Top.Mail.Ru

Як у ДАЛ «Касмадром» рыхтаваліся да прыезду дзяцей

Гады ідуць, часы імкліва мяняюцца, а любоў хлопчыкаў і дзяўчынак да адпачынку ў дзіцячых аздараўленчых лагерах не памяншаецца. У гэтым годзе ў Гродзенскай вобласці плануюць аздаравіць у летні перыяд 2026 года 50 716 дзяцей. У лагерах з кругласутачным знаходжаннем будуць адпачываць 21 628 чалавек, а ў лагерах з дзённым знаходжаннем — 29 174. У 26 стацыянарных лагерах, якія будуць працаваць у некалькі змен, адпачнуць 16 000 дзяцей. Традыцыйна працягнуць работу профільныя лагеры для адораных дзяцей, такія як «Навука», «Валанцёр — лідар» і «Піянер — лідар».

Карэспандэнт «Звязды» напярэдадні заезду зазірнула ў ДАЛ «Касмадром», каб даведацца, як там будуць адпачываць нашы юныя грамадзяне гэтым летам.

Прыгожа і ўтульна

Лагер размешчаны ў маляўнічым месцы сярод соснаў. Па ўсёй тэрыторыі — прыемная мітусня: ішла апошняя падрыхтоўка перад тым, як «Касмадром» напоўніцца дзіцячым смехам.

Усюды ідэальны парадак, зелянеюць стрыжаныя лужкі, клумбы стракочуць кветкамі — іх трапятліва падбірала дырэктар лагера Алена НАГОРАВА. Не менш адказна яна выбірала каляровую гаму для памяшканняў: кажа, хацелася дадаць больш святла.


Жылыя карпусы, сталовая і іншыя памяшканні былі прыведзены ў парадак: усё пафарбавана, адрамантавана электрычнае і сантэхнічнае абсталяванне. Агульная сума, накіраваная на гэтыя і іншыя задачы, перавышае 65 тысяч рублёў. З іх 30 тысяч складаюць сродкі раённага бюджэту, крыху больш за 8,5 тысячы рублёў — сродкі рэспубліканскага бюджэту, а астатняя частка — спонсарскія і пазабюджэтныя паступленні. Асаблівую ўвагу ўдзялілі клубу: быў зроблены рамонт, зала стала ўтульнай і абноўленай. А галоўнае — пячное абсталяванне дэмантавалі і замянілі столь.

— Усталявалі новыя жалюзі і маскітныя сеткі. На кухні з’явіліся два новыя вытворчыя халадзільнікі, увесь посуд і кухонны інвентар былі абноўлены, у цэлым на харчаблок пайшло 12 тысяч рублёў. Прыемным сюрпрызам стала новая альтанка, якую падарылі лагеру. Мы падрыхтаваліся да прыёму дзяцей і з пункту гледжання бяспекі і камфорту. Праведзена апрацоўка ад насякомых, — расказвае дырэктар.

Алена Нагорава правяла мяне па карпусах. Падчас экскурсіі я звярнула ўвагу на тое, што ў памяшканнях халаднавата. Але тут жа мне паказалі электрычныя абагравальнікі: зусім хутка іх уключаць. Усе пакоі акуратныя, ёсць вялікія шафы для захоўвання рэчаў, санвузлы. У распараджэнні лагера медпункт, у якім кругласутачна дзяжурыць медсястра.

Распісана кожная хвіліна

Адпачывальнікаў чакаюць прыгожая мясцовасць і свежае паветра, разнастайныя мерапрыемствы, паездкі і незабыўныя ўражанні. У гэтым годзе ў лагеры плануецца правесці пяць змен, і ў кожнай з іх будзе свой кірунак. Выхавальнікі распрацоўваюць планы выхаваўча-аздараўленчай дзейнасці, каб зрабіць адпачынак дзяцей цікавым і разнастайным.


— Першая змена — ваенна-патрыятычная, — працягвае Алена Нагорава. — Арганізаваны ваенна-палявыя зборы для юнакоў дзясятых класаў і медыцынская практыка для дзяўчат-дзесяцікласніц. Дзяцей чакаюць 60 гадзін заняткаў. Акрамя таго, мы цесна супрацоўнічаем з пагранічнікамі, супрацоўнікамі МНС, МУС, яны прыязджаюць да нас з рознымі інфармацыйнымі мерапрыемствамі. Арганізоўваем для дзяцей экскурсіі і ў цэлым напаўняем кожны дзень нечым цікавым.
Пацікавілася ў дырэктара, чаму, на яе думку, адпачынак у дзіцячых аздараўленчых лагерах не страчвае сваёй папулярнасці. І гэта пры тым, што тэлефонамі на тэрыторыі лагераў карыстацца нельга.

— Дзецям проста няма калі глядзець у тэлефон. Яны будуць жыць па рэжыме, дзе ў іх распісана кожная хвіліна. Будуць занятыя атраднымі мерапрыемствамі, спартыўнымі і іншымі актыўнасцямі. Усе знаёмяцца, сябруюць, атрымліваюць асалоду ад прыроды, — тлумачыць Алена Нагорава.

Усяго за лета ў «Касмадроме» адпачнуць 600 дзяцей, многія з іх вяртаюцца з году ў год і растуць на вачах у супрацоўнікаў лагера. На мой погляд, выдатна, што ёсць такі адпачынак для дзяцей. Прырода, лясное паветра, а галоўнае — мора жывых зносін!

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ,
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю