Top.Mail.Ru

Нацыянальныя паркі і заказнікі Беларусі прынялі летась удвая больш замежных турыстаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вызначыў турызм як найважнейшы пункт эканамічнага росту, паставіўшы задачу павялічыць долю галіны ў ВУП краіны да 4,5 % і як мінімум удвая нарасціць яе ўклад у эканоміку. Для рэалізацыі гэтай мэты праводзіцца маштабная работа. Адзін з відаў турызму, які найбольш імкліва развіваецца, — экалагічны. Ва ўсім свеце сёння вызначаецца трэнд на цікавасць да ўнікальных прыродных тэрыторый, на якія так багата наша краіна.


Толькі летась у Беларусі з’явіліся 88 экасцежак і 7 турыстычных маршрутаў, з якіх 12 і 5 адпаведна — на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях.

Галоўныя брэнды

У апошнія дзесяцігоддзі наша краіна дасягнула адчувальных вынікаў у развіцці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ). Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй КАСЦЮК, існуючая ў краіне сістэма ААПТ уключае 1356 аб’ектаў, у тым ліку 1 запаведнік, 4 нацыянальныя паркі, 98 заказнікаў рэспубліканскага значэння і 277 — мясцовага, 317 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння і 659 — мясцовага. Плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый паступова пашыраецца і складае сёння больш як 1,9 млрд гектараў (9,2 % ад агульнай тэрыторыі краіны).

У краіне функцыянуе 289 экалагічных сцежак, з якіх 60 праходзяць па ААПТ і 267 экалагічных маршрутаў (138 на тэрыторыіі ААПТ). Колькасць турыстаў, якія летась пабывалі на ААПТ, склала больш за 195 тыс. чалавек, што ў 1,3 раза больш, чым годам раней. Гэтыя тэрыторыі наведала звыш 219 тысяч замежнікаў — удвая больш, чым у 2024-м.

Турыстычнымі брэндамі, вядомымі далёка за межамі Беларусі, даўно сталі Бярэзінскі біясферны запаведнік і нацпаркі. Прываблівае турыстаў і шэраг заказнікаў, якія функцыянуюць у краіне: «Спораўскі», «Выганашчанскае», «Альманскія балоты», «Асвейскі», «Ельня», «Азёры», «Налібокскі». У кожнага з іх — свая ўнікальная асаблівасць. Напрыклад, у заказніку «Азёры» Гродзенскай вобласці аднавілі вузкакалейную чыгунку, якая пралягае праз тэрыторыю заказніка, тым самым стварыўшы ўнікальны экалагічны маршрут «Запаведны шлях» з экскурсіяй у розных экасістэмах расліннага і жывёльнага свету і ландшафтнай разнастайнасці. Уражвае і ЗD-тур па заказніку, размешчаны на сайце прыродаахоўнай установы. Вялікай папулярнасцю ў беларусаў і гасцей краіны карыстаюцца тэматычныя мерапрыемствы і фестывалі: «Шлях Цмока», «Спораўскія сенажаці», «Асвейскія росы», «Жураўлі і журавіны» і інш.

З’яўляецца і сучасная турыстычная інфраструктура. Сёння на базе 18 ААПТ рэспубліканскага значэння для турыстаў працуе 17 візіт-цэнтраў, 4 эколага-адукацыйныя класы, цэнтр экалагічнага выхавання, адзін навучальна-дэманстрацыйны аб’ект, экатурыстычная база, набываюцца лодкі, веласіпеды і іншы турыстычны інвентар.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту» пасадзейнічаў у развіцці і прасоўванні экатурызму на пілотных ААПТ. Аказана істотная падтрымка па развіцці інфраструктуры 4 пілотным заказнікам: «Чырвоны Бор», «Асвейскі», «Азёры» і «Налібоцкі». У выніку ў параўнанні з 2021 годам, калі праект стартаваў, колькасць турыстаў, якія наведалі названыя заказнікі, і іх даходы ад экатурызму павялічыліся ў 2025 годзе ў 5-7 разоў, адпаведна вырас і іх турыстычны патэнцыял.


Перспектыўным кірункам развіцця экалагічнага турызму з’яўляецца стварэнне трансгранічных маршрутаў. Адзін з іх — трансгранічная ААПТ «Запаведнае Паазер’е». У яе склад з боку Беларусі ўваходзяць рэспубліканскія ландшафтныя заказнікі «Асвейскі» і «Чырвоны бор», а з боку Расіі — Нацыянальны парк «Себежскі». Гэта адзіны прыродны комплекс, які валодае істотнымі рэсурсамі біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці і сур’ёзным патэнцыялам для трансгранічнага экалагічнага турызму.

Што прапануе Міншчына?

У Мінскай вобласці ідэальна спалучаюцца некранутая прырода, развітая інфраструктура і багатая гістарычная спадчына. Яе галоўная прыцягальнасць для экатурызму заключаецца ў крокавай даступнасці запаведных зон ад сталіцы і разнастайнасці экалагічных маршрутаў. Тут знаходзяцца нацыянальны парк «Нарачанскі», заказнікі «Сялява» і «Налібоцкі», частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

Як расказала намеснік старшыні камітэта эканомікі Мінскага аблвыканкама Валянціна АСАДЧЫК, у Лагойскім раёне турыстам прапануюць наведаць экалагічны маршрут «Басаногая сцежка» ў Сілічах. У 2025 годзе адкрыты новы маршрут «Паграбішчанскія крыніцы» — экалагічная сцежка, арыентаваная на наведвальнікаў возера Макоўза. У Бярэзінскім раёне ёсць аграэкалагічны маршрут, які ўключае наведванне комплексу ў вёсцы Вязычын і аграсядзібы ў вёсцы Снуя. Маршрут «Водны паход выхаднога дня» прапануе наведванне аграсядзіб і ўрочышча Кар’ер. У Слуцкім раёне прапануюць экасцежку «Радзівілаўская» працягласцю 2,5 км і веламаршрут «У гасцях у слуцкага Лесавіка».

У Пухавіцкім раёне завяршаецца добраўпарадкаванне экалагічнай сцежкі «Залескі кут» працягласцю 800 м. Прапануюцца экскурсіі па экапарку, вяровачны парк, месцы для палаткавага размяшчэння, сплавы на байдарках па мясцовых рэках. У Барысаўскім раёне знаходзіцца 12 экамаршрутаў. Адзін з самых запатрабаваных — эколага-гістарычны маршрут «Нашчадкі па слядах вайны 1812 года».

Валянціна Асадчык паведаміла, што ў Мінскай вобласці ўжо створана больш за 150 турыстычных маршрутаў, у стадыі распрацоўкі знаходзяцца 19 напрамкаў. У пералік інвестыцыйных праектаў «Турыстычны патэнцыял» уключаны 24 праекты агульным коштам звыш 200 мільёнаў рублёў са стварэннем больш за 450 працоўных месцаў. Іх рэалізацыя дасць імпульс для развіцця турызму, перш за ўсё за кошт стварэння сродкаў размяшчэння і спадарожнай інфраструктуры.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю