Зараз плошча зямель ляснога фонду складае больш за 9,7 млн га, або 40,2 % ад агульнай тэрыторыі краіны. У валоданні Міністэрства лясной гаспадаркі знаходзіцца 89 % плошчаў, астатнія замацаваны за іншымі лесафондатрымальнікамі.
Аднаўленне лесу ў першую чаргу адбываецца на тэрыторыях, якія падвергліся вырубкам, стыхійным бедствам або хваробам. Таксама яно накіравана на захаванне біялагічнай разнастайнасці генетычнага фонду лясных масіваў і падтрыманне лясістасці, якая ў Беларусі складае 40,5 %.
Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Віктар ЗВЯРТОЎСКІ, у сістэме ведамства функцыянуе 77 лясных гадавальнікаў. Штогод тут вырошчваецца ад 300 да 350 млн саджанцаў. Нават ёсць трэнд на пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай. Гэтыя саджанцы маюць шэраг пераваг: больш высокую прыжывальнасць, інтэнсіўны рост ужо ў першы год пасля пасадкі, меншую патрэбнасць у далейшым доглядзе. Летась вырашчана звыш 38,6 млн штук такога пасадачнага матэрыялу.

— Для яго ўкаранення функцыянуюць чатыры цэнтры са спецыялізаванымі цяплічнымі комплексамі: Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр, Глыбоцкі і Івацэвіцкі доследныя лясгасы і Магілёўскі лясгас. У аўтаматычным рэжыме адбываецца набіўка грунту для высеву насення, існуе камп’ютарны кантроль мікраклімату. Пасадачны матэрыял захоўваецца ў спецыяльных халадзільных камерах, — патлумачыў эксперт.
У 2025 годзе лесааднаўленне і лесаразвядзенне ў Беларусі праведзена на плошчы амаль 36,2 тысячы га: 97 % пасаджаных лясных культур складаюць іглічныя. І з’явіцца новы лес!
Самая адказная пара для лесаводаў — вясна. У гэты час закладваецца асноўны аб’ём будучых лясоў. Сёлета вынікі сезона ўражваюць: у краіне ўжо створана
18,5 тыс. га лясных культур, або пасаджана каля 100 млн дрэў. Пры гэтым гадавы план складае 19 тыс. га — так што значная частка работы ўжо паспяхова выканана. Больш за палову новых лясных насаджэнняў з’явілася ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Значны ўнёсак у аднаўленне лясоў робяць грамадзяне. Так, у традыцыйнай акцыі «Лес! Дабро! Парадак!» удзельнічала звыш 58 тыс. чалавек. Паводле слоў прадстаўніка Мінлясгаса, агульнымі намаганнямі не толькі створана больш за 3 тысячы га новых лясоў і праведзены дадатак лясных культур на плошчы больш за 2 тыс. га, але і ўбрана каля 1,5 тыс. м3 смецця. Акрамя таго, прыведзена ў парадак звыш 250 абеліскаў і воінскіх пахаванняў, закладзена 30 новых алей.

— Відавочна, цікавасць грамадзян да захавання лесу расце, — адзначыў Віктар Звяртоўскі. — Аднак важна памятаць: лес высаджваецца толькі на спецыяльных участках па строга вывераных праектах.
Вынікі вясновага лесакультурнага сезона маюць вялікае значэнне не толькі для ацэнкі эфектыўнасці лесагаспадарчай дзейнасці і выканання планаў па лесааднаўленні, але і для захавання біяразнастайнасці, абароны зямель ад эрозіі і забеспячэння рэсурснага патэнцыялу будучых пакаленняў.
Александрына ПАРШЫНА