Top.Mail.Ru

Як беларускія хімікі забяспечваюць тэхналагічны суверэнітэт краіны

Апошнюю нядзелю мая ў Беларусі па праве лічаць сваёй усе, хто працуе ў хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, а таксама выкладчыкі, студэнты і выпускнікі профільных факультэтаў краіны. У 2026 годзе Дзень хіміка прыпадае на 31 мая. Пра ўнёсак беларускіх вучоных у развіццё хімічнай галіны нашай краіны даведалася карэспандэнт газеты «Звязда».


Новыя тэхналогіі для прамысловасці

Хімічная галіна была і застаецца адной з самых складаных і эканамічна значных у краіне. Менавіта тут, на стыку навукі і вытворчасці, ствараецца прадукцыя, без якой цяжка ўявіць сучаснае жыццё, — ад угнаенняў для палёў да матэрыялаў для прамысловасці і тавараў народнага спажывання.

У цэнтры ўвагі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук — стварэнне новых тэхналогій паглыбленай перапрацоўкі мінеральнай і тэхнагеннай сыравіны, адзначыў намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце, кандыдат хімічных навук Аляксандр РАЦЬКО. За апошнія некалькі гадоў у рамках выканання міжнародных кантрактаў распрацаваны шэраг прамысловых працэсаў, звязаных з перапрацоўкай полімінеральных руд складанага саставу. У іх ліку — тэхналогія галургічнага атрымання бясхлорных калійных угнаенняў.

Актыўна вядуцца работы і па ўзбагачэнні цяжкаўзбагачальных руд, перш за ўсё фасфатных і калійных. У гэтым кірунку інстытут цесна супрацоўнічае з расійскімі партнёрамі. Акрамя таго, распрацавана тэхналогія атрымання сульфату калію для выкарыстання ў сістэмах кропельнага паліву. Першыя ўзоры ўжо апрабавалі некалькі беларускіх прадпрыемстваў, і, паводле слоў Аляксандра Рацько, вынік выклікае аптымізм.


— Таксама ў нашым інстытуце распрацавана тэхналогія атрымання высакачыстага мелу для патрэб цэлюлозна-папяровай прамысловасці, вытворчасці лакафарбавых матэрыялаў і керамічных вырабаў. Праведзенымі папярэднімі даследаваннямі было паказана, што мелы, якія цяпер распрацоўваюцца ў беларускіх радовішчах, маюць нерастваральны забруджвальны астатак, які з’яўляецца асноўнай перашкодай для далейшага выкарыстання іх у розных галінах прамысловасці. Аднак у нашым інстытуце была распрацавана прамысловая тэхналогія ачысткі і атрыманы станоўчыя заключэнні ад шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Цяпер вырашаецца пытанне аб будаўніцтве вытворчасці.

Лепш за імпартныя аналагі

Дарэчы, беларускія хімікі не толькі закрываюць патрэбнасці ўнутранага рынку, але і ўпэўнена заяўляюць аб сабе за мяжой. Прадукцыя айчынных вытворцаў запатрабавана ў іншых краінах свету, што пацвярджае высокі ўзровень кампетэнцый і канкурэнтаздольнасць галіны.

Напрыклад, гонар Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук — валакністыя іонаабменныя матэрыялы, якія сёння не вырабляюцца больш нідзе. Іх адметныя асаблівасці — устойлівасць, магчымасць вырабу ў розных тэкстыльных формах, стварэнне фільтравальных картрыджаў, што вельмі зручна для выкарыстання ў буйных устаноўках вода- і паветраачысткі.


— З апошніх распрацовак — матэрыял для ачысткі паветра чыстых пакояў. Нягледзячы на санкцыйную палітыку, у апошнія гады мы працягваем актыўна пастаўляць гэты матэрыял у Германію, — канстатуе намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат хімічных навук Таццяна НЕВАР. — Гэта адзіны матэрыял, з якога можна вырабляць буйныя эфектыўныя ўстаноўкі для ачысткі паветра чыстых пакояў.
Мадыфікаваная версія гэтага ж матэрыялу цяпер актыўна тэсціруецца на «Інтэграле». Па словах Таццяны Невар, ён паказвае нават лепшыя вынікі, чым імпартныя аналагі: раней на «Інтэграле» для ачысткі паветра ад кіслотных забруджванняў выкарыстоўвалі еўрапейскія матэрыялы.

Унікальныя лекі ад цяжкіх хвароб

Але, як адзначыла Таццяна Невар, асноўны кірунак дзейнасці Інстытута фізіка-арганічнай хіміі сёння — распрацоўка лекавых субстанцый і прэпаратаў на іх аснове для тэрапеўтычнага прызначэння. У прыватнасці, цяпер у рабоце знаходзяцца два арыгінальныя прэпараты, аналагаў якіх у свеце не існуе. Адзін з іх створаны на аснове цыклапептыду, і ён паказаў высокую эфектыўнасць у даклінічных даследаваннях супраць раку лёгкага.


— Мы ўскладаем вялікія надзеі на гэты прэпарат і спадзяёмся, што клінічныя выпрабаванні, якія пачнуцца сёлета, пакажуць добрыя вынікі, — гаворыць Таццяна Невар. — Прэпараты на аснове пептыдаў маюць менш пабочных эфектаў, чым многія прэпараты цытастатычнага дзеяння, што сёння выкарыстоўваюцца для гэтых мэт.

Актыўна развіваецца і кірунак геннай тэрапіі, у тым ліку рэалізуецца праект па распрацоўцы лекавых прэпаратаў супраць цяжкіх генных захворванняў.
— Гэта прэпарат для лячэння мукавісцыдозу, які забірае жыцці маленькіх дзяцей. Ён невылечны, а курс тэрапіі каштуе да некалькіх дзясяткаў мільёнаў долараў, — падкрэслівае Таццяна Невар. — Магчыма, з часам такія прэпараты атрымаецца выпускаць, і такім чынам забяспечваць патрэбы ў ім не толькі ў нашай краіне, але і выходзіць на экспарт.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю