наміналамі 5, 10, 20, 50 і 100 рублёў, выпушчаных у абарачэнне ў 2019–2022 гадах.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю